Галоўную рэдактарку інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Ірыну Леўшыну вызвалілі 10 жніўня пасьля допыту ў Сьледчым камітэце.
На 30 хвілін раней на волю выйшаў журналіст Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі, перад гэтым яго таксама дапыталі ў СК.
Журналістку затрымалі 9 жніўня па справе аб «несанкцыянаваным доступе» да платнай падпіскі БелТА. Пазьней у гэты ж дзень Сьледчы камітэт заявіў аб вызваленьні рэдактарак Tut.by і «іншых асоб» затрыманых па гэтай справе.
9 жніўня на волю выйшлі галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава, а таксама Галіна Ўласік, Ганна Калтыгіна і Ганна Ермачонак з Tut.by, рэдактар сайту газэты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў і журналістка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Тацяна Каравянкова.
Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць
- Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
- 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
- Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
- 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
- Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
- Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
- Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс
- У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.