«Пэўныя складанасьці» ў працы над праектам беларуска-расейскага міжурадавага пагадненьня аб узаемным прызнаньні візаў «абумоўленыя не адсутнасьцю палітычнай волі з таго ці іншага боку, а вялікай колькасьцю тэхнічных нюансаў».
Пра гэта гаворыцца ў адказе Міністэрства замежных спраў Расеі на запыт Свабоды пракамэнтаваць увядзеньне Беларусьсю 30-дзённага бязьвізу для замежнікаў.
«Трэба мець на ўвазе, што рэжымы ўезду ў Расею і Беларусь для грамадзян значнай колькасьці замежных дзяржаў не супадаюць. Расея, да прыкладу, заключыла больш пагадненьняў аб бязьвізавых паездках. Неабходна таксама адпрацаваць парадак інфармацыйнага абмену паміж кампэтэнтнымі ведамствамі нашых краін», — гаворыцца ў адказе МЗС Расеі.
Паводле расейскага МЗС, «вялікай падмогай» у працы над дакумэнтам стала падпісанае ў траўні міжурадавае пагадненьне аб уезьдзе замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на міжнародныя спартовыя мерапрыемствы.
Яно дазволіла замежнікам, якія мелі пашпарт заўзятара, праехаць бязь візы празь Беларусь і расейска-беларускую мяжу на чэмпіянат сьвету па футболе. Расея аналягічна паспрыяе беларускаму боку падчас Другіх Эўрапейскіх гульняў у 2019 годзе.
Паводле расейскага МЗС, праца над праектам пагадненьня аб узаемным прызнаньні візаў ідзе згодна з плянам мерапрыемстваў па фармаваньні адзінай міграцыйнай прасторы, прынятым у чэрвені 2017 году.
Ужо праведзена некалькі раундаў кансультацый, чарговыя расейскі бок разьлічвае правесьці сёлетняй восеньню.
Беларусь не дазволіла бязьвізавы транзыт футбольных заўзятараў да канца году, на які разьлічвала Расея
Начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун сказаў 1 чэрвеня, што Беларусь і Расея плянуюць у верасьні працягнуць кансультацыі адносна пагадненьня аб узаемным прызнаньні візаў.
Паводле Бегуна, «пагадненьне не адкладзена на далёкую паліцу, праца над ім па-ранейшаму ідзе». Застаецца яшчэ шэраг пытаньняў, якія патрабуюць дадатковага ўзгадненьня і рэглямэнтацыі з абодвух бакоў, паведамляе БелТА.
Забарона дзейнічала 2 гадзіны. На беларуска-расейскай мяжы іншаземцаў заварочваюць эпізадычна
Раней расейскі лягістычны сайт Logirus паведаміў, што з 1 жніўня спыняецца пропуск грамадзян трэціх краін празь мяжу Расеі зь Беларусьсю.
Супрацоўнікі расейскай памежнай службы пры перасячэньні расейска-беларускай мяжы папярэджвалі кіроўцаў пра новыя правілы ўезду з 1 жніўня гэтага году. Пра гэта Свабодзе сказаў прадстаўнік расейскай Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў Яўген Анціпаў.
Аднак 1 жніўня, як казалі кіроўцы на беларуска-расейскай мяжы, забарона дзейнічала толькі дзьве гадзіны.
«Потым прыйшоў факс, і яе адмянілі», — сказаў кіроўца.