У выніку грамадзкага абмеркаваньня адміністрацыя Навабеліцкага раёну Гомля палічыла немэтазгодным зносіць 33 прыватныя дамы пад шматпавярховую забудову.
Праект прадугледжваў знос прыватных сядзібаў на вуліцах Герцэна, Урыцкага, Радзішчава, Дзімітрава і Мечнікава. Жыхары кварталу выпадкова даведаліся пра грамадзкія абмеркаваньні, але пасьпелі выступіць з актыўным пратэстам.
«Тут жылі нашыя сем пакаленьняў!» Гомельскія ўлады хочуць зьнесьці 33 прыватныя дамы
Грамадзкае абмеркаваньне праводзіліся з 2 па 27 ліпеня. 30 ліпеня ў адміністрацыі Навабеліцкага раёну падвялі вынікі. За знос выказаліся 10 чалавек, супраць — 263. Таксама ў адміністрацыю паступілі чатыры калектыўныя звароты з подпісамі «супраць» 363 чалавек.
Людзі былі супраць зносу і будаўніцтва шматпавярховага кварталу, сьцьвярджалі, што ў раёне не хапае сацыяльных аб’ектаў, пагоршыцца экалёгія, бракуе парковак, павялічыцца нагрузка на грамадзкі транспарт.
«Адміністрацыя раёну лічыць пярэчаньні грамадзян абʼектыўнымі»
«Адміністрацыя раёну лічыць пярэчаньні грамадзян абʼектыўнымі, просіць улічыць іх пры падвядзеньні вынікаў на архітэктурна-будаўнічым савеце аблвыканкаму», — паведаміла адміністрацыя Навабеліцкага раёну на афіцыйным сайце.
У адміністрацыі раёну зрабілі выснову, што рэалізацыя праекту зьяўляецца немэтазгоднай.
Аналягічна раённыя ўлады пагадзіліся зь меркаваньнем жыхароў вуліцы Піянэрскай, дзе тры прыватныя дамы таксама маглі трапіць пад знос. Супраць зносу і будаўніцтва шматпавярховых дамоў выказаліся 527 чалавек, плюс былі тры індывідуальныя і адна калектыўная скарга з агульнай колькасьцю падпісантаў 665 чалавек.
Людзі былі шакаваныя магчымым зносам
Жыхары аднаго з кварталаў Навабеліцкага раёну Гомля былі шакаваныя весткай, што іхныя 33 прыватныя дамы могуць зруйнаваць.
«Для нас гэта ня проста кавалак зямлі, дзе мы пражываем сваё жыцьцё. Тут жылі нашы прадзеды. На гэтай зямлі мы сёмае пакаленьне», — казаў Кірыл Осіпаў, адзін з жыхароў вуліцы Мечнікава.
Дамы ў квартале — спрэс дагледжаныя, адрамантаваныя, некаторыя нядаўна пабудаваныя. Людзі арганізаваліся і хутка сабралі сотні подпісаў супраць зносу.
Асноўныя нараканьні жыхароў Навабеліцы былі на неразьвітую інфраструктуру, недахоп месцаў у дзіцячых садках, школах, праблемы з транспартнай камунікацыяй.
У калектыўным звароце яны назвалі «калясальнай праблемай» Навабеліцкага раёну «бязглуздае жыльлёвае будаўніцтва пры поўным ігнараваньні разьвіцьця інфраструктуры». За апошнія дзесяцігодзьдзі найменшы ў горадзе мікрараён вырас з 30-35 да 75 тысяч чалавек. І пры гэтым сацыяльная інфраструктура практычна не зьмянілася.