Генэральная пракуратура Беларусі заявіла, што грамадзянін Беларусі Юры Палітыка, які абвінавачаны ва Ўкраіне ў шпіянажы, ня мае і ніколі ня меў ніякага дачыненьня да дзейнасьці спэцслужбаў.
Як паведаміла прэс-служба Гэнпракуратуры Беларусі, намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук правёў рабочую сустрэчу з калегамі ў Кіеве і абмеркаваў сытуацыю, якая склалася вакол абвінавачваньня ў дачыненьні да грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі.
Аляксей Стук афіцыйна заявіў, што абвінавачаны грамадзянін Беларусі ня мае і ніколі ня меў ніякага дачыненьня да дзейнасьці органаў бясьпекі Беларусі, і адзначыў, што яго магчымае асуджэньне за шпіянаж супраць Украіны будзе незаконным.
Генпракуратура Беларусі выказала занепакоенасьць захаваньнем правоў Юрыя Палітыкі падчас расьсьледаваньня справы. Намесьнік генпракурора заявіў пра недапушчальнасьць выкарыстаньня недазволеных мэтадаў допыту ў дачыненьні да Палітыкі і падкрэсьліў важнасьць бесстароньняга вывучэньня сабраных супраць яго доказаў.
Прэсавы сакратар Генэральнай пракуратуры Украіны Андрэй Лысенка не ўдакладніў, у які час і на якім узроўні адбывалася сустрэча зь беларускімі калегамі. На пытаньне, ці дамовіліся бакі аб абмене Юрыя Палітыкі і Паўла Шаройкі, ён адказаў:
«Падрабязнасьцяў ня маю, але прапанова слушная».
Адвакат беларускага грамадзяніна Тарас Герэлюк паведаміў Свабодзе, што ня мае ніякіх зьвестак аб сустрэчы беларускіх пракурораў з украінскімі.
«Мяне ніхто на такую сустрэчу не запрашаў і я ня ведаю, ці была яна. У мяне не было сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай пракуратуры», — сказаў ён.
Ён нагадаў, што нядаўна Юрыю Палітыку падоўжылі арышт толькі на адзін, а не на два месяцы. Але паводле яго, нават гэты факт пакуль ня можа сьведчыць пра тое, што Ўкраіна і Беларусь рыхтуюцца да абмену абвінавачанымі ў шпіянажы — беларуса Юрыя Палітыку на ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку.
Радыё Свабода зьвярнулася па камэнтар да Генэральнай пракуратуры Ўкраіны, але там пакуль не адказваюць.
Гісторыя шпіёнскага скандалу
Экспэрты мяркуюць, што Ўкраіна і Беларусь могуць абмяняцца «шпіёнамі» да наступнай сустрэчы прэзыдэнтаў Пятра Парашэнкі і Аляксандра Лукашэнкі, якая мае прайсьці 24-25 кастрычніка ў Гомлі ў рамках форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны.
Юрыю Палітыку, паводле 114-га артыкулу Крымінальнага кодэксу Ўкраіны («шпіёнства»), пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці. Яго затрымалі летась у чэрвені на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю. Падчас затрыманьня ў ягоным тэлефоне знайшлі зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм». Паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве.
Украінскія экспэрты выказвалі думкі, што ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ на затрыманьне Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Паўло Шаройка ўжо асуджаны беларускім судом на 8 гадоў турмы за шпіянаж.
Прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Украіны Ўладзімір Шкуроў казаў Свабодзе, што ўлады Беларусі і Ўкраіны абмяркоўваюць абмен Шаройкі на Палітыку, але гэта «далікатнае пытаньне».
Пазьней і старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Валер Вакульчык заявіў, што «не выключае» ў будучыні абмену паміж Менскам і Кіевам грамадзянамі, абвінавачанымі ў шпіянажы.