Украінскі Youtube-блогер Яўген Вальноў патэлефанаваў у адзін зь менскіх інтэрнатаў і разыграў вахтарку, змусіўшы яе крычаць «Лука хай лоў» і «Жыве Беларусь! Жыве вечна!», паведаміў тэлеканал Белсат.
Ён назваўся супрацоўнікам Міністэрства надзвычайных сытуацыяў маёрам Пататавым і загадаў жанчыне падысьці да дымавога датчыка і пракрычаць пароль галасавога кіраваньня па-ангельску, які будзе яго адключаць.
Спачатку вахтарка ўсумнілася ў сапраўднасьці праверкі, але Вальноў яе пераканаў.
Жанчына сказала, што ня ведае ангельскай і папрасіла сваю калегу запісаць пароль.
Пароль складаўся са словаў «Лука хай лоў» на ўключэньне, і «Жыве Беларусь! Жыве вечна!» — на выключэньне.
Яўген Вальноў — украінскі Youtube-блогер і вядомы пранкер (чалавек, які займаецца тэлефоннымі розыгрышамі, кепікамі і жартамі з наіўных людзей, які нярэдка запісвае і пасьля выкладвае ў Інтэрнэт — РС), праславіўся як легендарны троль. Вальноў спэцыялізуецца на пранку простых людзей, а не палітыкаў.
Жыве ва Ўкраіне, выступаў ва ўкраінскіх СМІ, атрымаў значную вядомасьць у Расеі. З пачаткам ўкраінскага крызісу заняў антырасейскую пазыцыю. У сакавіку 2018 году праз пранкі распаўсюджваў фэйкавую інфармацыю пра нібыта 300 загінулых падчас пажару ў гандлёвым цэнтры ў Кемерава, у сувязі з чым супраць яго ў Расеі была заведзеная крымінальная справа па 282 артыкуле, а сам ён завочна арыштаваны і абвешчаны ў міжнародны вышук.