Палітычныя арганізацыі Беларусі ў той ці іншай форме выказаліся па «справе БелТА». Усе заявы былі зробленыя ў першыя дні, а часам і гадзіны, калі пачаліся затрыманьні ў «справе БелТА».
Аб’яднаная грамадзянская партыя
«Аб’яднаная грамадзянская партыя выказвае рашучы пратэст супраць перасьледу беларускіх незалежных СМІ. Сёньняшнія ператрусы і арышты ў офісах незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН і інфармацыйнага партала Tut.by, а таксама ператрусы ў кватэрах журналістаў зьяўляюцца парушэньнем права на свабоду выказваньня і перасьледам незалежнай прэсы. АГП разглядае гэтыя захады як зачыстку інфармацыйнай прасторы напярэдадні маючых адбыцца неўзабаве прэзыдэнцкай і парлямэнцкай выбарчых кампаній».
Партыя БНФ
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў зрабіў наступную заяву:
«Навіны пра ператрусы ў офісах парталу TUT. BY і інфармацыйнай агенцыі БелаПАН сьведчаць пра новы наступ уладаў на свабоду слова. Як выглядае, перад сілавымі структурамі пастаўленая задача застрашыць журналісцкую супольнасьць як такую — ня толькі саміх незалежных журналістаў, але і рэдакцыі інтэрнэт-парталаў.
Ад імя Партыі БНФ я патрабую неадкладнага вызваленьня ўсіх затрыманых рэдактараў і журналістаў. Крымінальная справа супраць іх павінная быць спыненая, а ўсе прэтэнзіі датычна выкарыстаньня інфармацыйных прадуктаў БелТА павінныя вырашацца ў рэчышчы грамадзянска-прававых спрэчак».
Рух «За Свабоду»
Старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч заявіў:
«Сёньня ідуць ператрусы у незалежным інфармацыйным агенцтве БелаПАН і ў рэдакцыі найбуйнейшага інфармацыйнага парталу Tut.by, затрыманыя некалькі супрацоўнікаў і рэдактараў. Падстава, агучаная Сьледчым камітэтам — несанкцыяваны доступ да сайту агенцтва БелТА.
Адбываецца зачыстка беларускай незалежнай інфармацыйнай прасторы. Гэта прымусіць беларускага чытача шукаць альтэрнатыўную інфармацыю на расейскіх інтэрнет-пляцоўках, якія хутка адаптуюцца да новага рынку. Спадзяваньні рэжыму на поўнае атрыманьне кантролю над мэдыя — марныя, і гэта не прывядзе да росту папулярнасьці рэпартажаў пра «барацьбу з ураджаем» на дзяржаўных беларускіх СМІ. Калі беларускія незалежныя СМІ будуць задушаныя, гэта будзе неацэнная страта для ўсяго нашага грамадзтва».
Беларуская хрысьціянская дэмакратыя
«Беларускія хрысьціянскія дэмакраты выказваюць рашучы пратэст супраць перасьледу беларускіх незалежных СМІ. Мы лічым, што сёньняшнія ператрусы і арышты ў офісах партала TUT.by і агенцтва БелаПАН зьяўляюцца нічым іншым, як фактам надзвычайнага парушэньня права на свабоду слова і перасьледам незалежнай прэсы».
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі:
«Зачыстка беларускіх незалежных СМІ можа азначаць, што ўлады рыхтуюцца да сурʼёзных палітычных падзеяў. У тым ліку, магчыма, гэта частка падрыхтоўкі агульнанацыянальнага рэфэрэндуму, на які могуць вынесьці і пытаньне аб фактычнай анэксіі Беларусі Расеяй. Не варта забываць, што ўлады спрабуюць зьнішчыць ня толькі незалежныя СМІ. Паралельна з гэтым спрабуюць зьнішчыць незалежныя прафсаюзы, прасьледуюцца палітычныя і грамадзкія актывісты».
Беларуская сацыял-дэмакратычнай партыя (Грамада)
«Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) пратэстуе супраць затрыманьня журналістаў незалежных інфармацыйных кампаній tut.by і БелаПАН Дзьмітрыя Бобрыка, Ганны Ермачонак, Андрэя Серады, Яўгеніі Беразюк, Марыны Золатавай, Ганны Калтыгінай, Ульяны Бабаед, Галіны Уласік і Тацьцяны Каравянковай, а таксама зьмяшчэньня некаторых зь іх у ізалятар часовага ўтрыманьня. Мы таксама пратэстуем супраць ператрусаў у незалежных журналістаў Вольгі і Паўлюка Быкоўскіх. Мы перакананыя, што зьмяшчэньне журналістаў у ізалятар часовага ўтрыманьня, пераважная колькасьць якіх жанчыны, зьяўляецца вяршыняй цынізму, бо ў іх дзеяньнях няма грамадзкай небясьпекі і ў падобных мерах не было неабходнасьці.
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) заклікае неадкладна вызваліць журналістаў, якія знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня, і працягнуць разгляд па фактах несанкцыянаванага доступу па чужых паролях да платнай інфармацыі БелТА цывілізавана, без гвалту і гістэрыкі».
Беларускі Нацыянальны Кангрэс
«Народная Грамада і Беларускі Нацыянальны Кангрэс патрабуюць спыніць перасьлед незалежных СМІ, неадкладна вызваліць арыштаваных журналістаў і не павялічваць колькасьць злачынстваў рэжыму, за якія потым прыйдзецца адказваць яго кіраўніцтвуі».
Грамадзка-палітычны рух «Гавары праўду»
Заява «Гавары праўду» (заклік падпісаць пэтыцыю):
«Мы зьвяртаемся да вас заклікам, каб кіраўніцтва Беларускага Тэлеграфнага Агенства адклікала сваю заяву і Сьледчы камітэт спыніў перасьлед рэдакцый і журналістаў незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Затрыманьне галоўных і выпускаючых рэдактараў парталу TUT. BY і агенцтва БелаПАН, ператрусы ў іх рэдакцыях — гэта небясьпечны і правакацыйны крок ва ўмовах, калі наша краіна робіцца абʼектам грубых і хлусьлівых інфармацыйных нападаў звонку.
У сувязі з гэтым мы зьвяртаемся да вас і, праз вас, да кіраўніцтва БелТА, з просьбай адклікаць заяву са Сьледчага камітэту і ўлагодзіць спрэчку ў дасудовым парадку. А Сьледчы камітэт заклікаем спыніць перасьлед рэдакцый і не перашкаджаць працаваць СМІ. У выпадку неабходнасьці выбіраць мэтады, якія не вядуць да аслабленьня інфармацыйнай бясьпекі краіныі».
Лібэральна-дэмакратычная партыя
Намесьнік старшыні ЛДП Алег Гайдукевіч:
«Не разумею і не магу зразумець навошта журналістаў у межах расьсьледаваньня крымінальнай справы затрымліваць у ізалятары часовага ўтрыманьня! Што перашкаджае разабрацца ў сытуацыі без гэтага. Складанасьць справы — не! Грамадзкая небясьпека затрыманых — не. Есьць сумневы ў тым, што будзе пагашаная шкода — не. Упэўнены, што яна будзе пагашаная да суду. Паказаць, нешта грамадзтву, краіне? Краіну і народ значна больш цікавіць крымінальныя справы ў ахове здароўя і карупцыя сярод чыноўнікаў, калі на судзе адзін з кіраўнікоў на мінулым тыдні кажа, я не памятаю, як я купіў Мэрсэдэс».