Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе заклікала неадкладна вызваліць затрыманых беларускіх журналістаў. Прадстаўнік АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ Арлем Дэзірэ выказаў занепакоенасьць сытуацыяй вакол супрацоўнікаў СМІ.
«Вельмі непрапарцыйныя меры, прынятыя праваахоўнымі органамі ў дачыненьні да двух незалежных інфармацыйных агенцтваў [парталу tut.by і агенцтва БелаПАН], выклікаюць сур’ёзную заклапочанасьць наконт павагі да незалежных СМІ ў Беларусі», — цытуе прадстаўніка АБСЭ агенцтва «Інтэрфакс-Захад».
Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць
- Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
- 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
- Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
- 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
- Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
- Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
- Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс
- У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.