3 жніўня амэрыканскае касьмічнае агенцтва NASA аб’явіла імёны астранаўтаў, якія прымуць удзел у тэставых стартах камэрцыйных пілятаваных караблёў Boeing Starliner і SpaceX Crew Dragon. Гэтая падзея азначае пачатак новай эры ў амэрыканскай касьмічнай праграме. У апошнія гады амэрыканскія астранаўты дастаўляліся на міжнародную касьмічную станцыю на расейскіх караблях «Саюз».
«Упершыню з 2011 году мы блізкія да таго, каб адправіць у космас амэрыканскіх астранаўтаў на амэрыканскіх ракетах, з амэрыканскай зямлі», — заявіў дырэктар NASA Джым Брайдэнстайн.
Праграма Space Shuttle завяршылася ў 2011 годзе, і з тых часоў Злучаныя Штаты плацяць мільёны даляраў, адпраўляючы астранаўтаў на арбіту на расейскіх «Саюзах». Новая адміністрацыя ЗША, якая робіць стаўку на зьніжэньне выдаткаў, гатовая перадаць большую частку касьмічных праграм у рукі прыватных карпарацый — у тым ліку кіраваньне Міжнароднай касьмічнай станцыяй і запускі экіпажаў, паведамляе «Голас Амэрыкі»
Касьмічныя пілятаваныя караблі ў ЗША распрацоўваюць дзьве кампаніі — Boeing і SpaceX.
У склад экіпажу SpaceX Crew Dragon ўвайшлі чатыры астранаўты. Экіпаж Boeing Starliner складаецца з пяці чалавек, сярод іх былы камандзір Міжнароднай касьмічнай станцыі Суні Ўільямс.
Бесьпілётныя тэсты касьмічных апаратаў заплянаваныя на канец гэтага году. Першыя экіпажы адправяцца на арбіту вясной-летам 2019 году.