#журналистынехакеры — такі хэштэг запусьціў у сацыяльных сетках сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta Аляксей Казьлюк. Радыё Свабода пацікавілася ў яго, як ён ацэньвае абвінавачваньні ў межах «справы БелТА» і як суадносіцца хада гэтай справы зь міжнароднай практыкай барацьбы з кампутарнай злачыннасьцю. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст
— Прадстаўнікі афіцыйных СМІ характарызуюць «справу «БелТА» досыць адназначна — як крадзеж, маўляў, журналісты БелаПАНа і TUT. BY абакралі БелТА. Наколькі гэта адпавядае духу і літары закону, таму артыкулу, па якім журналістаў прыцягваюць да адказнасьці па гэтай справы? Гэта сапраўды крадзеж?
— Складанасьць такіх справаў палягае ў тым, што часам пад аднымі абвінавачваньнямі крыюцца зусім іншыя матывы. Прыкладна так у нас было з масавымі беспарадкамі, якіх не было, у 2010 годзе.
Тая інфармацыя, якая маецца — прэсавыя рэлізы Сьледчага камітэту, падрабязнасьці справы, якія праточваюцца ў публічную прастору, не даюць магчымасьці сфармаваць агульны малюнак таго, што адбываецца.
Таму мы можам казаць пра некалькі варыянтаў і пра тое, наколькі гэта можна суаднесьці зь літарай закону.
Калі кажуць пра крадзеж, гэта зусім іншы артыкул заканадаўства. Я ня бачу ніводнай згадкі з боку сьледзтва ніводнай узгадкі пра крадзеж, пра злачынства супраць маёмасьці. Крадзеж — гэта злачынства супраць уласнасьці. Паводле прэсавага рэлізу СК гаворка ідзе пра злачынства супраць інфармацыйнай бясьпекі, гэта цэлая глава нашага КК.
Прадметам крадзяжу зьяўляюцца матэрыяльныя выгоды, матэрыяльныя каштоўнасьці, прадметам злачынстваў супраць інфармацыйцнай бясьпекі зьяўляюцца кампутарныя сыстэмы і спосабы атрыманьня інфармацыі.
— Некаторыя абаронцы афіцыйнай вэрсіі справы кажуць, што, маўляў, у ЗША ёсьць таксама крымінальная адказнасьць за пранікненьне ў чужы кампутар. І там адказнасьць — да 10 гадоў турмы. Маўляў, у нас заканадаўства яшчэ лібэральнае, тыя журналісты, якія патрапілі за краты па «справе БелТА», яшчэ павінныя радавацца, што не ў ЗША жывуць. І сапраўды, калі б яны жылі ў ЗША і здабылі б пароль ад стужкі Associated Press і карысталіся ім, дык і атрымалі б сваю «дзясятку»?
— Цяпер ва ўсім сьвеце дастаткова жорсткія законы адносна кампутарных злачынстваў. Але трэба разумець, што зьяўляецца кампутарным злачынствам, а што не зьяўляецца. У ЗША больш суровае заканадаўства адносна злачынстваў супраць кампутарнай бясьпекі.
Але калі рэдактару Atlantic калегі з Washington Post перададуць пароль ад платнай стужкі Associated Press і ён гэтым паролем скарыстаецца — гэта безумоўна не зьяўляецца кампутарным злачынствам. Там у такім выпадку могуць быць матэрыяльныя пазовы ў цывільным парадку, але гэта зусім іншае і па складзе, і па дзеючых суб’ектах справа.
Што б там было, калі б законны карыстальнік падпіскі перадаў іншай асобе login i password, і гэтая іншая асоба па іх заходзіла б на стужку? Тады найперш трэба глядзець ліцэнзійную дамову паміж агенцтвам і законным падпісчыкам. Калі там напісана, што login i password не павінныя нікому перадавацца, і кліент павінен сачыць за тым, каб гэтыя рэквізыты заставаліся толькі ў яго, тады кліент, перадаючы іх, парушае ліцэнзійную дамову.
Што можа зрабіць Associated Press? Заблякаваць доступ з гэтым паролем, скасаваць гэтую домову, ужыць санкцыі да кліента, калі яны прадугледжаныя дамовай. Але наўрад ці справа ўвогульле будзе разглядацца ў крымінальным рэчышчы. Тут няма крымінальнага складніка.
— Вы лічыце, што і ў справе БелТА таксама няма крымінальнага складніка?
— Мы с вамі аналізавалі гіпатэтычную сытуацыю. У практычнай беларускай сытуацыі справы БелТА я бачу тры варыянты.
1. У некага былі старыя login i password да падпіскі БелТА. Падпіска была аплочаная, потым яна скончылася, але пароль па-ранейшаму працаваў.
2. Ёсьць падпісчык, які плаціць за падпіску, але ён перадаў login i password трэцім асобам.
3. Злачынныя журналісты напісалі спэцыяльную хакерскую праграму, якая пранікла ў кампутар БелТА і скрала login i password.
З гэтых трох варыянтаў крымінальным зьяўляецца толькі апошні.
— Падчас дыскусіяў вакол справы БелТА фігуруе пытаньне, як вымераць шкоду, якую панесла дзяржаўнае агенцтва ад таго, што яго каштоўная інфармацыя трапіла да некага незаконным шляхам. Але уся падпіска каштуе каля 600 рублёў штомесяц. А хіба шкода не вымяраецца проста памерам гэтай штомесячнай падпіскі? Цана падпіскі — вось у колькі БелТА ацаніла каштоўнасьць сваёй інфармацыі. Гэта ня так?
— Гэтыя страты павінныя ацэньвацца ў грамадзянска-працэсуальным парадку. Калі мы бачым, што была падпіска з фіксаванай цаной, нейкія людзі карысталіся ёй пэўны пэрыяд, то сапраўды разьлічыць страты вельмі проста — яны ня могуць быць больш за памер гэтай падпіскі. Але тут трэба глядзець умовы падпіскі — ці гэта падпіска на рэдакцыю ці на асобнага супрацоўніка. Калі там размова ідзе пра падпіску не на рэдакцыю, а на некалькіх супрацоўнікаў, тады гаворка ідзе пра некалькі падпісак і адпаведна сума большая. Цікава было б паглядзець на гэтую дамову, на якіх умовах БелТА распаўсюджвае сваю платную базу дадзеных.
Аляксей Казьлюк, скончыў факультэт міжнародных адносінаў БДУ па спэцыяльнасьці «Міжнароднае права». Працаваў у Цэнтры прававой трансфармацыі, сузаснавальнік правааборончай арганізацыі Human Constanta.