Загнаў Коржыча ў акоп і шпурляў у яго рыдлёўкай. Онлайн першага дня гучнага працэсу

8 жніўня ў Менскім абласным судзе пачынаецца разбор крымінальнай справы ў дачыненьні да трох вайскоўцаў па факце сьмерці ў вайсковай частцы ў Печах пад Барысавам салдата Аляксандра Коржыча.

Падсуднаму сяржанту Яўгену Бараноўскаму прад’яўленае абвінавачаньне паводле ч. 1, 2 арт. 430 (атрыманьне хабару), ч. 3 арт. 455 (злоўжываньне ўладай, перавышэньне ўлады ці бязьдзейнасьць улады) і ч.1 арт. 205 (крадзеж) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, сяржантам Антону Вяжэвічу і Ягору Скуратовічу — паводле ч. 1, 2 арт. 430 і ч. 3 арт. 455 КК.

Антон Вяжэвіч, Ягор Скуратовіч і Яўген Бараноўскі

Судзьдзя — Алег Лапека, пракурор — Юры Шарсьнёў.

У залю суду запрасілі 20 салдатаў, якія прызнаныя пацярпелымі ў справе.

Пацярпелыя

11:02 Працэс пачаўся. У залі суду 20 пацярпелых салдат, а таксама маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана. Трое абвінавачаных сяржантаў сядзяць за кратамі ў самым далёкім канцы залі, ва ўсіх іх ёсьць адвакаты. На самым пачатку паседжаньня судзьдзя забараніў фота- і відэаздымкі працэсу.

Маці і бабуля Аляксандра Коржыча

11:13 Судзьдзя апытаў абвінавачаных сяржантаў. Гэта Бараноўскі, Скуратовіч і Вяжэвіч. Усе служылі ў роце Коржыча, маюць сярэднюю спэцыяльную адукацыю (акрамя Вяжэвіча, ён скончыў толькі 9 клясаў агульнаадукацыйнай школы). Абвінавачаныя былі затрыманыя на пачатку кастрычніка 2017 году.

11:18 Судзьдзя коратка апытаў пацярпелых салдат, якія знаходзяцца ў залі суду. Усяго іх 22, адзін у цывільным.​

Пацярпелыя салдаты

11:22 Паводле судзьдзі, на першае паседжаньне не зьявілася больш за дзесяць пацярпелых. Разгляд справы будзе працягвацца бязь іх.

11:33 Пракурор зачытвае правы і абавязкі сяржанта Бараноўскага, якія той меў згодна з дадзенай ім прысягай і паводле пасады, якую займаў, а таксама свайго вайсковага званьня.

Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, сяржант Бараноўскі быў абавязаны сачыць за выкананьнем шэрагу правілаў сярод яго падначаленых. У прыватнасьці, за тым, каб салдаты не карысталіся мабільнымі тэлефонамі. Аднак, па словах пракурора, Бараноўскі ігнараваў гэтае правіла «з мэтай асабістай нажывы». За магчымасьць карыстацца тэлефонамі Бараноўскі атрымліваў ад салдат хабар.

«У адзін зь дзён да Бараноўскага зьвярнуўся шараговец Шылко з просьбай за ўзнагароджаньне дазволіць карыстацца мабільным тэлефонам. Бараноўскі пагадзіўся зрабіць гэта за 30 рублёў», — сказаў абвінаваўца.

Пацярпелыя

11:37 Дзяржаўны абвінаваўца пералічвае іншыя выпадкі атрыманьня сяржантам Бараноўскім грошай ад салдат за магчымасьць карыстацца сваімі мабільнікамі. Паводле пракурора, Аляксандар Коржыч у канцы ліпеня 2017 году таксама зьвяртаўся да Бараноўскага з просьбай дазволіць карыстацца мабільным тэлефонам, за што сяржант атрымаў ад падначаленага 40 рублёў.

Акрамя гэтага, пракурор паведаміў, што Бараноўскі патрабаваў ад салдат грошы за наведваньне крамы, а таксама прымушаў іх набываць яму там тавары. У прыватнасьці, Аляксандра Коржыча сяржант Бараноўскі прымушаў набываць яму каву, пячэньне, цыгарэты і іншыя тавары на суму, ня меншую за 54 рублі.

11:53 Па словах пракурора, агулам сяржант Бараноўскі, карыстаючыся сваім службовым становішчам, атрымаў тавараў з падначаленых на суму 314 рублёў 85 капеек.

«Жадаючы пакараць курсантаў, паказаць ім сваё становішча, зьдзекуючыся, прымушаў вайскоўцаў выконваць фізычныя практыкаваньні», — сказаў пракурор.

