Кіеўскі раённы суд Палтавы 10 жніўня закрыў крымінальную справу супраць мэра Харкава Генадзя Кернэса і двух яго ахоўнікаў. Генэральная пракуратура Ўкраіны вінаваціла іх у выкраданьні чалавека, катаваньнях і пагрозе забойствам двум жыхарам Харкава, актывістам Эўрамайдану.
«Справа супраць Генадзя Кернэса і двух яго ахоўнікаў закрытая», — абвясьціў у пятніцу рашэньне суду судзьдзя Андрэй Антонаў. Судзьдзя патлумачыў, што рашэньне прынятае ў сувязі з адкліканьнем Генэральнай пракуратурай абвінаваўчага заключэньня.
Кернэс пасьля абвяшчэньня рашэньня сказаў журналістам, што справа «рассыпалася» і пракуратура не змагла даказаць яго віны. «Доказаў у суду не былі», — заявіў ён.
Your browser doesn’t support HTML5
У 2014 годзе ў Харкаве праходзілі масавыя пратэстныя акцыі. Актывісты Эўрамайдану патрабавалі адстаўкі Кернэса. 25 студзеня 2014 году невядомыя напалі на ўдзельнікаў шэсьця Эўрамайдану ў Харкаве. У той жа дзень тагачасны дэпутат Харкаўскага абласнога савету Іван Варчанка заявіў пра выкраданьне двух актывістаў. Паводле адной з вэрсій, яны здымалі на відэа нумары машын сяброў Кернэса каля гатэлю «Нацыянальны», дзе жыў мэр.
«Аўтамабілі былі без нумароў або былі з расейскімі нумарамі, у нас узьнікла здагадка, што там абмяркоўваюць, як спыняць Эўрамайдан. Мы спрабавалі зьняць гэта на відэа, за намі пачалася пагоня. Мяне ў выніку пагоні злавілі. Яны мяне зацягнулі ў машыну, адвезьлі на задні двор гатэлю і там пачалі дапытваць. Пастаянна рэгулярна білі, то па твары, то па тулаве», — распавядаў пра здарэньне актывіст Эўрамайдану Аляксандр Куцянін.
Паводле словаў Аляксандра, крыху пазьней ахова Кернэса злавіла і другога актывіста, і яго таксама пачалі катаваць. Прычым, як запэўніваюць эўрамайданаўцы, Кернэс прымаў у гэтым працэсе непасрэдны ўдзел.
«У выніку атрымаў пералом носа і пагрозу, што мяне вынесуць нагамі наперад, калі хаця б кропля крыві ўпадзе на дыван», — успамінаў актывіст Эўрамайдану Сяргей Рапалаў.
2 сакавіка 2015 году Кернэсу і двум яго ахоўнікам былі выстаўленыя абвінавачаньні ў незаконным пазбаўленьні волі або выкраданьні чалавека, катаваньнях і пагрозе забойствам. Сам Кернэс і яго ахоўнікі не прызнавалі сябе вінаватымі. Мэр называў заказчыкам крымінальнай справы супраць яго свайго даўняга апанэнта, кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Арсэна Авакава.