Deutsche Welle запатрабавала неадкладнага вызваленьня свайго беларускага карэспандэнта Паўла Быкоўскага

Паўлюк Быкоўскі, архіўнае фота 2012 году

Мэдыякампанія Deutsche Welle запатрабавала ад беларускіх уладаў неадкладна вызваліць свайго карэспандэнта Паўла Быкоўскага, затрыманага ў Менску 8 жніўня супрацоўнікамі Сьледчага камітэту ў рамках т. зв. «справы БелТА».

Адпаведны пратэст накіраваны паслу Беларусі ў Нямеччыне Дзянісу Сідарэнку, паведамляе БелаПАН.

Deutsche Welle чакае, што ў дачыненьні да акрэдытаваных у Беларусі журналістаў будзе прымяняцца «падыход, заснаваны на прынцыпах прававой дзяржавы».

Быкоўскі быў дастаўлены ў СК пасьля ператрусу ў ягонай кватэры, падчас якога канфіскаваныя кампутары, пляншэты, тэлефоны, USB-назапашвальнікі ды іншая тэхніка рэпартэра.

З заклікам «устрымацца ад непрапарцыйных дзеяньняў супраць журналістаў» да беларускіх уладаў зьвярнулася МЗС Нямеччыны.

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць

Падчас ператрусаў у інфармацыйным агенцтве БелаПАН. 7 жніўня 2018 году

  • Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
  • 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
  • Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
  • 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
  • Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
  • Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
  • Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс​
  • У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.

Рэдактарка БелаПАН: Сьледчыя выкарыстоўваюць БелТА ў сваіх мэтах

Юры Зісер: Гэта справа ня супраць Tut.by, а супраць асобных журналістаў

Дырэктарка БелТА: Нашу інфармацыю кралі. Хто гэта рабіў, мы ня ведалі