Абвінаваўца ўдакладніў, што Бараноўскі прымушаў Коржыча і іншых салдат адціскацца ад падлогі ноччу, заміраць на выцягнутых руках. Адціскацца ад падлогі салдаты павінны былі на працягу 5 хвілін. Такія практыкаваньні адбываліся неаднаразова, у тым ліку за недастаткова белы, на думку сяржанта, каўнерык. Часам замест 5 хвілін Бараноўскі прымушаў салдат адціскацца ад падлогі 20 альбо 25 разоў.

12:00 «Будучы незадаволеным, што салдаты размаўлялі пасьля каманды „адбой“, Бараноўскі загадаў шэрагу салдат (сярод іх быў і Аляксандар Коржыч) устаць, надзець адгазьнікі і выканаць 30 адцісканьняў ад падлогі, што падначаленыя Бараноўскага і выканалі», — кажа пракурор.

Па словах пракурора, адзін з салдат аднойчы адмовіўся падпарадкоўвацца Бараноўскаму і адціскацца ад падлогі. У выніку Бараноўскі зьбіў падначаленага, нанёсшы яму «ня менш за чатыры ўдары».

Акрамя грашовых пабораў і адцісканьняў, Бараноўскі, па словах пракурора, неаднаразова прымушаў падначаленых працаваць у якасьці пакараньня за правіннасьці. У прыватнасьці, аднойчы ён прымусіў аднаго з салдат вымыць прыбіральню за тое, што салдат там курыў цыгарэту. Перад гэтым сяржант Бараноўскі выпэцкаў яе сродкам для чысткі абутку.

12:14 Пракурор расказвае, што сяржант Бараноўскі часам браў з салдат хабар за дазвол пакурыць у спэцыяльна прызначаным для курэньня месцы на тэрыторыі часткі. За гэта падначаленыя салдаты, як правіла, набывалі Бараноўскаму цыгарэты.

12:20 Па словах пракурора, аднойчы да Бараноўскага зьвярнуўся шараговец Коржыч, які прапанаваў 30 рублёў за тое, што сяржант ня будзе турбаваць яго. Бараноўскі пагадзіўся. Пазьней ён запатрабаваў ад Коржыча яшчэ 20 рублёў за тое, што Коржыч знаходзіўся ў мэдычнай частцы.

Яўген Бараноўскі (у цэнтры)

12:25 Пракурор пералічвае прозьвішчы салдат, якіх пэрыядычна зьбіваў сяржант Бараноўскі. Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, Бараноўскі біў падначаленых нагамі (абутымі ў берцы) і рукамі. Прычынай агрэсіі магла стаць нават адмова даць яму цыгарэту. «Бараноўскі сыстэматычна праяўляў гвалт у дачыненьні да шарагоўца Коржыча, — сказаў пракурор. — Будучы незадаволены тым, што Коржыч ня выканаў яго незаконны загад аб забароне курыць, нанёс падначаленаму ўдар нагой па назе».

Агулам пракурор назваў каля 10 выпадкаў, калі сяржант Бараноўскі зьбіваў шарагоўца Коржыча.

«Супрацьпраўныя дзеяньні Бараноўскага, выкананыя ў змове зь сяржантамі Скуратовічам і Вяжэвічам, пацягнулі за сабой цяжкія наступствы ў выглядзе самагубства шарагоўца Коржыча, — сказаў пракурор. — Баючыся і не жадаючы вяртацца ў частку, ня бачачы іншага выйсьця, Коржыч 26 верасьня 2017 году пасьля выпіскі з мэдычнай часткі пасьля 12 гадзіны прайшоў у падвал мэдычнай роты, дзе павесіўся. Сьмерць Коржыча наступіла ў выніку мэханічнай асьфіксіі».

12:30 Пракурор скончыў чытаць абвінавачваньне сяржанту Бараноўскаму. Пералічэньне правапарушэньняў сяржанта працягвалася каля 40 хвілін.

12:32 Пачалося агалошваньне абвінавачаньня, выстаўленага сяржанту Скуратовічу. Ён таксама служыў у частцы Аляксандра Коржыча.

Ягор Скуратовіч

12:42 Па словах дзяржаўнага абвінаваўцы, сяржант Скуратовіч зьдзяйсьняў тыя ж правапарушэньні, што і Бараноўскі. У прыватнасьці, патрабаваў ад салдат узнагароджваньне за магчымасьць карыстацца мабільнымі тэлефонамі, наведваць краму. За карыстаньне мабільнікам, напрыклад, ён атрымліваў па 20–40 рублёў. За магчымасьць наведваць краму змушаў салдат набываць яму прадукты харчаваньня.

