Суд у справе Коржыча: Гвалт і вымаганьне ў дачыненьні да загінулага салдата прымяняліся 16 разоў

Маці і бабуля Аляксандра Коржыча падчас суду. 8 жніўня 2018 году

Пра гэта на другім паседжаньні са спасылкай на матэрыялы справы расказаў судзьдзя.

У другі дзень працэсу пачалося апытаньне пацярпелых. Першай апытваюць Сьвятлану Коржыч, маці загінулага салдата. Яна расказала суду ўсё, што ведала пра знаходжаньне сына ў арміі, таксама расказала пра зьмест размоваў зь ім, у тым ліку апошняй. Паводле Сьвятланы Коржыч, яе сын не любіў скардзіцца на знаходжаньне ў войску і мала пра яго расказваў. Аднак пры гэтым часта прасіў выслаць яму грошы. Звычайна сумы пераводаў складалі 50 рублёў. Пра тое, што Аляксандра Коржыча падчас яго ў Печах як мінімум 16 разоў зьбівалі альбо вымагалі ў яго грошы, падчас допыту Сьвятланы Коржыч расказаў судзьдзя. Ён спаслаўся на зьвесткі з матэрыялаў справы. Сьвятлана Коржыч адказала, што нічога пра гэтыя лічбы ня ведае.

Падсудныя Антон Вяжэвіч, Ягор Скуратовіч і Яўген Бараноўскі (зьлева направа)

Саслужывец Коржыча: «Ноччу надзявалі супрацьгазы і адціскаліся»

У судзе па справе аб сьмерці салдата пачаўся допыт яго саслужыўцаў.

На другі дзень працэсу па справе аб гібелі Аляксандра Коржыча пачаўся допыт яго саслужыўцаў. На паседжаньні прысутнічаюць 22 вайскоўцы, якія летам 2017 году служылі ў той жа роце, што і загінулы салдат. Першы ж саслужывец Коржыча, выкліканы на апытаньне пракурорам, пацьвердзіў факты перавышэньня паўнамоцтваў сяржантамі, якія знаходзяцца на лаве падсудных.

«Я атрымліваў па шыі, — расказаў пацярпелы Андрэй Сівуха. — На пастраеньні, за тое, што меў неакуратную прычоску. Два ўдары было. Больш не прыгадаю нічога. Яшчэ аднойчы ўначы нас паднялі сяржанты і загадалі надзець супрацьгазы, а пасьля адціскацца ад падлогі. Не памятаю, як доўга мы адціскаліся. Мне падабалася гэта, я нармальна ўспрымаў, нармальна паставіўся. Грошай сяржантам я не даваў, прадукты ім не набываў. Свайго сяржанта Скуратовіча характарызую станоўча».

Пацярпелы таксама сказаў, што пра Коржыча ведае мала і блізкіх стасункаў з ім не падтрымліваў. Згодна матэрыялам сьледзтва, на допыце ў СК Сівуха расказваў, што Коржыч аддаў свой тэлефон сяржанту Бараноўскаму і той ім карыстаўся. Таксама, па словах Сівухі, «сяржант Бараноўскі практычна кожны дзень наносіў удары салдатам нагой, прымушаў адціскацца ад падлогі ў супрацьгазах».

У паказаньнях Сівухі, дадзеных падчас сьледзтва, таксама ёсьць згадкі пра практыку выкупу магчымасьці карыстацца мабільнымі тэлефонамі за 20–40 рублёў. Акрамя гэтага, Сівуха расказваў сьледчым пра чуткі, згодна якім Аляксандар Коржыч плаціў сяржантам за тое, што яго вызвалялі ад цяжкой гаспадарчай працы і страявой падрыхтоўкі.

У залі суда былы саслужывец Аляксандра Коржыча прызнаў, што даваў такія паказаньні.

Суд у справе аб сьмерці салдата Аляксандра Коржыча пачаўся ў Менску 8 жніўня. На лаве падсудных тры сяржанты з роты, дзе служыў загінулы.

Загнаў Коржыча ў акоп і шпурляў у яго рыдлёўкай. Онлайн першага дня гучнага працэсу

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

Справу аб трагічнай гібелі салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча расьсьледавалі каля 9 месяцаў, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Да працэсу расьсьледаваньня ў якасьці выключэньня была дапушчаная маці нябожчыка Сьвятлана Коржыч.

Your browser doesn’t support HTML5

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Пры гэтым сам СК раней паведамляў, што цела знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай — як гэта спалучаецца з вэрсіяй пра самагубства, маці не патлумачылі. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Праз два тыдні пасьля таго, як у падвале вайсковай часткі ў Печах знайшлі труп Аляксандра Коржыча, Сьледчы камітэт Беларусі распачаў 8 крымінальных спраў у дачыненьні да 8 вайскоўцаў. Пазьней колькасьць затрыманых у справе Аляксандра Коржыча вайскоўцаў павялічвалася: акрамя сяржантаў і прапаршчыка, за краты трапілі таксама два афіцэры, якія кіравалі ротай Коржыча. Аднак з больш чым 15 чалавек, затрыманых у справе, на лаве падсудных у першым працэсе апынуліся толькі тры сяржанты, якім прад'явілі абвінавачваньні паводле ч. 1, 2 арт. 430 і ч. 3 арт. 455 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

У справе салдата Коржыча, які загінуў у войску, будуць судзіць толькі сяржантаў

Частка 3 артыкула 455 КК. Злоўжываньне начальніка ці службовай асобы ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі зь цяжкімі наступствамі. Пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або без канфіскацыі і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.

Часткі 1 і 2 арт. 430 КК. Прыняцьце службовай асобай для сябе ці для блізкіх матэрыяльных каштоўнасьцяў ці выгод маёмаснага характару. Караецца абмежаваньнем волі на тэрмін ад 3 да 5 гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю, або пазбаўленьнем волі на тэрмін да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу. На 31 ліпеня ў судах знаходзіцца яшчэ 12 крымінальных спраў за дзедаўшчыну, у іх фігуруе 19 асобаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?