Пасьля допыту рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну адвезьлі на Акрэсьціна

Ірына Леўшына

Пасьля допыту галоўную рэдактарку інфармацыйнага агенцтва БелаПАН адвезьлі ў менскі ізалятар часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна, піша Tut.by. Паведамленьне пра затрыманьне журналісткі зьявілася аб 11 гадзіне 9 жніўня.

У кватэры Леўшынай з раніцы 9 жніўня праведзены ператрус, ускрыты сыстэмны блёк яе кампутара.​

7 жніўня ў офісе інфармацыйнага агенцтва БелаПАН каля 15 супрацоўнікаў Сьледчага камітэту і Міністэрства ўнутраных спраў правялі 7-гадзінны ператрус. У журналістаў і выпускаючых рэдактараў канфіскавалі 6 цьвёрдых дыскаў кампутараў. Затрымалі дваіх супрацоўнікаў — Андрэя Сераду і Тацяну Каравянкову. Андрэя Сераду пасьля допыту ўвечары адпусьцілі, Тацяна Каравянкова затрыманая на трое сутак у межах справы, якую завёў Сьледчы камітэт паводле ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Цяпер Тацяна Каравянкова ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна.

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць

  • Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
  • 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
  • Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
  • 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
  • Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
  • Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
  • Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс​
  • У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.