Як стала вядома Свабодзе, тры журналісты і галоўны рэдактар парталу Realt.by затрыманыя сёньня раніцай. Яны чакаюць допыту ў Сьледчым камітэце. Гаворка ідзе пра несанкцыянаваны доступ да навінаў БелТА.
Сёньня раніцай сьледчыя прыйшлі ў рэдакцыю парталу пра нерухомасьць Realt.by і забралі журналістаў Ігара Хмару, Марыю Сароку, Алену Маслоўскую і галоўнага рэдактара Ўладзіслава Кулецкага ў цэнтральны офіс Сьледчага камітэту на вуліцы Фрунзэ ў Менску. Таксама забралі і кампутарную тэхніку гэтых супрацоўнікаў. Цяпер яны чакаюць допыту.
Realt.by — адзін з найпапулярнейшых парталаў пра нерухомасьць у Беларусі. Паводле SimilarWeb, у чэрвені 2018 году на сайце было 1,3 мільёна наведваньняў.
Realt.by працуе з 2005 году. На партале публікуецца актуальная інфармацыя ад агенцый нерухомасьці, забудоўнікаў і прыватных асобаў аб продажы і арэндзе кватэр, дамоў і камэрцыйнай нерухомасьці.
Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць
- Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
- 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
- Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
- 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
- Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
- Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
- Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс
- У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.