Падчас правядзеньня матчу трэцяга кваліфікацыйнага раўнду Лігі Эўропы паміж менскім «Дынама» і пецярбурскім «Зэнітам» на стадыёне ў Менску і прылеглай тэрыторыі былі затрыманыя 16 грамадзян.
Сярод іх 2 беларусы і 14 грамадзян Расеі, паведаміла Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных спраў Менгарвыканкаму.
На іх складзеныя пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях: 11 пратаколаў за дробнае хуліганства, 5 пратаколаў за расьпіцьцё алькагольных напояў у грамадзкім месцы.
Надзвычайных здарэньняў на стадыёне і прылеглай да стадыёна тэрыторыі не зафіксавана, паведамілі ў ГУУС Менгарвыканкаму.
Увечары 9 жніўня, перад матчам трэцяга кваліфікацыйнага раўнду Лігі Эўропы паміж менскім «Дынама» і пецярбурскім «Зэнітам» расейскія футбольныя фанаты прайшліся па цэнтры Менску, шэсьце было санкцыянаванае. Яны выкарыстоўвалі піратэхніку, і міліцыя ім у гэтым не перашкаджала. Але на стадыёне падчас матчу былі затрыманьні.
Менскае «Дынама» перамагло ў гэтым матчы зь лікам 4:0.