Паверылі Сталіну. Гісторыя трэцяя: як у СССР прынялі шматдзетную сям’ю францускага камуніста Ждановіча

Пераехаўшы ў 1947 годзе ў СССР з жонкай і 10 дзецьмі, апантаны францускі камуніст Віктар Ждановіч асеў у Барысаве, дзе амаль уся ягоная сям’я рабіла на запалкавай фабрыцы.

Дзеці ня вывучыліся, савецкая ўлада не ўлічыла іх вучобы ў францускіх школах, па прыезьдзе старэйшых накіравалі працаваць на фабрыку, малодшых — у пачатковую школу. Яны часта хварэлі, уладкаваліся ў жыцьці кепска. Многія зь іх цягам жыцьця мелі праблемы са здароўем, у тым ліку лячыліся ад алькагалізму, заўчасна паміралі.

Падмануты савецкай уладай Віктар Ждановіч у кампартыю Савецкага Саюзу так і не ўступіў.

Свабода працягвае тэму «Дзяцей Францыі» — сем’яў беларускіх эмігрантаў, якія паверылі сталінскай прапагандзе і ў 1946–1947 гадах пераехалі з Францыі ў СССР бяз права вяртаньня.

Пасьля таго як на сайце Свабоды зьявілася гісторыя сям’і Грынцэвічаў, што паверыла сталінскай прапагандзе і ў 1946 годзе вярнулася з францускай эміграцыі ў Савецкі Саюз, на адрас аўтара прыйшло яшчэ некалькі гісторый беларускіх «дзяцей Францыі».

У Францыі яны былі рускімі, у Беларусі — французамі. Гісторыя сям’і, якая паверыла Сталіну

Зь Берасьця гісторыю сваёй сям’і прыслала народжаная ў Францыі Ліліян Пракаповіч, чый бацька хацеў вярнуцца ў Францыю, спрабаваў нелегальна перайсьці польскую мяжу, быў арыштаваны і засуджаны на 10 гадоў зьняволеньня.

Паверылі Сталіну. Гісторыя другая: рэпатрыяцыя з Францыі, уцёкі празь мяжу і 6 год у ГУЛАГу

Сёньня мы публікуем гісторыю сям’і францускага камуніста Віктара Ждановіча (1898–1982), які ў 1947 годзе зь вялікай сям’ёй (10 дзяцей) рэпатрыяваўся ў СССР.

Віктар Ждановіч у Францыі, 1930 год

​Гісторыя грунтуецца на ўспамінах яго дачкі Ружы Ждановіч (Марковіч) (1932–2018), якія запісала ягоная ўнучка Ірына Марковіч.

Ружа Марковіч памерла за месяц да таго, як францускі амбасадар у Менску Дзідзье Канэс сабраў у сваёй рэзыдэнцыі такіх, як яна, беларускіх дзяцей Францыі.

Эміграцыя з Польшчы ў Францыю

Віктар Ждановіч паходзіў зь вёскі Слабада Докшыцкага раёну цяперашняй Віцебскай вобласьці.

Падчас Першай усясьветнай вайны служыў у царскім войску. Нейкі час жыў у Петраградзе, браў удзел у падзеях 1917 году, бачыў Леніна і ўступіў у партыю бальшавікоў. На пачатку 1920-х паехаў да бацькі ў Заходнюю Беларусь, але тады ўжо ўсталявалася польска-савецкая мяжа, назад у Савецкую Расею вярнуцца ня змог. У 1926 годзе ў вёсцы Тумілавічы Докшыцкага раёну Віктар ажаніўся з Матрунай Дайлідовіч.

У 1928 годзе ў Тумілавічы з Францыі прыехалі вярбоўшчыкі: яны набіралі людзей рабіць у вугальных шахтах, бо францускія шахцёры страйкавалі.

«Віктар Ждановіч, страціўшы надзею вярнуцца ў Ленінград з прычыны закрытай мяжы і не жадаючы „жыць пад палякамі“, вырашыў паспытаць шчасьця за мяжой», — кажа ягоная ўнучка Ірына Марковіч.

У 1929 годзе Віктар Ждановіч паехаў у Францыю спачатку адзін, праз год да яго прыехала жонка Матруна з паўтарагадовым сынам Іванам.

Віктар, Матруна і паўтарагадовы Іван. Здымак зроблены па прыезьдзе ў Францыю. 1930 год

Пасялілася сям’я спачатку ў Лятарынгіі, у камуне Юсіні-Годбранж (Hussigny-Godbrange), праз два гады пераехалі на новае месца ў Вёйі-ля-Пэтэры (Veuilly-la-Poterie) за 80 км ад Парыжу, потым памянялі яшчэ 6 адрасоў у розных дэпартамэнтах Францыі.

