Як змагацца з сындромам раздражнёнага кішэчніка

Пры сындроме раздражнёнага кішэчніка (СРК), вядомага і як спастычны кішэчнік, мае месца парушэньне функцыі тоўстай кішкі.

Ад СРК пакутуюць вельмі шмат людзей. Сымптомы — самыя розныя, самыя частыя — боль і сутаргі ў жываце, дыярэя ці наадварот запоры.

Дакладная прычына СРК дагэтуль невядомая. Аднак, на сёньняшні дзень пра гэты сындром вядома дастаткова шмат, і існуюць розныя інтэрвэнцыі або мэтодыкі, якія дапамагаюць большасьці людзей з СРК.

Што вы можаце паспрабаваць зрабіць самастойна, калі ў вас СРК?

Дыягназ

Дыягназ СРК ставіцца толькі ў выпадку адсутнасьці структурнага або біяхімічнага тлумачэньня — гэта значыць, калі пры абсьледаваньні не знаходзіцца нейкага адхіленьня і калі ў сымптомаў няма тлумачэньня.

Скаргі павінны прысутнічаць ў любым выпадку даўжэй, чым шэсьць месяцаў. Пацыент, да таго ж, у апошнія тры месяцы павінен мець выразныя скаргі прынамсі адзін дзень у тыдзень. Таксама павінны прысутнічаць прынамсі дзьве з наступных трох скаргаў:

• боль у жываце, зьвязаны з дэфэкацыяй;
• зьмена частаты стула: дыярэя або запор;
• структура стула зьмянілася, то бок стала занадта цьвёрдай ці занадта вадзяністай.

Асаблівасьці сындрому раздражнёнага кішэчніка

Характэрныя асаблівасьці СРК — боль у жываце, хранічны запор, дыярэя або чаргаваньне дыярэі і запораў. Акрамя таго, ў кішэчніку можа вырабляцца зашмат газу. Пасьля прыёму ежы можа быць ўздуцьце жывата.

Некаторыя асобы пакутуюць ад СРК літаральна ўвесь час, але ў большасьці пацыентаў сымптомы зьяўляюцца і сыходзяць. Скаргі часта пагаршаюцца падчас стрэсу.

Прычыны

Прычына сындрому раздражнёнага кішэчніка дакладна невядомая, але, як правіла, гаворка ідзе не пра адну прычыну, а пра спалучэньне фактараў. У кожным выпадку, мае месца расстройства маторыкі кішэчніку і / або падвышаная адчувальнасьць кішачнай сьценкі.

Генэтыка таксама можа адыгрываць пэўную ролю. Часта СРК закранае некалькі членаў сям’і.

Акрамя таго, трыгерам СРК можа стаць кішэчная інфэкцыя, напрыклад, у выніку харчовага атручэньня. Анамальная рэакцыя на раздражняльнікі ў страўнікава-кішэчным тракце, і, магчыма, мозгу таксама адыгрывае пэўную ролю. Падчас стрэсу і дрэннай дыеты сымптомы пагаршаюцца.

СРК у розных асоб можа быць выкліканы рознымі фактарамі. Таму парады лекар або дыетоляг заўсёды павінен даваць індывідуальныя.

Мой асабісты вопыт дыетоляга паказвае, што пры правільным падыходзе шанец на посьпех вельмі вялікі.

Што рабіць, калі у вас СРК?

Калі вы падазраяце ў сябе СРК, то перш за ўсё задайце сабе наступныя пытаньні:

• Ці п’яце вы дастаткова вады?

Вельмі часта скаргі на кішэчнік зьнікаюць, калі чалавек пачынае піць больш вады. Здароваму даросламу чалавеку патрэбна ў сярэднім 1,5-2 літры вады штодзень.

• Ці спажываеце вы дастаткова харчовых валокнаў?

Харчовыя валокны, альбо клятчатка — гэта, тэхнічна кажучы, незасваяльныя поліцукрыды, або складаныя вугляводы. Поліцукрыды адказныя за структуру расьлін, менавіта дзякуючы ім гародніна і садавіна выглядае пэўным чынам.

Возьмем, напрыклад, сьцябло салеры. На ім відаць даўгія «ніткі»? Гэта і ёсьць харчовыя валокны.

Мы можам падзяліць валокны на дзьве асноўныя катэгорыі: растваральныя і нерастваральныя. Растваральныя валокны — вязкія, раствараюцца ў вадзе і здольныя да браджэньня. Можна сказаць, што гэта ежа для бактэрый у нашым кішэчніку.

Нерастваральныя валокны выходзяць з нашага цела ў такім жа выглядзе, у якім яны ў яго трапляюць. Яны павялічваюць аб’ём стула і паляпшаюць маторыку кішэчніка. У нашым рацыёне павінны прысутнічаць абодва тыпы валокнаў.

Растваральныя валокны асабліва важныя для лячэньня СРК. У прыватнасьці, растваральная клятчатка трыпутніку часта прадпісваецца асобам, якія пакутуюць на СРК.

• Ці ведзяце вы дзёньнік харчаваньня?

Дзёньнік харчаваньня можа дапамагчы вам высьветліць, ці не рэагуе ваш кішэчнік на нейкія канкрэтныя прадукты. Так, кафэін (кава) часта правакуе праявы СРК. Малако — яшчэ адзін «небясьпечны» у гэтым сэнсе прадукт.

Малако ўтрымлівае малочны цукар ляктозу. Многім дарослым бракуе фэрмэнту для расшчапленьня ляктозы. У маленькіх колькасьцях ляктоза можна і не выклікаць скаргаў (мала ляктозы, напрыклад, у цьвёрдых сырах), але шклянка малака (=шмат ляктозы) можа выклікаць колікі, газы і дыярэю.

Да іншых вядомых трыгераў СРК адносяцца: капуста (усе гатункі), цыбуля, перац, бабовыя (фасоля, гарох, сачавіца). Акрамя таго, газаваныя напоі, цукар, тлустыя прадукты і цытрусавыя таксама могуць раздражняць кішэчнік.

Пра паліёлы таксама вядома, што яны вызываюць газы ў кішэчніку і дыярэю. Паліёлы — гэта кляса штучных падсалодвальнікаў. Прыклады паліёлаў: ксілітол, сарбiтол, мальтытол — усё, што заканчваецца на «ол». На прадуктах, у склад якіх уваходзяць паліёлы, павінна быць папярэджаньне, што залішняе спажываньне можа выклікаць скаргі ў стрававальным тракце.

• Ці піце вы алькаголь?

Сыптомы СРК амаль заўсёды пагаршаюцца пры ўжываньні алькаголю.

• Ці рухаецеся вы дастаткова?

Заўважана, што фізычная актыўнасьць мае станоўчы ўплыў на СРК. Фізычная актыўнасьць — гэта неабавязкова інтэнсіўны спорт. Штодзённыя прагулкі пешшу — гэта таксама выдатна.

Калі пункты, пералічаныя вышэй, вам не дапамаглі, то пажадана пайсьці на кансультацыю дыетоляга, які спэцыялізуецца на СРК. Пад яго кіраўніцтвам вы можаце паспрабаваць так званую элімінацыйную дыету ці дыету FODMAP і разам знайсьці падыходзячую менавіта вам харчовую стратэгію.