ЗША скарачаюць да мінімуму фінансавую дапамогу Палестынскай аўтаноміі

Палестынскія пратэстоўцы паляць амэрыканскі сьцяг пасьля абвяшчэньня аб рашэньні прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа прызнаць Ерусалім сталіцай Ізраілю.

Злучаныя Штаты могуць канчаткова спыніць фінансавую дапамогу Палестынскай аўтаноміі. Пра гэта паведамляе Нацыянальнае грамадзкае радыё ЗША са спасылкай на афіцыйныя крыніцы.

Эканамічная дапамога ў памеры 251 мільёны долараў была прыпыненая ў адказ на крытыку з боку Палестынскай адміністрацыі рашэньня прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа афіцыйна прызнаць Ерусалім сталіцай Ізраілю.

Тады ж Вашынгтон замарозіў перадачу трохсот мільёнаў даляраў камітэту ААН па справах палестынскіх бежанцаў.

«Мы ахвяруем на карысьць палестынцаў сотні мільёнаў даляраў штогод і ня маем за гэта ад іх ні падзякі, ні павагі», — напісаў тады Трамп ў твітэры.

Паведамляецца, што днямі на падчас кансультацыі дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо і дарадцы Трампа па Блізкім Усходзе Джарэда Кушнэра было вырашана зьвесьці да мінімуму трансфэрты палестынцам да канца бягучага фінансавага года.

З-пад эмбарга выведзеныя сродкі, прызначаныя для палестынскіх сілавых структур, якія супрацоўнічаюць з Ізраілем, каб гарантаваць бясьпеку на Заходнім беразе Ярдану. 25 мільёнаў даляраў будуць перададзеныя бальніцам ва Ўсходнім Ерусаліме, якія абслугоўваюць галоўным чынам арабскіх пацыентаў.