Юры Зісер: Гэта справа ня супраць Tut.by, а супраць асобных журналістаў

Юры Зісер (у цэнтры) у будынку, дзе месьціцца офіс кампаніі Tut.by

Заснавальнік кампаніі Tut.by Юры Зісер паведаміў Свабодзе, што ягоных супрацоўнікаў дапытваюць, іх тэлефоны не адказваюць, офіс парталу надалей заблякаваны сьледчымі.

«Гэта ня справа супраць Tut.by, пакуль размова ідзе пра некалькіх супрацоўнікаў, партал у гэтым не завязаны. Нам канешне непрыемна, што гэта заблякавала працу кампаніі, што людзей не пускаюць у офіс. Але людзі працуюць з кватэраў і сайт абнаўляецца», — сказаў Зісер.

Наконт прэтэнзіяў Сьледчага камітэту па несанкцыянаваным доступе да інфармацыі БелТА, Зісер заявіў:

«Я не ўзяўляю, навошта гэта магло спатрэбіцца, бо навіны БелТА ёсьць у адкрытым доступе».

Паводле Зісера, сьледчыя забралі кампутары некалькіх журналістаў, магчыма, пачалі ўжо пісаць пратаколы. Ён спадзяецца, што ператрус скончыцца да канца дня.

Зраніцы 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.

Ператрусы і затрыманьні ў кампаніях Tut.by і БелаПАН. Абнаўляецца

Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, зроблены зь іншай асабістай зацікаўленасьці, які пацягнуў прычыненьне істотнай шкоды»). Да названай супрацьпраўнай дзейнасьці датычныя службовыя асобы выдавецкага дому «Беларуская навука», ЗАТ «БелаПАН», ТАА «Тутбай Мэдыя».

Паводле Сьледчага камітэту, затрыманыя рэдактары парталу Tut.by Марына Золатава і Ганна Калтыгіна, а таксама супрацоўніца інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Тацяна Каравянкова. З затрыманымі няма сувязі. Дома ў іх праходзяць ператрусы.

Падпіска на БелТА, за парушэньне правілаў якой затрымалі 5 журналістак, каштуе 612 рублёў на месяц

Як стала вядома Свабодзе, супрацоўнікі праваахоўных органаў забралі на допыт таксама рэдактарак парталу Tut.by Ульляну Бабаед і Галіну Ўласік. Паводле Tut.by, на допыце ў Сьледчым камітэце знаходзяцца 6 супрацоўнікаў парталу Tut.by — журналістаў і выпускаючых рэдактараў. Прынамсі некаторыя зь знаходзяцца ў статусе падазраваных.

У СК растлумачылі, што падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства БелТА пра збоі пры ажыцьцяўленьні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія даваліся названым прадпрыемствам аднаму зь ягоных заказчыкаў.

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць

Ператрус у офісе БелаПАН

  • Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
  • 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
  • Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
  • 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
  • Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
  • Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
  • Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс​
  • У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.

Рэдактарка БелаПАН: Сьледчыя выкарыстоўваюць БелТА ў сваіх мэтах

Дырэктарка БелТА: Нашу інфармацыю кралі. Хто гэта рабіў, мы ня ведалі