Прыгожыя дурніцы, такія сумныя і такія сэксі... Музычныя гіты лета-2018

Песьні, якія я сёньня хачу вам парэкамэндаваць, выйшлі на сёлетніх альбомах. Нават больш, гэтыя альбомы мелі афіцыйную прэм’еру сёлетнім летам. Таму, мабыць, ня будзе вялікай нахабнасьцю з майго боку дапусьціць, што іх выканаўцы спадзяваліся зацікавіць перш за ўсё «летнюю аўдыторыю», калі чалавек у нашай частцы сьвету расслабляецца і ня хоча слухаць нешта цяжкое, канцэптуальнае і дэпрэсіўнае, а хутчэй імкнецца да нечага лёгкага, простага і вакацыйнага.

Як бы яно ні было, майце на ўвазе, што мая сёньняшняя мэта дакладна такая: з усяго сёлетняга музычнага шуму, які прасачыўся праз мае вушы, я пастараўся выбраць нешта лёгкае, мяккае, мэлядычнае і антыдэпрэсіўнае (за адным выняткам) — тое, што мне самому гладка праляцела праз вушы, не набіўшы музычнай аскомы.

Майце таксама на ўвазе, што рэкамэндацыі дае вам чалавек, які помніць часы, калі на радыё ўпершыню зьявіліся песьні Бітлз «Girl» і «Michelle». А таму не ўзбухайце занадта, калі мая падборка па нейкіх парамэтрах вам не падыдзе. Сівыя вэтэраны таксама ж маюць права на свой густ :)

Jorja Smith «Beautiful Little Fools» (альбом «Lost & Found»)

Усё тут, па-мойму, беззаганнае — і музыка, і іранічныя словы песьні пра «прыгожых дурнічак», і клясны візаж Джор’і Сьміт зь Вялікай Брытаніі, якая ў чэрвені, пад свой 21-шы дзень народзінаў, выдала гэты дэбютны альбом. Хутчэй за ўсё, маем новую музычную зорку. І, ня выключана, новы стыль жаночай павабнасьці.

Beautiful little fools / That’s what us girls are destined for / Beautiful little fools / Born to be adored

Johnny Marr «Hi Hello» (альбом «Call the Comet»)

Джоні Мар — былы гітарыст брытанскага рок-гурта «The Smiths», аднаго з найважнейшых рок-гуртоў 1980-х. Пасьля распаду «The Smiths» у 1987, Мар доўгі час працаваў як сэсійны музыка (сярод іншага, супрацоўнічаў з Полам МакКартні), а ў нашым стагодзьдзі пачаў запісваць як саліст.

Rick Astley «Beautiful Life» (альбом «Beautiful Life»)

Неверагодна, але праўдзіва: у 1993, калі брытанскаму сьпеваку Рыку Эстлі было ўсяго 27 гадоў, ён пасьпеў прадаць 40 мільёнаў дыскаў і пастанавіў кінуць музычны бізнэс, каб поўнасьцю прысьвяціць свой час сям’і. Запісваць зноў Рык Эстлі стаў ужо ў нашым стагодзьдзі.

Lykke Li «So Sad So Sexy» (альбом «So Sad So Sexy»)

Гэта ўжо чацьвёрты альбом швэдзкай вакалісткі Люке Лі. Песьня, якая пасуе да нашай падборкі найбольш з усіх тут згаданых.

Varius Manx/Kasia Stankiewicz «Mgła nad Warszawą» (альбом «Ent»)

«Varius Manx» — гэта першаклясны польскі поп- і рок-гурт, заснаваны ў 1989. Гурт да сёньняшняга дня памяняў пяць вакалістак. Адной з самых любімых была Кася Станкевіч (1996-2000), якая вярнулася ў 2015 і запісала з гуртом адзін з найлепшых супольных альбомаў. Калі вам спадабаецца песьня «Mgła nad Warszawą», то можаце паслухаць на Ютубе яшчэ два іншыя запісы з гэтага дыску: «Kot bez ogona» і «Posłaniec Światła».

Intelligency «Бачу» (альбом #SHNBTS )

Вы думаеце, лёгка падабраць беларускі «летні гіт»? Калі мець на ўвазе такія парамэтры, як немудрагелістасьць, невышыванкавасьць, недэпрэсіўнасьць, небанальнасьць і мэлядычнасьць? Мне не было лёгка. Найбліжэйшае, што я мог знайсьці, чуваць у гэтай песеньцы:

Cowboy Junkies «All That Reckoning» (альбом «All That Reckoning»)

Cowboy Junkies — канадзкі гурт, заснаваны ў 1985. Гітарыст і кампазытар гурту Майкл Тымінс сказаў, што ўсе адзінаццаць песень зь іх апошняга альбому гавораць «пра пустыя сэрцы, пустыя гнёзды, страчаныя шляхі, страчаныя жыцьці і пра падвядзеньне вынікаў, якое заканчвае ранейшыя рэчы і пачынае нешта новае». Гэта музыка для тых, якія летам ня хочуць расслабіцца і ўзбадзёрыцца, а наадварот — пагрузіцца ў дэпрэсію, напіцца ўдрызг або пагрукаць галавой у сьцяну, каб страціць прытомнасьць на гадзіну ці дзьве. Зрэшты, паслухайце самі:

Paul McCartney «I Don’t Know» (альбом «Egypt Station»)

Афіцыйная прэм’ера гэтага альбому заплянаваная на 7 верасьня. На Ютубе можна паслухаць дзьве песьні з найноўшага запісу сэр Пола МакКартні, якому, нагадаем, у чэрвені споўніліся 76 гадоў. Ён — ікона сусьветнай культуры, а таму ня варта круціць носам, што ягоныя песьні, мабыць, ужо ня з нашай эпохі. Насамрэч, гэта ня ён жыве ў нашай эпосе, а хутчэй — мы ў ягонай.