«Беларуская асацыяцыя журналістаў», Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускi ПЭН-Цэнтар асудзілі ператрусы ў рэдакцыях БелаПАН і Tut.by і заклікалі неадкладна вызваліць затрыманых журналістаў.
«Мы лічым гэта грубым парушэньнем свабоды выказваньня і дзейнасьці СМІ. У любым выпадку дзеяньні праваахоўных органаў выглядаюць празьмернымі. Расьсьледаваньне крымінальных спраў не павінна адбівацца на свабодзе і прафэсійнай дзейнасьці СМІ», — гаворыцца ў супольнай заяве арганізацыяў.
Прадстаўнікі БАЖ, «Вясны» і ПЭН-цэнтру адзначаюць, што перасьлед рэдакцыяў БелаПАН і Tut.by выклікае асаблівую занепакоенасьць на тле сыстэматычных парушэньняў права на распаўсюд інфармацыі і запалохваньня журналістаў празь перасьлед заснавальніка БелаПАН Аляксандра Ліпая і журналістаў тэлеканалу «Белсат».
«Заклікаем неадкладна вызваліць затрыманых і забясьпечыць доступ астатніх журналістаў Tut.by і БелаПАН да іх працоўных месцаў», — гаворыцца ў заяве.
Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць
- Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
- 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
- Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
- 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
- Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
- Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
- Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс
- У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.