Умовы жыцьця ў Францыі

У Францыі Ждановічы пражылі 17 гадоў. Тут у іх нарадзіліся тры дачкі і шэсьць сыноў. Жылі на розных кватэрах, якія давалі працадаўцы ў часовае карыстаньне. У апошнія гады, жывучы на найманай кватэры, займалі тры вялікія пакоі, мелі кухню і ванну — вада грэлася на адмысловай пліце, а туалет быў на вуліцы.

Матруна ў Францыі не працавала, гадавала дзяцей, атрымліваючы на іх дапамогу ад дзяржавы. Віктар тры гады быў шахтаром, пазьней рабіў у фэрмэраў, даглядаў коней, птушак. Калі жылі ў сельскай мясцовасьці, то і самі трымалі свойскую жывёлу і мелі агарод, харчаваліся добра.

Працаваў Віктар Ждановіч з 8 да 18 гадзіны з двухгадзінным перапынкам на абед.

«Бацькавай зарплаты хапала на ежу, на дзіцячыя дапамогі маці купляла нам вопратку ў краме. Галава сям’і асабіста займаўся добраўпарадкаваньнем дома: майстраваў табурэткі, сталы, ложкі, паліцы. У сям’і было два ровары», — згадвала Ружа Ждановіч.

Дзеці Ждановічаў — Іван, Марыя, Ружа, Віктар, Коля, Лёля — наведвалі бясплатныя камунальныя школы, добра вучыліся, асвоілі францускую мову.

Атэстат аб заканчэньні пачатковай школы ў Францыі на імя Ружы-Казіміры Ждановіч, 1946 год

Захаваўся ў памяці Ружы Ждановіч расклад дня, якога трымалася ў Францыі іх шматдзетная сям’я:

  • 7.00 — пад’ём, сьняданак (какава, кава з малаком, бутэрброды з сырам, свойскай вяндлінай).
  • 8–12.00 — школа ў дзяцей, праца ў бацькі.
  • 12–14.00 — абед (каша з курыным ці трусіным мясам; кампот з булачкамі — маці пякла і булкі, і тарты, рабіла жэле; на дэсэрт дзеці елі дыні, бананы, вінаград і іншую садавіну).

Пасьля абеду — адпачынак, затым дапамога бацькам па хаце, па гаспадарцы, гародзе: старэйшыя дочкі глядзелі малодшых дзяцей, хлопчыкі даглядалі трусоў.

  • 16.00 — падвячорак (як правіла, шакалядная выпечка).
  • 17–20.00 — падрыхтоўка ўрокаў, хатняя праца.
  • 20.00 — вячэра (суп, часта малочны, зь белым хлебам).

Спаць клаліся пасьля 21-й гадзіны.

Камуністычная дзейнасьць Ждановічаў

У Францыі Віктар і Матруна Ждановічы ўступілі ў камуністычную партыю.

Партыйны білет Віктара Ждановіча

«Начамі, як дзеці заснуць, хадзілі на сходкі, чыталі газэты, сьпявалі рэвалюцыйныя песьні», — згадвала Ружа Ждановіч.

Паводле яе слоў, у 1939 годзе Віктар Ждановіч паўгода сядзеў у францускай турме за свае перакананьні, у доме рабілі ператрус, забралі партбілеты.

Падчас Другой сусьветнай вайны сям’я схавалася ад нацыстаў у правінцыі Ардэны, узяўшы толькі самае неабходнае.

Што абяцалі савецкія агітатары

У 1946 годзе ў Villers en Vexin, дзе жылі Ждановічы, з савецкай амбасады ў Парыжы прыехалі агітатары. Сустракаючыся зь мігрантамі, яны ўгаворвалі пераехаць у СССР, пераконваючы, што людзі ў савецкай краіне жывуць лепш, чым у Францыі: перамаглі ворага, краіна адноўленая, нават балоты асушаныя, згадвала Ружа Ждановіч. Гэтак жа пісалі ў савецкай прэсе, а камуніст Ждановіч атрымліваў з СССР «Известия».

Агітатары абяцалі сям’і Ждановічаў асобную кватэру ў Ленінградзе, працяг вучобы для дзяцей у ВНУ.

Віктар Пятровіч паверыў. Але заўпарцілася ягоная жонка Матруна, якая незадоўга перад тым нарадзіла сына Юзіка. Агітатары часова адступілі, хоць дакумэнты ўсё ж склалі.

Вярнуліся яны ў 1947 годзе з ужо аформленай дамовай, сталі правяраць, ці гатовая сям’я ехаць і ў якім складзе.

«Віктар Пятровіч быў апантаны, ён пагражаў у выпадку адмовы „засячы“ ўсю сям’ю, і Матруна дала згоду», — згадвала яе дачка Ружа.

