На працэсе ў справе аб сьмерці салдата пачаўся допыт саслужыўцаў. Усе яны прызнаныя пацярпелымі, у залі 22 чалавекі, яшчэ каля дзясятка салдатаў у суд не прыйшлі. Цытуем фрагмэнты зь іхнага допыту пракурорам, а таксама ўрыўкі паказаньняў, дадзеных падчас сьледзтва.
Пацярпелы Андрэй Сівуха:
«Я атрымліваў па шыі. На пастраеньні гэта здарылася, за тое, што меў неакуратную прычоску. Два ўдары было. Больш не прыгадаю нічога. Яшчэ аднойчы ўначы нас паднялі сяржанты і загадалі надзець супрацьгазы, а пасьля адціскацца ад падлогі. Ня памятаю, як доўга мы адціскаліся. Мне падабалася гэта, я нармальна ўспрымаў, нармальна паставіўся. Грошай сяржантам я не даваў, прадукты ім не набываў. Свайго сяржанта Скуратовіча характарызую станоўча».
Суд у справе Коржыча: Гвалт і вымаганьне ў дачыненьні да загінулага салдата прымяняліся 16 разоў
Пацярпелы таксама сказаў, што пра Коржыча ведае мала і блізкіх стасункаў зь ім не падтрымліваў. Згодна з матэрыяламі сьледзтва, на допыце ў Сьледчым камітэце Сівуха расказваў, што Коржыч аддаў свой тэлефон сяржанту Бараноўскаму і той ім карыстаўся. Таксама, паводле Сівухі, «сяржант Бараноўскі практычна кожны дзень наносіў удары салдатам нагой, прымушаў адціскацца ад падлогі ў супрацьгазах».
У паказаньнях Сівухі, дадзеных падчас сьледзтва, таксама ёсьць згадкі аб практыцы выкупу магчымасьці карыстацца мабільнымі тэлефонамі за 20-40 рублёў. Акрамя гэтага, Сівуха расказваў сьледчым пра чуткі, згодна зь якімі Аляксандар Коржыч плаціў сяржантам за тое, што яго вызвалялі ад цяжкой гаспадарчай працы і страявой падрыхтоўкі.
Пацярпелы Кірыл Штык:
«Падчас службы я меў магчымасьць карыстацца тэлефонам у будныя дні, хоць дазволена было толькі раз на тыдзень у выходныя. Мы ўтрох карысталіся адным тэлефонам. Скінуліся з саслужыўцамі па 10 рублёў, і сяржант Бараноўскі дазволіў нам званіць. Сам я грошы яму не даваў. Колькі такіх выпадкаў было за час службы, я ня ведаю. Ня памятаю.
Быў адзін выпадак, калі сяржант Скуратовіч прымусіў мяне ўпасьці на падлогу, даў каманду „ва ўпор лежачы“. Гэта здарылася пасьля таго, як я дапусьціў парушэньне. Таксама пацьвярджаю выпадак з супрацьгазамі і адцісканьнямі. Пасьля адбою сяржант Бараноўскі даў каманду „Газы!“, мы надзелі супрацьгазы і пасьля каманды пачалі адціскацца. Ці рабіў гэта Коржыч, я ня ведаю, сам ня бачыў. Адціскаліся мы прыкладна 15-20 разоў. Сяржант Бараноўскі лічыў. Я ня ведаю, навошта гэта ўсё было зроблена. Магчыма, нехта размаўляў пасьля адбою, шумеў. Пасьля яшчэ быў такі ж выпадак. Прычынай стала тое, што мы не памылі адтуліны ў прыбіральні — „ачкі“.
Загнаў Коржыча ў акоп і шпурляў у яго рыдлёўкай. Онлайн першага дня гучнага працэсу
Як я паставіўся да гэтага? Я нават ня ведаю. Думаю, такія рэчы недапушчальныя. Фізычна не было цяжка асабіста для мяне. Калі ты ідзеш у армію і ня можаш адціснуцца 30 разоў, то што гэта? Магчыма, некаму было. Быў адзін выпадак, што некаму стала дрэнна. Дакладна ня памятаю.
