Прынамсі 11 журналістаў незалежных мэдыя затрыманыя на дадзены момант па справе аб несанкцыянаваным доступе да платнай падпіскі на дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА. Свабода прааналізавала пяць адметных момантаў гэтак званай «справы БелТА».
1. Новы артыкул, па якім абвінавачваюць журналістаў
Сьледчы камітэт упершыню пачаў справу супраць журналістаў па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэксу (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, учынены зь іншай асабістай зацікаўленасьці, які пацягнуў за сабой прычыненьне істотнай шкоды).
«Я такіх прэцэдэнтаў не магу згадаць. Гэта такая «залатая жыла», якая цяпер дае магчымасьць сьледчым прыйсьці ледзь не да любога журналіста, спасылаючыся на «справу БелТА», — сказаў Свабодзе старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.
2. Абвінавачаньні журналістаў і дзеяньні праваахоўнікаў несувымерныя
Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства БелТА пра збоі пры ажыцьцяўленьні доступу да платнай падпіскі на паслугі, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму зь ягоных кліентаў. Tut.by і БелаПАН, сьцьвярджае сьледзтва, карысталіся чужым доступам да платнага кантэнту.
Сузаснавальнік беларускай праваабарончай арганізацыі Human Constanta Андрэй Сушко сказаў, што журналістаў нельга прыраўноўваць да хакераў.
Гэта пытаньне не крымінальнага права
«Для мяне гэта пытаньне не крымінальнага права, а грамадзянска-прававых адносін, дагаворных адносін зь БелТА, доступу да інфармацыі. Дзеяньні несувымерныя таму, у чым абвінавачваюцца журналісты. І той шкодзе, якая будзе нанесена іміджу Беларусі. Мы будуем IT-краіну, і не разабрацца ў пытаньнях падпіскі, паралізаваць працу дзьвюх буйнейшых мэдыякампаній — гэта выклікае шмат пытаньняў. Гэта ўжо па-за юрыдычнай плоскасьцю».
3. Упершыню ператрус закрануў Tut.by
Гэта першы ператрус у офісе ТАА «ТутБай Мэдыя» за 18-гадовую гісторыю існаваньня самага папулярнага інтэрнэт-парталу Беларусі, які заўжды імкнуўся займаць бесстароньнюю пазыцыю.
Заснавальнік Tut.by Юры Зісер сказаў, што сьледчыя падчас вобшуку запампавалі з офісных сэрвэраў усю ўнутраную інфармацыю кампаніі, уключаючы карпаратыўную пошту, карпаратыўны партал, бухгальтэрыю, прычым ня толькі «ТутБай Мэдыя», але заадно і ўсіх кампаній, якія маюць да яго дачыненьне. Паводле Зісера, «палітычная падаплёка стала відавочнай».
«Улады хочуць максымальна кантраляваць мэдыя, не дапускаць непажаданай інфармацыі і камэнтароў. А эпоха онлайн-мэдыя стварыла ў кіроўных вярхоў пачуцьцё, што яны страчваюць вагары ўплыву. Звышзадача дзеяньняў сілавікоў — застрашыць, узмацніць самацэнзуру, каб больш кантраляваць мэдыйны сэктар. І, у прыватнасьці, Tut.by, а гэта вельмі маштабны рэсурс, які мае вялікі ўплыў на сьвядомасьць беларусаў. Таму ён і трапіў у прыцэл», — сказаў Свабодзе палітоляг, мэдыйны экспэрт Аляксандар Класкоўскі.
4. Большасьць затрыманых — жанчыны
Большасьць затрыманых журналістаў — жанчыны.
Гэта наогул нейкае вар’яцтва
«Гэта не была мэтанакіраваная атака на жанчын-журналістак. У Беларусі проста журналістыка стала жаночай прафэсіяй, бо яна не прыносіць славы, грошай, а толькі вялікія праблемы, — кажа галоўная рэдактарка сайту «Беларускі партызан» Сьвятлана Калінкіна. — Раней, дарэчы, была «жаночая справа», калі праходзілі вобшукі ў газэце «Народная Воля» і на сайце «Хартыі». Тады мяне, Марыну Коктыш, Ірыну Халіп і Натальлю Радзіну абвінавачвалі ў спрыяньні паклёпу на кіраўніка Гомельскага ўпраўленьня КДБ. Але ў нас не было статусу падазраваных, вобшукамі і допытамі ўсё і абмежавалася. Тое, што цяпер адбываецца, гэта наогул нейкае вар’яцтва».
5. Да незалежных СМІ далучылі дзяржаўныя
Паводле Сьледчага камітэту, «да супрацьпраўнай дзейнасьці датычныя службовыя асобы незалежных мэдыякампаній «БелаПАН», Tut.by, Realt.by і Itv.by. Да іх далучылі дзяржаўныя ўстановы: выдавецкі дом «Беларуская навука» і газэту «Культура».
«Дзяржаўных далучылі за кампанію. Каб паказаць, маўляў, трапілі пад перасьлед ня толькі недзяржаўныя, але і яшчэ хтосьці», — выказаў меркаваньне старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.
Your browser doesn’t support HTML5
Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць
- Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
- 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
- Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
- 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
- Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
- Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
- Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс
- У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.