Чытачка Качаткова: Падабаюцца такія творы, якія можна прачытаць за дзень ці вечар

Паліна Качаткова

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьніца і літаратуразнаўца Паліна Качаткова.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Чытаю «Лісткі календара» — дзёньнікі Максіма Танка з 9-га тому Збору твораў. Кніга выйшла ў 2009 годзе, і ўсе даўно прачыталі — так можна сказаць, але я чытала раней больш кароткі варыянт, была ў нас кніга, якую мама мая купіла яшчэ ў савецкія часы, калі мы жылі ў Магілёве. Яе я чытала раней. А цяпер — чытаю па-іншаму. Пра чалавека, які вельмі тонка адчувае сьвет — апісвае віленскія начныя доўгія рухомыя цені, віленскі туман і слоць, адчувае, як дзень памірае на дахоўцы, верыць у камунізм, займаецца маніторынгам сытуацыі ў турмах і возіць вынік гэтага маніторынгу ў Варшаву ў Лігу правоў чалавека. Пры гэтым верыць у СССР і ўспрымае кнігу Францішка Аляхновіча «У кіпцюрох ГПУ» як прапагандысцкую і непраўдзівую, піша пра тое, як мужчыны зь вёскі кнігу скруцілі на цыгаркі — ну, ніхто ня хоча, каб веру ў казку руйнавалі. Жывое жыцьцё.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Кнігу на польскай мове Радаслава Раманюка «Іншае жыцьцё»: Radosław Romaniuk, «Inne życie. Biografia Jarosława Iwaszkiewicza» — першы том. Гэту кнігу падараваў маёй маме беларускі рэжысэр з Беласточчыны Мікола Ваўранюк. Па-польску я чытаю вельмі марудна. Але чытаць мне было цікава. Са старэйшых клясаў школы вельмі люблю прозу Яраслава Івашкевіча за яго цёмны рамантызм і эратызм.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Найперш, калі мама ці тата параяць прачытаць кнігу — так было заўсёды. Бацькі чытаюць больш за мяне, чытаюць увесь час.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Ужо казала пра гэта… Пра ўспрыманьне кнігі Францішка Аляхновіча «У кіпцюрох ГПУ» у Заходняй Беларусі і Вільні сярод аматараў СССР. Зь «Лісткоў календара» Максіма Танка — там ёсьць сцэна, дзе пракамуністычна настроеныя людзі, разглядаючы фота, жартуюць, што Аляхновіч на Салаўках выглядае лепш, чым на волі. І яшчэ там напісана, што ўлады распаўсюджвалі гэтую кнігу. Гэта так страшна — чалавек кажа праўду, папярэджвае, а яму ня вераць, бо хочацца верыць у тое, што хочацца. Ілюзіі — яны такія — ва ўсе часы ілюзіі. І зласлоўе.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Раман Людмілы Ўліцкай «Лестница Якова», калі гэты твор можна назваць класічным раманам. Увогуле тоўстыя раманы люблю ня вельмі -падабаюцца такія творы, якія можна прачытаць за дзень ці вечар.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Тут я распавяду пра беларускую літаратуру. Я вельмі люблю прозу Сьветы Курс (Евы Вежнавец), шкада, што яна мала ці то піша, ці то мала друкуецца, і наогул пры такім таленце мала жыве літаратурным жыцьцём. Проза Тацяны Барысік падабаецца, тэксты Тані Скарынкінай, Сабіны Брыло і Юлі Цімафеевай. Падабаюцца навэлі Ўладзімера Сьцяпана і Ўладзімера Рабіновіча. Вершы Алега Мінкіна заварожваюць. Кніга вершаў Валянціны Аксак «Завінены рай» — рэальна ўразіла. Яшчэ мне падабаецца кніга Міколы Дзядка «Фарбы паралельнага сьвету» з сэрыі «Турэмная літаратура».

Калі не зь беларускай літаратуры — мяне вельмі ўразілі кнігі Маргарыты Хемлін.

