Прадстаўнікі Эўразьвязу і шэрагу эўрапейскіх краін у Беларусі пажадалі азнаёміцца з сытуацыяй, у якой апынулася незалежнае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН у сувязі са «справай БелТА». Раней такі ж візыт адбыўся ў рэдакцыю незалежнага інтэрнэт-парталу Tut.by.
Кіраўнікі і журналісты агенцтва БелаПАН выказалі сваё стаўленьне да абвінавачаньняў у бок журналісткі агенцтва Тацяны Каравянковай і шматгадзінных вобшукаў, якія адбыліся ў рэдакцыі 7 жніўня.
«Мы абураныя абсалютна неапраўданым і неабгрунтаваным трохдзённым затрыманьнем Тацяны Каравянковай. Абыходзяцца зь ёю як са злачынцай. Няма аніякіх падстаў трымаць чалавека ў зьняволеньні. Мы патрабуем яе неадкладнага вызваленьня», — заявіў выканаўца абавязкаў дырэктара БелаПАН Дзьмітры Наважылаў.
Тацяну Каравянкову затрымалі ранкам 7 жніўня ў ейным вясковым доме, бо афіцыйна яна ў адпачынку. Пазьней стала вядома, што яе затрымалі на 3 сутак і зьмясьцілі ў ІЧУ на Акрэсьціна. Супрацоўнікі агенцтва кажуць, што Тацяна ня мела магчымасьці сустрэцца з адвакатам. Ад паслугаў дзяжурнага абаронцы яна адмовілася.
Радыё Свабода папрасіла старшыню прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Андрэа Віктарын пракамэнтаваць паведамленьне МЗС Беларусі. Паводле таго паведамленьня, затрыманьні журналістаў і вобшукі ў рэдакцыях «не ляжаць у палітычнай плашчыні і ня маюць аніякага дачыненьня да пытаньняў свабоды СМІ альбо журналісцкай дзейнасьці ў Беларусі».
«Я прыняла гэта да ведама, — адказала Андрэа Віктарын. — Вы ведаеце нашую пазыцыю па тэксьце заявы штаб-кватэры. Гэта афіцыйная пазыцыя ЭЗ і ўсіх тых, хто сюды прыйшоў».
Раней Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па пытаньнях зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Фэдэрыка Магерыні заклікала Менск вызваліць затрыманых журналістаў.
«Мы атрымалі паведамленьні аб ператрусах і арыштах журналістаў у шэрагу незалежных СМІ ў Беларусі. Такія дзеяньні супярэчаць заяўленай Беларусьсю палітыцы дэмакратызацыі і яе міжнародным абавязаньням. Павага асноўных правоў і свабодаў, уключна са свабодай выказваньняў і свабодай СМІ, павінна быць захавана. Мы далучаемся да заклікаў вызваліць затрыманых», — гаворыцца ў лісьце Свабодзе ад прэсавага сакратара кіраўніцы эўрапейскай дыпляматыі.
«Усе мы, хто знаходзіцца тут, падзяляем сутнасьць гэтай заявы. Мы ў прадстаўніцтве ЭЗ, амбасадах краін ЭЗ хочам быць вашымі партнэрамі, нашыя дзьверы для вас адчыненыя. Мы чакаем вынікаў. Мне дагэтуль не відавочна, якія ёсьць доказы тых абвінавачаньняў, якія выстаўляюцца гэтым людзям», — сказала Віктарын.
Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць
- Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
- 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
- Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
- 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
- Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
- Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
- Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс
- У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.