Грэцыя — Расеі: мы ня будзем цярпець спробы падкупіць нашых службоўцаў

Расейскія і грэцкія сьцягі перад прылётам ў аэрафорт Афінаў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна 27 траўня 2016 году

Міністэрства замежных спраў Грэцыі выступіла з заявай з нагоды высылкі грэцкіх дыпляматаў з Расеі.

У заяве гаворыцца, што расейскае рашэньне не грунтуецца ні на якіх доказах, у адрозьненьне ад ранейшага рашэньня Грэцыі выслаць двух расейскіх дыпляматаў, я яшчэ дваіх не пусьціць у краіну.

«Мы хочам нагадаць нашым расейскім сябрам, што ніводная краіна ў сьвеце ня будзе цярпець спробы: a) падкупіць дзяржаўных службоўцаў, b) падарваць яе замежную палітыку, c) умешвацца ў яе ўнутраныя справы.

У заяве адзначаецца, што расейска-грэцкія адносіны пагаршаюцца ад часу як Расея «пачала змагацца як таварыш па зброі разам з Турэччынай».

​6 жніўня расейскае Міністэрства замежных спраў паінфармавала амбасадара Грэцыі Андрэаса Фрыганаса пра высылку з Расеі грэцкіх дыпляматаў. Пра гэта паведамілі на сайце ведамства.

«Люстраныя меры» ў дачыненьні да грэцкай боку былі прынятыя пасьля таго, як у ліпені з Грэцыі былі высланы двое супрацоўнікаў расейскай дыпляматычнай місіі. Яшчэ дваім быў забаронены ўезд у краіну. Дыпляматаў абвінавацілі ў спробе збору інфармацыі, а таксама подкупе дзяржаўных чыноўнікаў. Грэцкія ўлады разглядаюць гэта як пагрозу нацыянальнай бясьпецы.

Паводле інфармацыі агенцтва Reuters, расейскія дыпляматы спрабавалі сарваць пагадненьне паміж Грэцыяй і Македоніяй. Краіны не маглі дамовіцца аб перайменаваньні былой югаслаўскай рэспублікі амаль трыццаць гадоў. Новае пагадненьне адкрывае Македоніі шлях у NATO і Эўразвяз. Крыніца Reuters у МЗС Грэцыі пацьвердзіла гэтую інфармацыю.