У офісе Tut.by другі дзень працягваецца ператрус

На адным з паверхаў кампаніі, дзе месьціцца hoster.by, працягваецца вобшук.

Учора каля 18.20 карэспандэнты Свабоды пабачылі, як частка сьледчых зьехала з офісу Tut.by. Яны зьвезьлі канфіскаваную тэхніку і дакумэнты.

«На працягу дня з офіса канфіскавалі зь дзясятак сыстэмных блёкаў нашых журналістаў (ня толькі затрыманых)», — пацьвердзіў пазьней гэтую інфармацыю ў сваім фэйсбуку Юры Зісэр.

Сьледчыя ўчора вызвалілі толькі 9 паверх, дзе разьмяшчаецца рэдакацыя. Сёньня раніцай там адноўлена праца журналістаў.

На 8-м паверсе з раніцы 8 жніўня працягваецца ператрус, ён закрыты для супрацоўнікаў. Там разьмешваецца кампанія hoster.by — буйны інтэрнэт-правайдэр, які абслугоўвае больш за 60% беларускіх сайтаў. З 2012 года hoster.by зьяўляецца тэхнічным адміністратарам нацыянальных дамэнных зон .BY і .БЕЛ. Гэта бізнэс Юрыя Зісера, які адгалінаваўся ад Tut.by.

«У цяперашні час нешта робяць з офіснымі сэрвэрамі, — пісаў учора а 22-й гадзіне ў фэйсбуку Юры Зісер. — Магу меркаваць, што капіююць усю ўнутраную інфармацыю кампаніі, уключаючы карпаратыўную пошту, карпаратыўны партал, бухгалтэрыю. І калі гэта так, то напэўна ня толькі ТАА „ТУТ БАЙ МЭДЫЯ“, але заадно і ўсіх кампаній, якія маюць да мяне адносіны».