2 жніўня гамяльчук Павел Дземчанка напісаў на сваёй старонцы «ЎКантакце», як разам з таварышамі па службе ператварыў Дзень дэсантніка ў «дзень добрых спраў» — былыя салдаты наведалі абласны дом дзіцяці.
У размове з Радыё Свабода Павел сказаў, што такая традыцыя зьявілася амаль адразу пасьля дэмабілізацыі — дэсантнікі наведваюць дзіцячыя дамы ўжо чацьверты год.
Сёлета гамельчукі зьмянілі лякацыю — дагэтуль яны тройчы наведвалі ў абласной дзіцячай лякарні немаўлят, ад якіх адмовіліся бацькі.
«Сядзелі з хлопцамі, падумалі, чаму б не. Чаму б проста не зрабіць нешта добрае і не зламаць гэтыя стэрэатыпы пра купаньне ў фантанах, пра гэтых выпівохаў пад дрэвамі? Вырашылі сваімі сіламі дапамагчы і пацешыць дзетак», — кажа Дземчанка.
Сябры пазнаёміліся падчас службы ў 5 асобнай брыгадзе спэцыяльнага прызначэньня ў Мар'інай Горцы ў 2013–2014 гадах. Родныя і блізкія ведаюць пра гэтую традыцыю і таксама скідваюцца грашыма.
«Набываем цацкі, дзіцячыя падаруначкі, сурвэткі, пампэрсы, самае неабходнае, алоўкі і фарбы. Хто чым можа, тым і дапамагае», — сказаў Павел Дземчанка.