Прачытаў у фэйсбуку паэта Анатоля Івашчанкі цытату з расейскага пісьменьніка Дзьмітрыя Быкава пра Алега Сянцова: мы, маўляў, у гэтай справе ўсе саўдзельнікі. «Высновы і кантэкст — цалкам пасуюць і нашым варункам» — рэзюмуе Анатоль.
Мне даводзілася падпісваць пратэст беларускага ПЭН-цэнтру ў справе Сянцова і зараз я літаральна спатыкнуўся аб фразу Быкава: «Хто не пратэстуе, той падпісваецца». Маецца на ўвазе, падпісваецца ў злачынстве бязьдзейна глядзець, як памірае Сянцоў. Бо з часу таго майго подпісу мяне не адпускаюць думкі пра салідарнасьць. Якая яна рэальная?
«Гэта ўсё робіцца, каб пераканаць — ніякіх правілаў няма», — піша Быкаў. І далей: мы саўдзельнікі, я саўдзельнік, бо нічога не раблю.
Калі не зьвяртаць увагі на некаторую ўнутраную прыемнасьць у гэтым лёгкім самабічаваньні, дык у голай рэшце застанецца прызнаньне, што — так, ніякіх правілаў няма. Бо рэальная салідарнасьць і ёсьць правіла.
Менавіта рэальная, гэта значыць, з рэальнымі вынікамі. Не карыкатурнае самаспаленьне, пра якое піша Быкаў як пра «альтэрнатыву» свайму-нашаму саўдзельніцтву, а, скажам, такое журналісцкае і пісьменьніцкае выказваньне, якое паўплывае на грамадзкую думку і якога чакае ад Быкава публіка. Не самабічаваньня.
Да чаго я гэта кажу. Салідарнасьць у самабічаваньні — даўняя расейская традыцыя. Бо «ніякіх правіл няма». Але можна прывесьці сотні прыкладаў рэальнай салідарнасьці беларускай. Хоць бы і той розгалас, які быў узьняты ў справе Белага легіёну. То бок, у нас, беларусаў, няма падставаў быць перакананымі, што «ніякіх правіл няма». У нас складаная сытуацыя (варункі, як піша Анатоль), але яна цалкам іншая. Спакуса аб’ядноўваць яе з расейскай — ускосны вынік ідэалягічнага прэсінгу пра адну гісторыю, адну культуру, адну мову, адзін народ... Але дастаткова найменшага паглыбленьня ў тэму, каб убачыць, што наша гісторыя абсалютна іншая, што правілы заўсёды былі і ёсьць, як і рэальная салідарнасьць, разьлічаная на рэальны вынік.
Магчыма, гэта самае галоўнае, што нам трэба ўсьведамляць ва ўмовах зьнешне «такой самай» прарасейскай гэбісцкай улады. Калі нацыя — гэта супольны лёс, дык гэты лёс у беларусаў цалкам іншы, чым у расейцаў. І ў сярэднявеччы, і ў часы вялікіх паўстаньняў, і нават у мінулую вайну. Гэты лёс і ёсьць кантэкст, які патрабуе зусім іншых высноваў.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.