Любы, хто будзе мець справы з Іранам, ня будзе весьці бізнэс з ЗША. Пра гэта Дональд Трамп напісаў у твітэры. Прэзыдэнт ЗША назваў новыя санкцыі ў дачыненьні да Тэгерану самымі суровымі за усю гісторыю. Апроч іншага Трамп паабяцаў ўвесьці новыя абмежавальныя меры ўжо ў лістападзе.
The Iran sanctions have officially been cast. These are the most biting sanctions ever imposed, and in November they ratchet up to yet another level. Anyone doing business with Iran will NOT be doing business with the United States. I am asking for WORLD PEACE, nothing less!
— Donald J. Trump (@realDonaldTrump) August 7, 2018
7 жніўня ЗША аднавілі санкцыі ў дачыненьні да Ірану. Згодна з абмежаваньнямі, Тэгеран не зможа закупляць даляравыя банкноты, ўводзяцца абмежаваньні на гандаль каштоўнымі мэталамі, а таксама алюмініем, стальлю і вугалем. Апроч іншага, забараняюцца транзакцыі з іранскай валютай — рыялам.
Эўразьвяз выступіў за захаваньне ядзернай угоды з Іранам і абяцаў абараніць эўрапейскія кампаніі, якія вядуць бізнэс з Тэгеранам. Ад 7 жніўня ў ЭЗ пачаў дзейнічаць «блякавальны статут». Ён дазваляе кампаніям Эўразьвязу не выконваць экстэрытарыяльныя амэрыканскія санкцыі і атрымліваць кампэнсацыю выкліканых імі страт. Статут таксама анулюе ўплыў у ЭЗ любых замежных судовых рашэньняў.
У траўні прэзыдэнт ЗША абвінаваціў Іран у дапамозе тэрарызму і абвясьціў аб выхадзе зь ядзернай угоды. Тады ж Дональд Трамп заявіў аб аднаўленьні ўсёабдымных санкцый супраць Тэгерана. Эўразьвяз катэгарычна адмовіўся разрываць пагадненьне з Іранам і далучацца да санкцыйнага рэжыму.