За наведваньне крамы салдатамі сяржант Скуратовіч, па словах пракурора, патрабаваў ад іх пакецікі кавы, цыгарэты, піцу, вафлі, пячэньне і іншыя тавары.

«Агулам Скуратовіч пры ўказаных абставінах атрымаў ад падначаленых хабар на суму каля 140 рублёў», — сказаў пракурор.

Таксама дзяржаўны абвінаваўца заявіў, што Скуратовіч, як і Бараноўскі, неаднаразова з мэтай зьдзеку прымушаў падначаленых салдат выконваць фізычныя практыкаваньні ў выглядзе адцісканьняў ад падлогі. Сярод салдат, пацярпелых ад такіх дзеяньняў, быў і Аляксандар Коржыч. Адбывалася гэта, паводле абвінавачаньня, як у дзённы, так і ў начны час. Падчас адцісканьняў ад падлогі салдат прымушалі спыняцца на паўсагнутых руках. «Пры гэтым салдаты зазнавалі маральныя і фізычныя зьдзекі», — сказаў пракурор.

Акрамя гэтага, пракурор расказаў пра іншыя спосабы пакараньня, якія практыкаваў сяржант Скуратовіч у дачыненьні да сваіх падначаленых. Сярод іх выпадак, калі Скуратовіч прымусіў аднаго з салдат выконваць фізычныя практыкаваньні ў адгазьніку на вачах у іншых шарагоўцаў.

13:05 У судзе перапынак да 14 гадзіны.

14:00 Працэс аднавіўся. Пракурор працягвае чытаць абвінавачаньне супраць сяржанта Скуратовіча.

Пракурор агучыў выпадак, калі адзін з шарагоўцаў выпадкова назваў сяржанта Скуратовіча шарагоўцам. У адказ на гэта Скуратовіч адвёў падначаленага ў прыбіральню і змусіў яго аблізаць ёршык ад прыбіральні языком. На дадатак сяржант прымусіў шарагоўца набыць яму ў якасьці кампэнсацыі піцу.

Прычынай зьбіцьця салдат у Печах, па словах пракурора, магла быць і неадпаведная, на думку сяржанта Скуратовіча, акантоўка прычоскі. За такую правіннасьць сяржант біў падначаленых рукамі ў грудную клетку і патыліцу, а таксама нагамі ў берцах па голенях і каленам у сьцёгны. Удары маглі быць як адзіночныя, так і парныя, альбо адразу наносіліся сэрыяй з 5–10 удараў.

Па словах пракурора, супрацьзаконныя дзеяньні Скуратовіча, зьдзейсьненыя ў змове зь іншымі асобамі, пацягнулі за сабой цяжкія наступствы ў выглядзе самагубства Аляксандра Коржыча. Абвінаваўца паўтарыў вэрсію сьледзтва, агучаную падчас зачытваньня абвінавачаньня сяржанта Бараноўскага. «Скуратовіч здзейсьніў перавышэньне ўлады», — сказаў пракурор.

14:17 Пачынаецца агалошваньне абвінавачаньня супраць трэцяга сяржанта — Вяжэвіча.

14:31 Як і іншыя абвінавачаныя сяржанты, Вяжэвіч ня меў права атрымліваць ад сваіх падначаленых-салдат якія-небудзь рэчы і грашовыя сродкі. Ён мусіў сачыць за тым, каб салдаты не карысталіся мабільнымі тэлефонамі і не парушалі вайсковы статут. У выпадку парушэньняў сяржант быў абавязаны паведаміць пра гэта кіраўніцтву часткі. Замест гэтага, паводле абвінавачаньня, сяржант Вяжэвіч, карыстаючыся службовымі паўнамоцтвамі, змушаў падначаленых плаціць яму за магчымасьць карыстацца мабільнымі тэлефонамі, а таксама атрымліваў узнагароджаньне ад салдат за дазвол наведваць краму, разьмешчаную на тэрыторыі вайсковай часткі.

14:58 Паводле абвінавачаньня Вяжэвіча, якое зачытвае пракурор, дзеяньні гэтага сяржанта мала адрозьніваліся ад дзеяньняў Бараноўскага і Скуратовіча. Вяжэвіч таксама абкладаў падначаленых, якія хацелі наведаць краму, своеасаблівай данінай. Салдаты павінны былі набываць свайму сяржанту каву ў пакеціках, вафлі, пячэньне, цыгарэты, салодкія напоі. Агулам за кожнае наведваньне крамы салдат павінен быў набываць сяржанту тавараў на 1–2 рублі. Пералік даказаных сьледзтвам выпадкаў займае не адзін дзясятак хвілін.

