Зразумела, што адказ на так пастаўленае пытаньне не задаволіць шмат каго з чытачоў. Бясьпечней было б адказваць на пытаньне «што могуць чытаць?» — але гэта, пагодзімся, намнога слабейшы загаловак, чым катэгарычнае «што чытаюць?».
Учора я пагартаў дзясяткі тры сайтаў пра «найлепшыя чытанкі на лета 2018» у сямі-васьмі эўрапейскіх краінах і ЗША, каб сарыентавацца, што «могуць чытаць» тамтэйшыя людзі на сёлетніх вакацыях, калі мець на ўвазе выдавецкія навінкі. Самае цікавае назіраньне пры нагодзе гэтага гартаньня такое: усе сьпісы «найлепшых чытанак» — ці то 10, ці то 25, ці то 50 — моцна адрозьніваюцца адзін ад аднаго, і вельмі рэдка здараецца, каб яны прапанавалі тыя самыя загалоўкі. То бок слова «найлепшы» ў літаратуры разумеецца моцна па-рознаму, калі меркаваць паводле такіх рэйтынгаў. Такія рэйтынгі, як здагадваюся, служаць перш за ўсё камэрцыйным інтарэсам — выдаўцы піяраць сваіх аўтараў на кніжным рынку, на якім канкурэнцыя ня меншая, чым на рынку каўбас і кумпякоў.
Вынікам майго гартаньня інтэрнэтных сайтаў стала падборка васьмі загалоўкаў кніжных навінак Эўропы і ЗША, якія «могуць чытацца» асабліва актыўна на гэтых вакацыях. Усе гэтыя кнігі, за выняткам адной, выйшлі сёлета. Ніводнай зь іх я не прачытаў. Але я прачытаў, наколькі мне хапіла часу і зацікаўленасьці, выдавецкія анатацыі, водгукі і рэцэнзіі на іх. Мяркуючы па прачытаным, я б ахвотна набыў гэтыя кнігі, калі б іх пераклалі на беларускую. Але іх, зразумела, не перакладуць, бо ўсе ў Беларусі перакананыя, што ў краіне «няма рынку» для перакладных кніг. Нават для тых, якія ня выйшлі ў расейскіх перакладах. А таму будуць чакаць расейскіх перакладаў і расейскіх рэцэнзій, каб скласьці сабе ўяўленьне. Ну што ж…
ЗША
James Patterson, Bill Clinton «The President Is Missing» («Зьнікненьне прэзыдэнта», Century)
42-гі прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан напісаў палітычны трылер. Каб быць упэўненым, што кніга будзе адпавядаць усім канонам жанру, ён узяў сабе ў памочнікі Джэймса Патэрсана, ці не самага пасьпяховага, у фінансавым сэнсе, пісьменьніка сучаснасьці. Кнігу мела магутную рэкляму перад выхадам — маўляў, у ёй раскрываюцца сакрэты Белага Дому, пра якія ніхто раней не гаварыў і не пісаў. Як ніяк, каму ж як ня Білу Клінтану ведаць гэтыя сакрэты — і эратычныя, і палітычныя, і тэхналягічныя. Рэцэнзэнты кнігі паставіліся да гэтай рэклямы наогул іранічна: адзін зь іх напісаў, што найбольшым сакрэтам, які прагаворвае Біл Клінтан, зьяўляецца прызнаньне, што ў Белым Домы знаходзіцца кегельбан з толькі адной дарожкай:)
А сам сюжэт кнігі нібыта нічога сабе — нейкія мусульманскія тэрарысты (але не ісламісты!) плянуюць такую кібэратаку супраць Амэрыкі, зь якой ня справіцца і Брусу Ўілісу. Прэзыдэнт «зьнікае», то бок не паказваецца на публіцы, але ўвесь час знаходзіцца ў падзямельлях Белага Дому, дзе з кампутарнымі адмыслоўцамі стараецца прадухіліць сьмяротную для калыскі дэмакратыі кібэратаку. Расповед вядзецца ад першай асобы, апавядальнікам выступае якраз «зьніклы» прэзыдэнт па прозьвішчы Джонатан Лінкальн Данкан, які сваімі біяграфічнымі рысамі нагадвае Біла Клінтана і Джона Маккейна…
A. J. Finn «The Woman in the Window» («Жанчына ў акне», William Morrow)
Вось гэта называецца выдавецкі посьпех! Вось гэта рынак! Правы на пераклад дэбютнага раману 38-гадовага амэрыканскага аўтара, які раней працаваў у выдавецкім бізнэсе (A. J. Finn — псэўданім), яшчэ перад яго выхадам былі прададзеныя ў амаль 40 краінаў сьвету, а тэлекампанія Fox 2000 закупіла права на экранізацыю. Кніга — псыхалягічны трылер. Жанчына, дзіцячы псыхоляг з крыху памутнелым розумам, пакутуе ад агарафобіі, не выходзіць са сваёй кватэры, робіць здымкі сваім суседзям, шпіёніць за іхнымі жыцьцямі. Аднойчы яна чуе немы крык з суседняй кватэры, ёй падаецца, што там учынілі забойства. Паліцыя ёй ня верыць.
