Урад Калюмбіі назваў «абсурднымі» абвінавачваньні прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадуры ў арганізацыі замаху. Адпаведную заяву калюмбійскі МЗС апублікаваў у сваім Twitter.
«МЗС ад імя ўрада Калюмбіі рашуча абвяргае абвінавачваньні ў адрас прэзыдэнта Калюмбіі Хуана Мануэля Сантаса, зробленыя прэзыдэнтам Вэнэсуэлы Нікалясам Мадурам. Абвінавачваньні ў тым, што калюмбійскі лідэр нясе адказнасьць за меркаваны напад на прэзыдэнта Вэнэсуэлы, зьяўляюцца абсурднымі і пазбаўленымі ўсякай падставы», — гаворыцца ў паведамленьні.
Comunicado de Prensa pic.twitter.com/IgPfNzF9ft
— Cancillería Colombia (@CancilleriaCol) 5 августа 2018 г.
У ведамстве дадалі, што для Мадуры «ўжо стала нормай вінаваціць Калюмбію ў любых сытуацыях».
«Мы патрабуем павагі да прэзыдэнта Хуана Мануэля Сантаса, урада і калюмбійскага народу», — напісалі ў МЗС.
Перад гэтым прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура заявіў, што за замахам на яго стаіць правая апазыцыя, якая дзейнічае пры падтрымцы Калюмбіі, і яе прэзыдэнт Хуан Мануэль Сантас асабіста. Мадура паведаміў, што некалькі падазраваных у датычнасьці да замаху ўжо затрыманыя, аднак ня стаў раскрываць дэталяў.