У Кітаі зьнесьлі студыю мастака Ай Вэйвэя

Ай Вэйвэй

У Пэкіне зьнесьлі майстэрню мастака Ай Вэйвэя, які рэзка крытыкаваў урад Кітаю і выказваўся ў падтрымку кітайскіх праваабаронцаў. Сам мастак адзначыў, што будынак, дзе ён працаваў, разбурылі без паведамленьня.

Студыя Ай Вэйвэя працавала больш за дзесяць гадоў. Улады сьцьвярджаюць, што яго кантракт на арэнду скончыўся. У канцы ліпеня некалькі іншых галерэй у гэтым жа раёне паведамілі, што іх высяляюць, а тэрыторыю вакол чакае перапляніроўка.

Ай Вэйвэй вядомы ў многіх краінах. У 2011 годзе кітайскія ўлады адабралі ў мастака пашпарт. Ён правёў 4 гады пад хатнім арыштам. Ягонае імя было заблякаванае ў кітайскіх інтэрнэт-пошукавіках. У 2015 годзе Ай Вэйвэй пераехаў жыць у Бэрлін, дзе заснаваў студыю.

Ай Вэйвэй атрымаў сусьветную вядомасьць у 2008 годзе як адзін са стваральнікаў праекту алімпійскага стадыёну ў Пекіне. У кастрычніку 2011 году часопіс Art Review зьмясьціў Ай Вэйвэя на першы радок свайго рэйтынгу самых уплывовых дзеячаў сучаснага мастацтва.