4-5 жніўня ў Чашніцкім раёне Віцебскай вобласьці прайшоў фэст «Справа» — «Фэст месца». Свабода высьвятляла, чаму арганізатары назвалі яго ўнікальным.
Месцам, дзе спрабуюць пераасэнсаваць гістарычную прастору ў сучасным творчым кантэксьце, стала маленькая вёска Белая Царква — з адзіным паўразбураным помнікам архітэктуры 16 стагодзьдзя і шматлікімі дызайнэрскімі арт-аб’ектамі.
Белая Царква — ня толькі ва Ўкраіне
Ва Ўкраіне ёсьць 200-тысячны старажытны горад Белая Царква. У Беларусі Белая Царква — маленькая вёска на паўвысьпе Чарэйскага возера, за 30 км ад райцэнтру Чашнікі. Суседняя Чарэя — цяпер аграгарадок з паўтысячным насельніцтвам, а некалі буйное мястэчка з амаль тысячагадовай гісторыяй, зьвязанай з імёнамі Сапегаў і паэта Оскара Мілаша. Да нядаўняга часу Чарэя была вядомая пераважна аматарам краязнаўства і архітэктурнай спадчыны.
Вёска Белая Царква мае назву ад Траецкага храму, збудаванага коштам Багдана Сапегі. Гэтым архітэктурным помнікам яна і славіцца.
Уласна «белая царква» — гэта будынак з чырвонай цэглы ў стылі раньняга барока. Яна была атынкаваная і пабеленая.
Паводле паданьня, храм спраектаваў італьянскі архітэктар Арыстотэле Ф’яраванці, затрымаўшыся тут па дарозе ў Маскву, калі ехаў будаваць Усьпенскі сабор. Але ў выданьні «Помнікі архітэктуры Беларусі» аўтарства не пазначана.
Сёньня белая тынкоўка відаць на рэштках муроў толькі ў асобных месцах, дый тыя муры захаваліся ня цалкам: храм быў разбураны ў 1930-я. Цяпер ён уключаны ў дзяржаўную праграму аднаўленьня архітэктурнай спадчыны.
Чыя гэта Sprava?
У савецкія часы на сьценах унікальнага храму трэніраваліся альпіністы, і падчас адной з такіх трэніровак загінула дзяўчына. Бадай, гэта і ўсё, што было зь дзяцінства вядома пра Белую Царкву Мацьвею Сабураву зь недалёкага адсюль гораду Новалукомля.
На пачатку 2000-х рэжысэр Мацьвей Сабураў, вядомы праектам «Саша і Сірожа», відэакліпамі для Лявона Вольскага, «Ляпіса Трубяцкога» і «Крамбамбулі», наведаў гэтыя мясьціны. І вырашаў набыць хату ў Белай Царкве. Мацьвеева жонка, рэжысэрка Кацярына Аверкава, падтрымала ягоную прапанову перасяліцца ў вёску.
Паводле Сабурава, спачатку хата выкарыстоўвалася для сямейнага адпачынку зь сябрамі. Але неўзабаве Белая Царква і суседняя Чарэя сталі месцамі для відэаздымак, і ўрэшце сасьпела ідэя зладзіць у гэтых мясьцінах творчую прастору.
Пачаць вырашылі з фэсту Sprava, арганізаванага ўпершыню ў 2017 годзе супольнымі намаганьнямі Мацьвея Сабурава, Кацярыны Аверкавай і іхнага сябра, архітэктара Сяргея Краўчанкі.
Чым цікавы фэст у вёсцы?
Фэст Sprava — некалькі творчых пляцовак для майстар-клясаў, канцэртаў, сямейных забаваў, а таксама фуд-корты і месцы для адпачынку ў намётах або зробленых валянтэрамі «шатрах», «вігвамах» ці проста пад паветкамі ад сонца.
Тэрыторыі паўвострава дастаткова, каб госьці не заміналі адзін аднаму. Збудаваная летась сцэна — у нізіне, а пагорак пераўтвараецца ў прыродны амфітэатар для гледачоў, якія сёлета змаглі ўбачыць выступы гуртоў «Троіца», «Ulyanica», калектываў мясцовай мастацкай самадзейнасьці.
Для купаньня і пляжнага адпачынку абсталяваныя адмысловыя месцы, фудкорты не замінаюць выступам, а выступы — адпачынку ў кемпінгу. А над усім гэтым на пагорку ўзвышаецца Белая царква, якая таксама стала канцэртнай пляцоўкай: тут выступіў хор Віцебскай духоўнай сэмінарыі.
