Увечары 3 жніўня памёр рок-музыка Аляксандар Кулінковіч. Пра ягонае месца на беларускай музычнай сцэне, шлях да беларускасьці і супярэчлівы характар распавялі Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч і Сяргей Будкін.
Будкін: Да беларускасьці ён прыйшоў праз Караткевіча
— Neuro Dubel — гэта адзін са слупоў беларускай незалежнай музыкі, — распавёў Свабодзе Сяргей Будкін, рэдактар музычнага парталу «Тузін гітоў». — Яны пачынальнікі айчыннага панк-року. Іншых яскравых гуртоў, якія гралі б у падобнай стылістыцы, я не прыгадваю. Альбо яны не засталіся ў гісторыі.
Neuro Dubel знайшоў свой шлях. У канцы 1990-х — пачатку 2000-х яны шмат выступалі на поп-мерапрыемствах.У песеньніках папулярнай музыкі канца 1990-х з можна было знайсьці песьні Neuro Dubel «Переехало комбайном», «Охотник и сайгак».
Neuro Dubel — адзін з галоўных гуртоў у гісторыі сучаснай беларускай музыкі
Натуральна, што гэта адзін з галоўных гуртоў у гісторыі сучаснай беларускай музыкі. Бо Кулінковіч удзельнічаў практычна ва ўсіх знакавых праектах. Таму сьведчаньне «Крамбамбуля», дзе ён, сьпяваў разам з Лявонам Вольскім і Сяргеем Міхалком.
Кулінковіч вельмі крыўдаваў, што доўгі час яго не лічылі беларускім гуртом, бо ён сьпяваў па-расейску. Але нават не сьпяваючы па-беларуску, можна быць беларускім гуртом паводле іншых прыкметаў: музычных, тэматычных, паводле самапазыцыянаваньня. Такім быў Neuro Dubel. Гэта, напэўна, першы расейскамоўны гурт, які перамог у Рок-Каранацыі і ўдзельнічаў у фэстывалі «Басовішча».
Але ўжо на мяжы 1990-х і 2000-х Neuro Dubel стаў беларускім. Кулінковіч не аднойчы казаў у інтэрвію і размовах, у тым ліку са мной, што на яго моцна паўплывала творчасьць Караткевіча. Ён неяк узяў пачытаць кнігу Караткевіча ў Лявона Вольскага, потым хваліўся жартам, што так і не аддаў праз 15 год. І Караткевіч перакуліў ягоны сьветапогляд. Пачалася беларускамоўная лінія ў творчасьці Neuro Dubel. І абавязкова ў кожным альбоме адна ці некалькі песень па-беларуску былі. Быў і цалкам беларускамоўны альбом.
Вольскі: На пачатку NRM Саша дапамагаў нам з выступамі
— Супольныя праекты ў нас з Сашам былі ўжо на фазе добрага знаёмства, — распавядае Лявон Вольскі, рок-музыка. — А спачатку мы былі слаба знаёмыя. Калі я толькі запачаткаваў NRM і нам трэба было болей выступаць, ён дапамагаў праводзіць выступы ў кавярні «Тры парсючкі» на Трактарным заводзе ў Менску.
І каля я яму паказаў свой першы альбом «ŁaŁaŁaŁa», ён сказаў: «Віншую, у Беларусі зьявіўся яшчэ адзін альтэрнатыўны гурт». Для мяне тады было істотным ягонае меркаваньне.
А ўжо потым мы шчыльна супрацоўнічалі з «Крамабамбуляй». Спачатку ў «Каралях раёну». У Ганны была такая ідэя, што ў праекце мусіць быць тры рознабаковыя пэрсанажы, якія абсалютна па-рознаму ўвасабляюць рок-сцэну Беларусі.
Потым я зрабіў адаптацыю песьні Бэль зь мюзікла Нотр-Дам дэ Пары. І мы сьпявалі кожны сваю арыю: Міхалок, Кулінковіч і я. На жаль, у нас атрымаўся толькі канцэртны выступ, бо мы так і не атрымалі правоў на выкарыстаньне часткі мюзіклу.
Быў наступны альбом «Крамбамбулі» «Радыё 0.33», дзе ён выконваў песьню на трасянцы «23 феўраля». І «Марскі чалавек» — гэта досыць вядомая песьня. Саша потым сьпяваў яе таксама і ў Neuro Dubel.
Былі яшчэ неаднаразовыя супрацы на акцыі «Салідарныя зь Беларусьсю» ў Варшаве. У 2006 годзе мы сьпявалі гіты польскіх альтэрнатыўных гуртоў 1980-х — часоў Салідарнасьці. І Саша сьпяваў «Chłopcy z Placu Broni». Песьню пра свабоду.
Варашкевіч: Я ніколі ня быў такім працавітым, як Саша
— Саша быў такі супярэчлівы чалавек, — сказаў Свабодзе Ігар Варашкевіч, рок-музыка. — Розныя рэчы зь ім адбываліся. То ён ня тое скажа, ня тое напіша. Але вось зараз разумеем, што перад сьмерцю ўсе мы роўныя, і на розныя жыцьцёвыя дробязі ня варта зьвяртаць увагі. Варта глядзець на тое, якім быў чалавек. Кулінковіч сам любіў казаць: «Усе людзі добрыя». «Добры чалавек» — так ён часта зьвяртаўся.
У яго выйшла больш як 15 альбомаў. Ён працавіты чалавек быў. Я ніколі ў адрозьненьне ад яго ня быў такім працавітым. Усё, што ён задумваў, яно бачыла сьвет. Я раз на 4-5 год выпускаю альбомы. А то бываюць перапынкі яшчэ большыя. А Саша мог практычна штогод рабіць альбом. Я заўжды ў такіх выпадках яму зайздросьціў.