Зьявіліся два новыя дасьледаваньні, падчас якіх вывучалася, што адбываецца, калі мы не трэніруемся або недастаткова рухаемся на працягу пэўнага пэрыяду часу.
Пра іх вынікі ў газэце The New York Times піша Грэтхэн Рэналдз.
Што адбываецца падчас фізычнай нагрузкі
Шмат хто з нас, піша Рэналдз, летам падчас адпачынку любіць падрамаць на пляжы. Але два новыя вялікія дасьледаваньні з удзелам маладых і пажылых людзей, паказваюць, што мэтабалічныя наступствы малой актыўнасьці на працягу некалькіх тыдняў могуць быць такімі ўстойлівымі, што захаваюцца нават пасьля таго, як актыўнасьць адновіцца.
Падчас руху мышцы, з аднаго боку, спальваюць цукар у крыві, а зь іншага, у адказ на сыгнал гармону інсуліну захоўваюць частку цукроў для выкарыстаньня ў будучыні. Гэта дапамагае нашаму целу прадухіляць рэзкі рост узроўню цукру ў крыві, рэзыстэнтнасьць да інсуліну і ўзьнікненьне дыябэту 2 тыпу.
Калі мы не трэніруемся або недастаткова рухаемся
У некаторых ранейшых дасьледаваньнях высьветлілася, што ў здаровых, актыўных маладых людзей наступствы былі хуткія, але зваротныя. Добраахвотнікі ляжалі або сядзелі некалькіх дзён запар, пасьля чаго ў іх фіксаваўся павышаны ўзровень цукру ў крыві і некаторыя раньнія прыкметы рэзыстэнтнасьці да інсуліну.
Але праз дзень-два пасьля вяртаньня да нармальнай дзейнасьці вярнуліся ў норму і аналізы.
Але вынікі новых дасьледаваньняў не такія аптымістычныя.
Першае дасьледаваньне
Падчас аднаго з экспэрымэнтаў, вынікі якога былі апублікаванага ў чэрвені ў часопісе Diabetologia, дасьледчыкі зь Лівэрпульскага ўнівэрсытэту ў Вялікабрытаніі папрасілі 45 дарослых мужчын і жанчын рэзка перастаць рухацца.
за два тыдні ў добраахвотнікаў узьнікла парушэньне абмену рэчываў, узровень цукру ў крыві ўзрос, адчувальнасьць да інсуліну зьнізілася
Удзельнікі раней былі актыўныя, рабілі больш за 10 тысяч крокаў штодзень і не хварэлі на дыябэт. Падчас двухтыднёвага экспэрымэнту яны скарацілі норму да менш чым 2 тысяч крокаў у дзень і сядзелі тры з паловай дадатковыя гадзіны.
Пасьля іх абсьледавалі, папрасілі вярнуцца да сваёй звычайнай актыўнасьці на працягу двух тыдняў і зноў абсьледавалі.
Аказалася што за два тыдні ў добраахвотнікаў узьнікла парушэньне абмену рэчываў, узровень цукру ў крыві ўзрос, адчувальнасьць да інсуліну зьнізілася, профілі халестэрыну сталі менш здаровымі. Таксама яны страцілі трохі мышачнай масы ў нагах і набылі новы тлушч вакол жывата.
На шчасьце, большасьць з гэтых праблем мінуліся пасьля таго, як мужчыны і жанчыны зноў сталі актыўныя.
Але па невядомых прычынах некаторыя з добраахвотнікаў не змаглі вярнуцца да ранейшага ўзроўню нагрузкі. Аказалася, што час іх актыўнасьць троху зьменшыўся, а рэзыстэнтнасьць да інсуліну захавалася і пасьля двух тыдняў адноўленых практыкаваньняў.
Другое дасьледаваньне
Яго вынікі былі апублікаваныя ў Journals of Gerontology.
На гэты раз навукоўцы сканцэнтраваліся на людзях, старэйшых за 65 гадоў, якія мелі павышаны ўзровень цукру ў крыві і рызыку дыябэту. Але, апрача гэтага, яны былі здаровыя і адносна актыўныя, робячы па 7-8 тысяч крокаў штодзень.
Як і ў першым дасьледаваньня, удзельнікі экспэрымэнту два тыдні сядзелі большую частку дня, робячы менш за 1000 крокаў. А пасьля яны на два тыдні вярнуліся да сваёй ранейшай актыўнасьці.
Некаторых удзельнікаў экспэрымэнту давялося хутка зь яго выводзіць, бо яны ўсутыч наблізіліся да дыябэту 2 тыпу
У добраахвотнікаў, як і падчас першага дасьледаваньня, хутка павысіўся ўзровень цукру ў крыві і ўзрасла рэзыстэнтнасьць да інсуліну. У некаторых былі зафіксаваныя зьмены ў мышцах, якія паказвалі на хуткі пачатак страты мышачнай масы.
Больш за тое. Некаторых удзельнікаў экспэрымэнту давялося хутка зь яго выводзіць, бо яны ўсутыч наблізіліся да дыябэту 2 тыпу.
У большасьці мужчын і жанчын пасьля экспэрымэнту непажаданыя мэтабалічныя зьмены цалкам ня зьніклі.
Выснова мэдыкаў
Наступствы малой актыўнасьці пагаршаюцца з павелічэньнем узросту і здольныя захоўвацца пасьля аднаўленьня актыўнасьці.
Асабліва гэта важна ведаць пажылым людзям, якія часта трапляюць у бальніцы ў выніку хвароб або траўмаў. Але і маладзейшыя людзі, падчас пасіўнага адпачынку або вакацый, могуць нечакана пагоршыць сваё здароўе.
Пляж таксама надаецца для праходак і прабежак
Калі гэта магчыма, трэба не пераставаць рухацца нават у бальніцы падчас хваробы.
Маладым людзям замест ляжаньня на пляжы варта лепш падумаць пра плян новых практыкаваньняў падчас адпачынак. Пляж таксама надаецца для праходак і прабежак.