Чортведама што такое… Я не пра сюжэт, а пра выдавецкі посьпех.
Вялікая Брытанія
Julian Barnes «The Only Story» («Адзіная гісторыя», Jonathan Cape)
Рэцэнзэнты наогул згодныя — харошы пісьменьнік напісаў яшчэ адну
харошую кнігу. «Адзіная гісторыя» (або «Адна гісторыя») Джуліяна Барнза тэмай і атмасфэрай нагадвае ягоны раман «Адчуваньне канца» («The Sense of an Ending»), за які ён атрымаў Букераўскую прэмію ў 2011. «Што табе было б лепш: кахаць больш і цярпець больш ці кахаць менш і цярпець менш?» — гэткім пытаньнем пачынаецца «Адзіная гісторыя». Гісторыя распаведзеная ў трох частках, у кожнай з рознай часавай і стылістычнай пэрспэктывы. У першай частцы 19-гадовы Пол ад першай асобы распавядае, як ён закахаўся ў 48-гадовую Сюзан. У другой частцы голас героя пераключаецца зь першай асобы на другую, калі ён пачынае абвінавачваць сябе, бачачы, як пастарэлая Сюзан сасьлізгвае ў алькагалізм і параною. У трэцяй частцы апавяданьне вядзецца ад трэцяй асобы — каханьне закончылася, самотны герой спрабуе разабрацца, што яно значыла ў ягоным жыцьці і ці наогул нешта значыла.
Ну што прасьцей — узяць тры выпускніцы ін’язу, даць кожнай зь іх па адной частцы раману Барнза і папрасіць перакласьці. Два месяцы працы. І яшчэ месяц працы рэдактара, каб зьвесьці пераклады ў адно цэлае. А потым паспрабаваць стварыць рынак для харошай сучаснай замежнай літаратуры па-беларуску ў Беларусі. Калі не спрабаваць, то ён сам ніколі не прыедзе і ня прыйдзе…
Нямеччына
Bernhard Schlink «Olga» (Diogenes)
Гэты пісьменьнік напісаў некалі нашумелую кнігу «Der Vorleser» («Чытальнік»), якая стала міжнародным бэстсэлерам. Калі вы яшчэ яе не чыталі, абавязкова прачытайце. Бэстсэлеры наогул жахлівая хрэнь, але гэты — літаратура зь першага шэрагу. А таму найноўшы раман Бэрнгарда Шлінка «Olga» не патрабуе асаблівай рэкамэндацыі. Гэта гісторыя пажыцьцёвай закаханасьці моцнай і разумнай жанчыны у летуценьніка і авантурыста, які хоча ўчыніць кайзэраўскую Нямеччыну каляніяльнай дзяржавай і спачатку ваюе ў Афрыцы супраць народу герэра, а потым пастанаўляе захапіць для немцаў Арктыку.
Францыя
Pierre Lemaitre «Couleurs de l’incendie» («Колеры пажару», Albin Michel)
З выдавецкай анатацыі: «Люты 1927. Увесь Парыж прысутнічае
на пахаваньні Марсэля Пэрыкура. Ягоная дачка, Мадлен, мусіць узначаліць фінансавую імпэрыю, якую яна атрымала ў спадчыну, але лёс распараджаецца інакш. Яе сын, Поль, робіць нечаканы трагічны крок, і яна апынаецца на шляху да фінансавай руіны і грамадзкага дэклясаваньня… Мадлен давядзецца пакарыстацца ня толькі ўсім сваім розумам і энэргіяй, але і макіявэлізмам, каб выжыць і перабудаваць сваё жыцьцё. Заданьне ня зь лёгкіх у Францыі, дзе бездапаможна назіраюць за першымі пробліскамі полымя, якое неўзабаве ахопіць усю Эўропу. „Колеры пажару“ — другая частка трылёгіі, пачатая раманам „Да пабачэньня там, наверсе“, за які незвычайна таленавіты П’ер Лемэтр атрымаў Ганкураўскую прэмію 2013».