Віктар падпісаў адмову ад францускага грамадзянства, і вялікая сям’я накіравалася ў СССР: бацька Віктар, маці Матруна, дзеці Іван, Марыя, Ружа, Віктар, Мікалай, Алена, Георгій, Уладзімер, Міхаіл, Іосіф.

Рэпатрыяцыя ў таварным вагоне

У ліпені 1947 году сям’я Ждановічаў з Парыжа выправілася ў дарогу. Да Нямеччыны ехалі на францускім пасажырскім цягніку. У савецкай зоне акупацыі Нямеччыны прабылі 15 дзён — у спэцыяльнай зоне для рэпатрыянтаў пад аховай савецкіх салдат.

Ружа Ждановіч неўзабаве пасьля рэпатрыяцыі ў СССР. Барысаў, 1948 год

Затым усіх рэпатрыянтаў пасадзілі ў таварны цягнік і празь Нямеччыну павезьлі ў Польшчу. Ехалі два тыдні: ноччу стаялі, днём ехалі, зь вялікімі прыпынкамі.

Кармілі ў дарозе чорным хлебам і груцай. Ад кепскага харчаваньня малыя Міша і Юзік захварэлі, ледзь не паўміралі: адкрыўся панос, доўга трымалася высокая тэмпэратура.

Дзеці пакутавалі ад глейкага чорнага хлеба, у Францыі яны бачылі толькі белы. Ждановічы мянялі ў палякаў на станцыях вопратку і прамысловыя тавары на белы хлеб і іншую ежу. Усё, што было новага, каштоўнага, пайшло на гэты абмен.

Рэальнае жыцьцё ў СССР

Кватэру ў абяцаным агітатарамі Ленінградзе савецкія ўлады не далі. Ждановічам сказалі, што гэты горад разбураны, сяліцца няма дзе, камунальныя кватэры перапоўненыя. Павезьлі ў Барысаў, дзе не хапала рабочай сілы.

Сям’я Ждановічаў (бяз двух дзяцей), Барысаў, 1957 год

У Барысаве спачатку жылі ў гасьцініцы, у вялікім пакоі, дзе было пастаўлена 9 ложкаў. Ад цеснаты і бруду напалі вошы. Ужо праз тыдзень Віктар Пятровіч і чацьвёра яго старэйшых дзяцей — дзевятнаццацігадовы Іван, шаснаццацігадовая Марыя, пятнаццацігадовая Ружа і чатырнаццацігадовы Віктар — пачалі працаваць на запалкавай фабрыцы. Іншыя дзеці, падрастаючы, таксама папаўнялі шэрагі гэтага калектыву.

Рабілі па 8 гадзін, у тры зьмены, уключаючы суботу, у розных цэхах. Праца была цяжкая, пыльная і шумная, шкодная для здароўя. Бацька працаваў будаўніком і вартаўніком.

У 1951 годзе Ждановічы атрымалі ад фабрыкі кватэру — два вялікія пакоі, кухня, ванная, туалет.

Ежы было мала і яна была кепская, бацьку з прычыны язвы хірургі выразалі дзьве трэці страўніка. Хварэлі і дзеці. Заробленых на фабрыцы грошай не хапала нават на ежу.

Маці Матруна ня ведала, чым накарміць дзяцей. Дапамогу ад дзяржавы яна атрымлівала вельмі малую і толькі на малодшую дачку Ніну, якая нарадзілася ўжо ў СССР.

Ружа Ждановіч і Генадзь Марковіч. Барысаў, 1960-я гг

Матруна часта папракала мужа за ягонае рашэньне прыехаць у СССР. «Чаму ты тут не выступаеш за праўду?» — пыталася яна. Віктар у адказ толькі маўчаў, апусьціўшы галаву.

У кампартыю ў СССР ён ужо не ўступіў.

Апошні партбілет Віктара Ждановіча

Як склаліся лёсы барысаўскіх французаў

Бацька Віктар перанёс дзьве апэрацыі на страўніку, хварэў на артроз ног, пасьля выхаду на пэнсію гадаваў унукаў, пра Францыю згадваць не любіў. Памёр у 84 гады.

Маці Матруна ад уладаў СССР атрымала званьне «Маці-гераіня», нідзе не працавала, была занятая гаспадаркай. Каб пракарміць сям’ю, пачала прадаваць самагон. Сама пакутавала на цыроз печані, памерла ў веку 58 гадоў.

Артыкул у часопісе «Работніца і сялянка» за 1957 год пра сям’ю Ждановічаў. Тут няма і 10 працэнтаў праўды, кажа Ірына Марковіч

Сын Іван зьбіваў скрыні на запалкавай фабрыцы, пакутаваў на поліяміэліт, перанёс некалькі апэрацый, застаўся без нагі. Памёр у 57 год.

