Reuters: Расея хоча абмежаваць пастаўкі паліва ў Беларусь і прыпыніла крэдыты

Расея прыпыніла выдачу крэдытаў Беларусі і мае намер абмежаваць Менску бяспошлінныя пастаўкі нафтапрадуктаў і звадкаванага газу з чацьвёртага кварталу 2018 году, спасылаючыся на страты свайго бюджэту, паведамляе Reuters.

Пра гэта сьведчаць пратакол зьменаў да двухбаковай міжурадавай дамовы і тлумачальная запіска Белнафтахіму, копіямі якіх валодае Reuters.

Масква мае намер адмовіць Менску ў чарговых крэдытных траншах Эўразійскага фонду, які кантралюе Расея, а таксама ня дасьць дзяржаўнага крэдыту на 2019 год.

«Расейскі бок ініцыяваў спыненьне практыкі бесьперашкоднага вывазу з Расейскай Фэдэрацыі ў Рэспубліку Беларусь нафтапрадуктаў, матывуючы гэта стратамі расейскага бюджэту ва ўмовах павелічэньня аб’ёму іх вывазу», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да пратакола зьменаў міжурадавай дамовы намесьніка старшыні Белнафтахіму Андрэя Рыбакова.

Па гэтай прычыне «часова заблякаванае пералічэньне Беларусі двух траншаў крэдытнай лініі ЭФСР (Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця), у ліпені 2018 году прыпыненая выплата па так званым мэханізьме „ператаможкі“, а таксама прыпыненая праца па прадстаўленьні Беларусі дзяржкрэдыту да $1 мільярда у 2019 годзе».

У дакумэнце адзначаецца, што Расея чакае кампэнсацыі за пастаўленыя раней у Беларусь нафтапрадукты.

«Аднаўленьне далейшага супрацоўніцтва... расейскі бок увязвае з вырашэньнем пытаньня па ўсталяваньні забароны на вываз нафтапрадуктаў з Расеі ў Беларусь і кампэнсацыі страт расейскага бюджэту за раней вывезеныя нафтапрадукты», — адзначаецца ў запісцы Рыбакова.

Крыніца ва ўрадзе Расеі пацьвердзіла Reuters, што Масква заклапочаная ростам паставак нафтапрадуктаў у Беларусь, ад якога пакутуе расейскі бюджэт.

«Вырасьлі пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь... Паколькі гэта бяспошлінныя пастаўкі — для Расеі гэта выпадаючыя прыбыткі. Цяпер ідзе дыскусія, каб унесьці нейкія абмежавальныя меры для таго, каб гэтую сытуацыю выключыць», — адзначыла крыніца.

Крыніца ў фінансавых колах, знаёмая з ходам перамоваў, сказала, што пералічэньне траншаў было прыпыненае з прычыны «новых рознагалосьсяў паміж Расеяй і Беларусьсю па нафце і газу».

Лукашэнка: «Расейцы паводзяць сябе па-барбарску ў адносінах да нас»

Аляксандар Лукашэнка падчас паездкі ў Гомель 10 жніўня 2018 году.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка папракнуў Расею ў нядобрасумленнай канкурэнцыі і невыкананьні абавязаньняў у рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу. Пра гэта ён заявіў сёньня, наведваючы ААТ «Гомсельмаш», піша БелТА.

«Я хачу захаваць „Гомсельмаш“. У нас цяпер цяжкі пэрыяд — расейцы паводзяць сябе па-барбарску ў адносінах да нас, публічна пра гэта кажу. Яны ад нас патрабуюць чагосьці, як быццам мы васалы ў іх, а ў рамках ЭАЭС, куды яны нас запрасілі, яны выконваць свае абавязаньні не жадаюць. Вось яны і ствараюць неканкурэнтную сытуацыю», — заявіў ён.

Лукашэнка адзначыў, што ў Расеі папракаюць амэрыканцаў і Захад у стварэньні «неканкурэнтнай перавагі».

«А самі ж яны для нас такія ж неканкурэнтныя ствараюць умовы. Гэта яшчэ тэма нашай размовы з прэзыдэнтам Расеі. Але мы павінны працаваць у тых умовах, у якіх сёньня існуем», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

***

Міністэрства фінансаў Беларусі адмовілася ад камэнтароў, Міністэрства фінансаў і энэргетыкі Расеі таксама ня сталі камэнтаваць сытуацыю.

Эўразійскі фонд ухваліў крэдыт Беларусі на $2 мільярды ў 2016 годзе. На гэты час Менск атрымаў пяць траншаў на $1,6 мільярда і разьлічваў атрымаць шосты транш на $200 мільёнаў у канцы 2017 году, і сёмы, на тую ж суму, у першым квартале 2018 году. Аднак фонд адклаў выдачу шостага траншу праз тое, што, на яго думку, Беларусь ня выканала яго ўмовы.

У 2017 годзе Расея і Беларусь дамовіліся пра пастаўкі ў адрас Белнафтахіму 24 мільёнаў тон нафты ў год у рамках індыкатыўна балянсу, зь якіх фактычна пастаўляецца 18 мільёнаў тон нафты, а за недапастаўленыя 6 мільёнаў тон Масква абавязалася кампэнсаваць Менску выпадаючыя прыбыткі ад экспартнай пошліны, згодна з разьліковым мэханізмам, які носіць назву «ператаможка». Асноўнай умовай кампэнсацыйных выплат было вяртаньне даўгоў Маскве за пастаўкі газу, якія неаднаразова затрымліваліся, кажуць крыніцы Reuters.