Un livre indispensable, як кажуць французы. А па-нашаму — must-read:)
Швэцыя
Anna Jansson «Kvinnan på bänken» («Жанчына на лаўцы», Norsteds)
Дэтэктыў, а што яшчэ вы хацелі са Швэцыі?
Анна Янсан (нар. 1958) працавала мэдсястрою на родным востраве Готлянд. Спачатку была на хірургічным аддзяленьні, але паколькі часта губляла прытомнасьць бачачы кроў, яе перавялі на аддзяленьне з захворваньнямі лёгкіх. У 1997 годзе, калі сям’я купіла ёй кампутар, яна пачала пісаць раманы пра інспэктарку/дэтэктыўшчыцу Марыю Вэрн (Maria Wern), якая працуе якраз на Готляндзе. Паасобныя кнігі прадаюцца стотысячнымі тыражамі ў Швэцыі. Агульны тыраж — тры мільёны. Перакладзеная на 15 моваў. «Жанчына на лаўцы» распавядае пра сьледзтва Марыі Вэрн у справе… Ды ці важна, у якой справе?
Данія/Нарвэгія
Kim Leine «Rød mand/Sort mand» («Чырвоны чалавек/Чорны чалавек», Gyldendal)
Кім Лейнэ нарадзіўся ў 1961 у Нарвэгіі, у 1976 пераехаў у Данію, потым
15 гадоў жыў на Грэнляндыі. Яго называюць дацка-нарвэскім пісьменьнікам, а гэта значыць, што ён піша свае кнігі па-дацку і сам перакладае іх на нарвэскую. У 2013 за раман «Прарокі фіёрду Вечнасьць» ён атрымаў прэмію Паўночнай Рады (гэта «рэгіянальны нобэль» для скандынаўскіх пісьменьнікаў, самая прэстыжная ўнутрыскандынаўская літаратурная ўзнагарода). «Чырвоны чалавек/Чорны чалавек» — гэта «свабодны працяг» «Прарокаў фіёрду Вечнасьць». У першай палове ХVIII стагодзьдзя дацкі кароль пасылае адмысловы карабель з калянізатарамі на Грэнляндыю, каб пашырыць межы сваёй імпэрыі і абярнуць паганскіх грэнляндцаў у хрысьціянства… «Цудоўная, пачуцьцёва глыбокая і вельмі добра напісаная гісторыя пра нешчасьлівую сустрэчу паміж грэнляндзкай і дацкай культурамі» — напісала адна дацкая аглядальніца.
Куплю сабе, мабыць, нарвэскую вэрсію.
Гішпанія
Javier Marías «Berta Isla» (Alfaguara 2017)
Гэты аўтар раней ці пазьней атрымае Нобэлеўскую прэмію. Я павінен быў напісаць «можа атрымаць», але ж вы самі разумееце — страчваецца імпэт праз такія мадыфікатары, як «можа», «магчыма», «відаць», «мабыць» ці «хутчэй за ўсё»… Пра Нобэлеўскую прэмію для Хавіера Марыяса я пісаў ужо ў 2010 годзе. Паводле майго прагнозу, ён павінен быў атрымаць яе ў 2013 або 2014. Ну нічога, пачакаем…
«Berta Isla», як амаль усе іншыя раманы Марыяса, — гісторыя пра таямніцы чалавечых лёсаў. Бэрта дваццаць гадоў чакае ў Мадрыдзе вяртаньня дахаты свайго гішпана-брытанскага мужа Тома. Яны закахаліся адно ў аднаго ў сярэдняй школе, але як толькі пажаніліся, Том паехаў у Оксфард, каб вучыцца і атрымаць доктарскую ступень па замежных мовах. Тома, бліскучага паліглёта, здольнага гаварыць ня толькі на шматлікіх мовах, але і імітаваць розныя акцэнты, завэрбоўвае брытанская сакрэтная служба, і для яго пачынаецца жыцьцё тайнага агента. А для Бэрты? Пра гэта аглядальнікі ня пішуць. А таму я ў пачатку гэтага году купіў сабе гэтую кнігу на Amazon.es.
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.