Старэйшая дачка Марыя працавала на запалкавай фабрыцы ў каробачным цэху, кватэру на сваю сям’ю атрымала перад самай пэнсіяй. Памерла ў 80 год.

Копія беларускага пашпарта Ружы Марковіч

Дачка Ружа працавала на той жа фабрыцы каробачніцай і мачальшчыцай. Мела 4 дзяцей і шмат ўнукаў, памерла ў 86 год. Ружа Марковіч са сваімі дзецьмі гаварыла па-француску, аддала іх у школу ў Барысаве з францускай мовай як замежнай. Яе дачка Галіна цікавілася гісторыяй француска-савецкага авіяпалка «Нармандыя-Нёман», што дзейнічаў у час Другой сусьветнай вайны, перапісвалася зь яго лётчыкамі, яна закончыла Інстытут замежных моваў і 30 гадоў выкладала школьнікам францускую мову.

Ружа Марковіч, Барысаў

Сын Віктар Ждановіч адзіны з усіх атрымаў вышэйшую адукацыю — скончыў політэхнічны інстытут у Менску, быў інжынэрам, памёр ад раку лёгкіх у 73 гады.

Сын Мікалай у Барысаве 4 гады хадзіў у школу, пазьней працаваў на той жа запалкавай фабрыцы. Памёр у 43 гады ад сардэчнай недастатковасьці.

Дачка Алена атрымала пачатковую адукацыю, працавала ў расьпіловачным цэху запалкавай фабрыкі. Цяпер ёй 82 гады, дапамагае гадаваць унукаў і праўнукаў.

Сын Георгій пасьля сямігодкі працаваў сьлесарам на той жа фабрыцы, хварэў на цыроз печані, вылекаваўся ад алькагалізму, дажыў да 67 гадоў.

Сын Уладзімер паехаў вучыцца ў Менск, быў рамонтнікам, пасьля 1993 году вестак ад яго няма.

Сын Міхаіл працаваў рознарабочым, пабываў у турме, двойчы разьвёўся, піў, памёр у 47 год ад сардэчнага прыступу.

Сын Іосіф працаваў мулярам і мачальшчыкам на запалкавай фабрыцы, таксама піў і памёр у 47 год.

Малодшая дачка Ніна, якая нарадзілася ўжо ў СССР, лячылася ад алькагалізму, яе дачку Сьвятлану нейкі час выхоўвала сястра Ружа. Сьвятлана загінула пры нявысьветленых абставінах. Ніна працавала на запалкавай фабрыцы і даяркай у калгасе. Жыве ў вёсцы ў Віцебскай вобласьці, трымае гаспадарку.

Гады адукацыі ў Францыі дзецям Ждановічаў у СССР не залічылі, у Барысаве яны ў большасьці змаглі скончыць толькі пачатковую школу. Калі дзеці Ждановічаў зьбіраліся разам, гутарылі і сьпявалі па-француску, сумавалі па радзіме, на якой больш так і не пабывалі. Толькі некаторыя іх дзеці і ўнукі змаглі атрымаць адукацыю і рэалізаваць сябе па-за межамі шкоднай вытворчасьці на запалкавай фабрыцы. Адна з праўнучак Матруны і Віктара, Надзея, скончыла факультэт францускай мовы, некалькі разоў пабывала ў Францыі, у тым ліку ў мясьцінах, дзе жылі яе бабуля Ружа, прадзед Віктар і прабаба Матруна.

Дзеці Францыі

Іх называюць «дзецьмі Францыі», хоць у іх ужо свае ўнукі і праўнукі. 7 ліпеня 2018 году ў рэзыдэнцыі амбасадара Францыі ў Беларусі Дзідзье Канэса ўпершыню сабралася каля дзесяці чалавек, што нарадзіліся ў Францыі ў 20–40-х гадах мінулага стагодзьдзя, тыя, хто выжыў і каго ўдалося знайсьці францускім консулам у беларускіх гарадах і вёсках.

Паводле зьвестак расейскага гісторыка Віктара Зямскова, па стане на чэрвень 1948 году з Францыі ў СССР рэпатрыяваўся 6991 чалавек. У розныя гады яны эмігравалі з Расейскай імпэрыі, Аўстра-Вугоршчыны і Польшчы. Сярод іх было 1420 расейцаў і 5471 асоба «ўкраінскага або беларускага паходжаньня».

Сустрэча беларускіх дзяцей Францыі з амбасадарам Дзідзье Канэсам

​Як апавядала Ірына Марковіч, у Барысаў па вайне прыехала каля дзясятка францускіх сем’яў, ня ўсе яны былі шматдзетнымі, але ўсе яны ўладкаваліся кепска, жылі блага. Па суседзтву са Ждановічамі пасялілася бязьдзетная пара больш сталага веку, дык праз год яны памерлі.