15:25 «Агулам Вяжэвіч атрымаў хабар на суму 139 рублёў 40 капеек», — сказаў пракурор. Дзяржаўны абвінаваўца таксама падкрэсьліў, што сяржант браў хабар паўторна, што абцяжарвае яго віну. Абвінавачваньне таксама мяркуе, што Вяжэвіч (як і Бараноўскі са Скуратовічам) змушаў сваіх падначаленых салдат выконваць фізычныя практыкаваньні як днём, так і пасьля каманды на адбой. Пракурор назваў некалькі канкрэтных выпадкаў прымяненьня гвалту ў дачыненьні да падначаленых вайскоўцаў. Гэта адбывалася пачынаючы з канца траўня (амаль адразу пасьля таго, як прызыўнікі прыбылі на месца службы ў Печы) да канца верасьня, калі зьнік Аляксандар Коржыч.

16:10 Пракурор расказаў, як абвінавачаны Вяжэвіч зьдзекаваўся з Аляксандра Коржыча. Паводле яго, у адзін зь дзён жніўня 2017 году сяржант загнаў падначаленага Коржыча ў акоп глыбінёй 1,2 мэтра, пасьля чаго пачаў кідаць у яго рыдлёўкай. Агулам такім чынам ён шпурнуў рыдлёўку ў Коржыча каля пяці разоў, кожны раз утыкаючы яе ў грунт каля ног Коржыча. Таксама сьледзтву вядома пра некалькі выпадкаў прымяненьня Вяжэвічам фізычнага гвалту ў дачыненьні да Аляксандра Коржыча.

16:20 Пракурор скончыў чытаць абвінавачаньні Бараноўскаму, Скуратовічу і Вяжэвічу. На пытаньне судзьдзі, ці прызнаюць яны сябе вінаватымі, усе трое заявілі суду, што віну сваю прызнаюць толькі часткова. Абвінавачаныя сяржанты прызналі сваю віну ў атрыманьні хабару, аднак адмаўляюць, што дапушчанае імі перавышэньне ўлады прывяло да асабліва цяжкіх наступстваў у выглядзе самагубства Аляксандра Коржыча.

Далей працэс будзе праходзіць у наступным парадку:

  • допыт абвінавачаных,
  • допыт пацярпелых (першай апытаюць Сьвятлану Коржыч),
  • апытаньне сьведак,
  • вывучэньне матэрыялаў справы,
  • спрэчкі бакоў,
  • выступленьні абвінавачаных і пацярпелых і іх прадстаўнікоў,
  • абвяшчэньне выраку.

16:30 У судзе абвешчаны перапынак да 9 жніўня.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

Справу аб трагічнай гібелі салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча расьсьледавалі каля 9 месяцаў, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Да працэсу расьсьледаваньня ў якасьці выключэньня была дапушчаная маці нябожчыка Сьвятлана Коржыч.

Your browser doesn’t support HTML5

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Пры гэтым сам СК раней паведамляў, што цела знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай — як гэта спалучаецца з вэрсіяй пра самагубства, маці не патлумачылі. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Праз два тыдні пасьля таго, як у падвале вайсковай часткі ў Печах знайшлі труп Аляксандра Коржыча, Сьледчы камітэт Беларусі распачаў 8 крымінальных спраў у дачыненьні да 8 вайскоўцаў. Пазьней колькасьць затрыманых у справе Аляксандра Коржыча вайскоўцаў павялічвалася: акрамя сяржантаў і прапаршчыка, за краты трапілі таксама два афіцэры, якія кіравалі ротай Коржыча. Аднак з больш чым 15 чалавек, затрыманых у справе, на лаве падсудных у першым працэсе апынуліся толькі тры сяржанты, якім прад'явілі абвінавачваньні паводле ч. 1, 2 арт. 430 і ч. 3 арт. 455 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

У справе салдата Коржыча, які загінуў у войску, будуць судзіць толькі сяржантаў

Частка 3 артыкула 455 КК. Злоўжываньне начальніка ці службовай асобы ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі зь цяжкімі наступствамі. Пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або без канфіскацыі і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.

Часткі 1 і 2 арт. 430 КК. Прыняцьце службовай асобай для сябе ці для блізкіх матэрыяльных каштоўнасьцяў ці выгод маёмаснага характару. Караецца абмежаваньнем волі на тэрмін ад 3 да 5 гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю, або пазбаўленьнем волі на тэрмін да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу. На 31 ліпеня ў судах знаходзіцца яшчэ 12 крымінальных спраў за дзедаўшчыну, у іх фігуруе 19 асобаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?