Запіс тэлефоннай размовы затрыманых 7 жніўня рэдактарак парталу Tut.by Марыны Золатавай і Ганны Калтыгінай апублікаваў YouTube-канал Агенцтва тэлевізійных навінаў, якое ўваходзіць у Белтэлерадыёкампанію.
Выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара Tut.by Вольга Лойка сказала Свабодзе, што яшчэ ня мае пацьверджаньня, што гэта запіс рэальнай размовы паміж Золатавай і Калтыгінай. Цяпер аднаго падабенства голасу недастаткова, каб упэўніцца, што гэта ня фэйк, лічыць Лойка.
Запіс размовы перадаў Сьледчы камітэт, пазначана ў апісаньні відэа. Пра распачатую крымінальную справу супраць Tut.by СК паведаміў 7 жніўня; калі менавіта завялі справу, не ўдакладняецца. Апэратыўна зьвязацца з прадстаўнікамі СК не ўдалося.
Паводле Закону аб апэратыўна-вышукавай дзейнасьці апэратары мусяць праслухоўваць і перадаваць паведамленьні сілавікам, калі ў гэтым ёсьць неабходнасьць.
Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць
- Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
- 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
- Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
- 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
- Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
- Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
- Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс
- У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.