Сястра ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, які галадае ў расейскай турме 87-ы дзень, паведаміла, што стан яе брата «катастрафічны».
Па словах Натальлі Каплан, Сянцоў перадаў ёй ліст праз свайго адваката, у якім напісаў, што «амаль не ўстае» і што «канец блізкі». Пры гэтым ён адмаўляецца ад пераводу ў цывільную лякарню, бо там зь яго «зьдзекуюцца яшчэ больш, чым у турэмнай».
У лісьце Сянцоў таксама паведаміў, што яму не перадаюць лістоў і што ён знаходзіцца ў поўным інфармацыйным вакуўме. «Я ўвогуле не ўяўляю, што яшчэ можна зрабіць і як яго выцягнуць. Усё вельмі дрэнна», — падагульніла Каплан.
14 траўня Сянцоў пачаў галадоўку з патрабаваньнем вызваліць з расейскіх турмаў і калёній ўкраінскіх палітвязьняў. Паводле праваабаронцаў, у Расеі па палітычных матывах адбываюць тэрмін 64 ўкраінцы.
Украінскі рэжысэр асуджаны ў Расеі па абвінавачваньні ў падрыхтоўцы тэрактаў у анэксаваным Расеяй Крыме. Сянцоў сваю віну не прызнае. Адвакаты і праваабаронцы называюць справу сфабрыкаванай і сьцьвярджаюць, што паказаньняў супраць Сянцова супрацоўнікі ФСБ Расеі дамагліся катаваньнямі.