Такім чынам, фэст у Белай Царкве — ня толькі магчымасьць супольна пабавіцца на агульнай тэрыторыі, калі кожны знаходзіць сабе цікавы занятак і нікому не замінае. Гэта і ня фэст у звычайным разуменьні, лічыць Мацьвей Сабураў:
«Гэта не зусім фэст. Мы тут жывём — і імкнёмся пераўтвараць наша месца, жыцьцё ў ім. Калі гэта фэст — то фэст менавіта гэтага месца. Мы запрашаем выканаўцаў музыкі, якая пасуе менавіта гэтаму месцу, архітэктараў і дызайнэраў, якія ладзяць аб’екты, што падыходзяць менавіта гэтаму месцу. Разважаем, чаго яшчэ гэтаму месцу бракуе, і запрашаем людзей, чыя творчасьць стварае тут непаўторную атмасфэру».
Мацьвей Сабураў перакананы, што ключавы аб’ект тут — унікальная Белая царква, якая і ў цяперашнім заняпалым стане выглядае велічна:
«Хацелася б яе аднавіць, аднак прыцягненьне ўвагі да гэтых мясьцін з дапамогай фэсту мае шырэйшы сэнс».
Гэта не адзіная Sprava
Арганізатары фэсту ня лічаць рэстаўрацыю культавых пабудоваў сваёй мэтай. Яны хочуць ствараць новае, але на гістарычным грунце, на тле былых часоў, зь якімі можна ўваходзіць у рэзананс сучаснаму чалавеку.
Сёлета ўвесну ў рэчышчы гэтай канцэпцыі ў Белай Царкве і Чарэі працавала Міжнародная школа архітэктуры. Удзельнікі праекту пакінулі жыхарам і гасьцям тутэйшых мясьцін цэлы шэраг аб’ектаў. Сярод іх — драўляная канструкцыя зь некалькіх соцень «цаглінак», якая паўтарае контуры старой, цалкам разбуранай апсыды і дазваляе ўбачыць контур помніка архітэктуры.
Плён працы маладых архітэктараў — гэта і купальня, якая трансфармуецца ў амфітэатар на вадзе, і шмат што іншае. Сьпярша арганізатары пабойваліся, што архітэктурныя формы разрабуюць. Але мясцовыя жыхары ацанілі клопат.
Мары пра арт-рэзыдэнцыю
Мара Мацьвея Сабурава і ягоных аднадумцаў — каб мясцовыя людзі адчулі сябе не забітымі вяскоўцамі, а жыхарамі цэнтру Эўропы. Таму ў пэрспэктыве — навучальныя праграмы пра тое, як лепш наладзіць гандаль прадукцыяй са свайго падворку, як працуе агратурыстычны бізнэс. І, вядома, багатыя пляны культурніцкага разьвіцьця.
«Спачатку мы хацелі ператварыць Чарэйскі дом культуры ў аб’ект для кінапраглядаў і тэатральных праектаў, скарыстаўшы ягоную глядзельную залю. Цяпер замахнуліся на больш маштабны праект: зрабіць у закрытай Чарэйскай школе мастацкую рэзыдэнцыю — каб там быў хостэл, кавярня, выставачная заля», — кажа Мацьвей Сабураў.
Ён спадзяецца на спрыяньне мясцовых уладаў, зь якімі ўдалося дасягнуць узаемаразуменьня падчас падрыхтоўкі фэстаў.
«Я быў прыемна зьдзіўлены, што клясная ідэя можа аб’яднаць людзей, падзеленых палітычным, ідэалягічным супрацьстаяньнем. Калі ўсё пойдзе добра, то мы будзем і надалей разьвіваць культурніцкае жыцьцё рэгіёну цераз разьвіцьцё таго месца, дзе мы жывём», — кажа Мацьвей.
Мацьвей Сабураў перакананы, што варта прыкласьці намаганьні — і нават маленькая вёска можа стацца папулярным на ўсю краіну месцам. Бо шмат хто гатовы падарожнічаць у далёкія краі, каб паглядзець нейкія цікавосткі. А Беларусь — краіна невялікая, і калі ёсьць сапраўдны інтарэс, то нейкія 180 км ад Менску да Белай Царквы — зусім нязначная адлегласьць.