Што магу сказаць пра сяржантаў? Нармальныя. Праводзілі нам заняткі, дапамагалі, падбадзёрвалі на палігоне. Сяржант Бараноўскі мне аднойчы дапамог, паклаў грошы на тэлефон. Пра стаўленьне сяржантаў да Коржыча не магу нічога сказаць, акрамя таго выпадку, калі Вяжэвіч загнаў Коржыча ў яму і шпурляў у яго рыдлёўкі. 4-5 рыдлёвак кінуў, так. З Коржычам пра стан яго здароўя я не размаўляў. Адзін раз толькі ён мне сказаў, што баіцца за сваё жыцьцё, калі сядае ў танк. Ён сказаў: „Я баюся, што памру. Калі сядаю ў танк“. Ня ведаю, чаму Коржыч так сябе адчуваў. Апошні раз жывым я яго бачыў перад тым, як Коржыча адправілі ў мэдроту».
Сьвятлана Коржыч у будынку суду паказала шакуючыя здымкі цела сына. ВІДЭА
Пацярпелы Кірыл Штык таксама расказаў, што ў яго не забіралі прадукты зь перадач. Не сутыкаўся ён і з вымаганьнем прадуктаў і цыгарэт узамен за магчымасьць наведваць разьмешчаную на тэрыторыі часткі краму. З Аляксандрам Коржычам сяброўскіх адносінаў ня меў, нічога дрэннага пра яго сказаць ня можа.
Сяржантаў Бараноўскага, Скуратовіча і Вяжэвіча абвінавачваюць у вымаганьні і злоўжываньні ўладай, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы ў выглядзе самагубства падначаленага Аляксандра Коржыча. Усе яны прызнаюць віну часткова.
Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей
Справу аб трагічнай гібелі салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча расьсьледавалі каля 9 месяцаў, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Да працэсу расьсьледаваньня ў якасьці выключэньня была дапушчаная маці нябожчыка Сьвятлана Коржыч.
Your browser doesn’t support HTML5
У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Пры гэтым сам СК раней паведамляў, што цела знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай — як гэта спалучаецца з вэрсіяй пра самагубства, маці не патлумачылі. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.
Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча
Праз два тыдні пасьля таго, як у падвале вайсковай часткі ў Печах знайшлі труп Аляксандра Коржыча, Сьледчы камітэт Беларусі распачаў 8 крымінальных спраў у дачыненьні да 8 вайскоўцаў. Пазьней колькасьць затрыманых у справе Аляксандра Коржыча вайскоўцаў павялічвалася: акрамя сяржантаў і прапаршчыка, за краты трапілі таксама два афіцэры, якія кіравалі ротай Коржыча. Аднак з больш чым 15 чалавек, затрыманых у справе, на лаве падсудных у першым працэсе апынуліся толькі тры сяржанты, якім прад'явілі абвінавачваньні паводле ч. 1, 2 арт. 430 і ч. 3 арт. 455 Крымінальнага кодэксу Беларусі.
У справе салдата Коржыча, які загінуў у войску, будуць судзіць толькі сяржантаў
Частка 3 артыкула 455 КК. Злоўжываньне начальніка ці службовай асобы ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі зь цяжкімі наступствамі. Пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або без канфіскацыі і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.
Часткі 1 і 2 арт. 430 КК. Прыняцьце службовай асобай для сябе ці для блізкіх матэрыяльных каштоўнасьцяў ці выгод маёмаснага характару. Караецца абмежаваньнем волі на тэрмін ад 3 да 5 гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю, або пазбаўленьнем волі на тэрмін да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.
Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.
Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.
У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу. На 31 ліпеня ў судах знаходзіцца яшчэ 12 крымінальных спраў за дзедаўшчыну, у іх фігуруе 19 асобаў.