Калі пад Воршай ня будзе нас, туды прыйдуць расейскія казакі

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Апавяданьні Ўладзімера Рабіновіча.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Над апавяданьнямі Ўладзімера Рабіновіча.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Такіх кніг хапае і сярод іх шмат беларускіх, але называць ня буду, бо пры нашых рэаліях — наступствы бываюць вельмі прыкрыя і доўгатэрміновыя.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Усе магу пачытаць. Тут не ад жанру залежыць, а ад таго, наколькі кніга жывая.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Чытаць люблю па ўсялякаму, і на чыталцы, і кнігі папяровыя. Люблю кнігу і як прадмет. Ня веру, што папяровыя кнігі зьнікнуць разам з водарам паперы, адчуваньнямі ад розных вокладак, кніжнай графікай. Цяпер шмат даводзіцца чытаць у цягніку — раніцай — і гэта чыталка электронная. Вечарам — папяровыя кнігі лепей.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Ведаю, але як гэта атрымліваецца, не магу патлумачыць — нешта інтуітыўнае. Захоўваюцца на кніжных паліцах і ў дзьвюх кніжных зашклёных шафах, каб не пыліцца. У ідэале кніжная шафа павінна быць са шклом.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Тактоўныя ў мяне знаёмыя — калі і зьдзіўляюцца, то не паказваюць выгляду. Я б псыханула, каб яны пачалі зьдзіўляцца той ці іншай кнізе.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

У дзяцінстве «Рабінзона Круза» на беларускай мове — у зялёнай цьвёрдай вокладцы з зялёнай закладкай і зялёным капталам.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Герой — любое аўтарскае «я» ў кнізе, якая падабаецца. А хто такі антыгерой — ня ведаю.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Шмат чытала ў дзяцінстве ўсяго, дзе ёсьць літары друкаваныя — тое і чытала. Найбольш любіла фантастыку Кліфарда Саймака і Рэя Брэдбэры, а з нефантастыкі — «Забіць перасьмешніка» Харпэр Лі — жывая кніга — я жыла ў яе прасторы і па шмат разоў перачытвала. У юнацтве вельмі любіла аповеды Джона Чывэра — і цяпер іх люблю.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Гэта было б «Дзікае паляваньне Караля Стаха» Ўладзімера Караткевіча. Наўрад ці ён яе чытаў. І яна ня доўгая і не складаная для прачытаньня. Гэта кніга пра суцэльную здраду і страту даверу.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Паліна Качаткова з бацькам Уладзімерам Качатковым

Запрасіла б паэтку Тацяну Сапач — абавязкова, якую вельмі люблю і паважаю, як чалавека, а паэзія яе настолькі глыбокая, магічная, што можна чытаць да канца жыцьця. Я таксама запрасіла б Кастуся Тарасава, якога лічу адным з найлепшых беларускіх празаікаў. Уладзімера Караткевіча запрасіла б — я яго практычна ня бачыла жывым. Ёсьць успамін у мяне размыты з 1984 года — чалавек, які сядзіць на сонейку каля аршанскай хаты. І добра памятаю дзень яго сьмерці — калі сяджу на баржы на Дняпры і гляджу на зялёныя водарасьці ў вадзе, якія рухаюцца, зьвіваюцца, разумею, што ўжо жывым яго не пабачу. Мне пра сьмерць Караткевіча маці паведаміла, яна са студэнтамі на практыцы тады была ў Менску, і нават хадзіла на пахаваньне. А я ўжо — толькі на магілу на Ўсходніх могілках у Менску. І яшчэ. Але гэта ўжо чацьвёрты… магчыма, Максіма Багдановіча, але шмат давялося б тлумачыць яму пра нашу працу ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча. А з жывых? Я б ня толькі пісьменьнікаў запрашала, а ўсіх бы запрашала — дала б абвестку на фэйсбуку — і ўваход вольны.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

У мяне ёсьць прыяцелька беларуска-ізраільская мастачка Таня Тур. У яе вельмі тонкае адчуваньне рэальнасьці і надрэальнасьці, яна вельмі эмпатычная. Умее слухаць і разумець. І яна маладзейшая мяне на 15 гадоў — на ролю біяграфа падыходзіць.

Што вы перачытваеце?

Прозу Яраслава Івашкевіча.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Працягну чытаць дзёньнікі Максіма Танка.

Літанкета Свабоды: Паліна Качаткова