Місія NATO ў Аўганістане паведаміла пра сьмерць трох вайскоўцаў

Вайскоўцыі NATO ў Аўганістане ў ліпені 2017 году

Трое чэскіх вайскоўцаў зь місіі NATO ў Аўганістане загінулі пры падрыве тэрарыста-сьмяротніка на ўсходзе краіны. Пра гэта паведаміў прадстаўнік чэскай арміі. Яшчэ адзін вайсковец-амэрыканец і два салдаты аўганскай арміі атрымалі раненьні. Як паведамляе Associated Press, да выбуху датычны рух «Талібан».

NATO абвясьціла пра завяршэньне баявой апэрацыі ў Аўганістане ў 2014 годзе. Небаявая місія «Рашучая падтрымка» пачалася 1 студзеня 2015 году. Сёлета ў ліпені на саміце NATO ў Брусэлі прынялі рашэньне падоўжыць місію ў Аўганістане да 2024 году.

Пасьля вываду асноўнага кантынгенту войскаў NATO з Аўганістану ўнутраны канфлікт у краіне абвастрыўся. Радыкальныя ісламісты з «Талібану» рэгулярна ладзяць тэракты і напады на аўганскіх і замежных вайскоўцаў. Пэнтагон неаднаразова заяўляў, што расейскія ўлады аказваюць падтрымку талібам, пад выглядам дапамогі ў барацьбе з аўганскай ячэйкай тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава». Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў назваў такія абвінавачваньні беспадстаўнымі.