У другой палове 1990–2000-х ён пасьпеў пабываць у шэрагах ці ня ўсіх прыкметных моладзевых апазыцыйных арганізацый Беларусі, а станоўчую характарыстыку яму напісаў сам Васіль Быкаў. Ён правёў год за кратамі за «дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі» і адышоў ад палітыкі пасьля расчараваньня вынікамі выбараў-2006. У праекце Свабоды «Забытыя. Размовы з героямі ўчорашніх дзён» — Цімафей Дранчук.
Зь першымі рэпрэсіямі сутыкнуўся ў школе
«Беларускі дух» Цімафей Дранчук займеў ад нараджэньня ў 1981 годзе: у сям’і краязнаўца і эколяга Валера Дранчука размаўлялі па-беларуску.
«Да гэтага дадалося паступленьне на трэці курс беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Там уліўся ў адпаведны і спрыяльны асяродак», — кажа Цімафей.
Першая палітычная акцыя для будучага актывіста скончылася, не распачаўшыся: «Разам зь сябрамі-ліцэістамі абляпіліся бел-чырвона-белымі стужкамі і значкамі так, што нас было відаць здалёк, і рушылі на плошчу Свабоды. Праз сто мэтраў пад’ехала міліцэйская машына, і нас у яе загрузілі». З пастарункаў падчас наступных шматлікіх затрыманьняў непаўналетняга Цімафея забірала старэйшая сястра Юлія.
Характарыстыку ў «Маладым фронце» Цімафею Дранчуку ўласнаручна напісаў Васіль Быкаў, чым Цімафей вельмі ганарыцца. «Моладзевая салідарнасьць», «Зубар», «Рух Андрэя Клімава», «Над бар’ерам», «Маладая Беларусь» — грамадзка-палітычныя партыі і рухі, дзе ў розныя гады Цімафей Дранчук таксама браў актыўны ўдзел.
Першую палітычную санкцыю Цімафей Дранчук атрымаў яшчэ падлеткам у сярэдняй школе. «Я хацеў давучыцца ў адзінаццатай клясе ў школе, у якой вучыўся ад першай. Але ў адміністрацыі школы мне сказалі: нам ня трэба, каб ты тут агітаваў і дзяцей на плошчу выводзіў. У выніку ў школу я не хадзіў, а выпускныя іспыты мусіў здаваць экстэрнам».
«Маю вышэйшую адукацыю, — жартуе Цімафей, — два курсы факультэту журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту ў Менску і тры курсы факультэту міжнароднага права ў ЭГУ ў Вільні». Зь першай ВНУ быў выключаны за палітычную актыўнасьць і шматлікія зьняволеньні, другую пакінуў сам, пра што шкадуе і па сёньня.
Актывіст моладзевага руху «Зубар» Цімох Дранчук меў сутычку зь Віктарам Лукашэнкам
Самай вядомай сталася справа праваабарончай ініцыятывы «Партнэрства». У 2006-м разам з паплечнікамі Цімафея Дранчука асудзілі на год турмы ў крымінальнай справе аб дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня.
За кратамі Цімафей даведаўся, што ў яго нарадзіўся сын Платон. Навіну вязьню паведамілі ахоўнікі, дзякуючы намаганьням дзеда нованароджанага і бацькі Цімафея Валерыя Дранчука.
Неўзабаве па вызваленьні ў 2006 годзе Цімафей Дранчук пакінуў грамадзка-палітычную дзейнасьць.
«Мне „пашэнціла“ пабачыць спачатку „Амэрыканку“, затым „Валадарку“, затым калёнію № 1»
— Ці не шкадуеце, што замест вышэйшай адукацыі давялося прайсьці «турэмныя ўнівэрсытэты?»
— Я да сваёй біяграфіі заўсёды стаўлюся як аптыміст. Шмат у якіх гутарках, калі абмяркоўвалі турму, людзі вохкалі: гэта ж гэтулькі згубленага часу, ой, як цябе шкада, які жах! А я заўсёды ўсім казаў: у кожным разе гэта досьвед, і досьвед пазытыўны, як бы дзіўна гэта ні гучала.
Калі сеў у турму, я дыстанцыйна вучыўся ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце міжнароднаму праву. І для мяне гэта была «практыка» — пабачыць сыстэму знутры. А мне «пашэнціла» пабачыць спачатку «Амэрыканку», затым «Валадарку», затым калёнію № 1, а гэта вельмі розныя месцы.
Мне вельмі шанцуе, бо на кожным этапе я сустракаўся зь людзьмі, якія рабілі мяне лепшым
Мне пашчасьціла пазнаёміцца там з самымі рознымі людзьмі, і было вялікім адкрыцьцём, што ў турме знаходзіцца велізарная колькасьць годных і выключных людзей. Кожны зь іх у нечым быў настолькі добрым, што дакладна там ня мусіў знаходзіцца.
І калі азірнуцца на ўвесь мой грамадзка-палітычны шлях, пачынаючы ад 16 гадоў, то і яго я ўспамінаю як цалкам пазытыўную зьяву. І разумею, што мне вельмі шанцуе, бо на кожным этапе я сустракаўся зь людзьмі, якія рабілі мяне лепшым.
— Людзі агулам ці пэўныя асобы, якія мелі на вас гэты пазытыўны ўплыў?
— Многіх магу назваць пайменна. Перадусім гэта Павал Севярынец, якога я спаткаў, калі прыйшоў у «Малады фронт». Нават не магу сказаць пра нейкія пэўныя прыклады ці факты, але дакладна ведаю, што калі б я яго не сустрэў, то адназначна быў бы іншым чалавекам.
Тое ж магу сказаць і пра «Зубар». Сёньня у нас няма дачыненьняў, калі не сказаць, што ў нас дрэнныя стасункі, са Зьмітром Бандарэнкам, які быў адным з чальцоў і «старэйшым таварышам» у «Зубры». Але магу сказаць, што дзякуючы супрацы з гэтымі людзьмі я таксама стаў іншым чалавекам. І я Зьмітру таксама вельмі ўдзячны, хоць цяпер нашы палітычныя погляды істотна разыходзяцца.
Многія вядомыя цяпер людзі ў свой час дапамагалі мне разьвівацца і стаць такім, якім я сабе цяпер падабаюся.
«Многія казалі, што вось мы хочам зьехаць, але мы ніхто і таму ня можам»
— Ці застаюцца гэтыя сяброўскія і паплечніцкія стасункі, скажам, з калегамі па «Партнэрстве», зь якімі поўным складам адбывалі турму?
— Застаюцца, але даволі рэдкія. Безумоўна, ёсьць людзі, якія нават забыліся і на «Партнэрства», і што такое «Зубар» з «Маладым фронтам». Хтосьці цалкам паглыбіўся ў сямейнае жыцьцё, многія зьехалі за мяжу і цяпер занадта далёка, каб падтрымліваць стасункі.
Але з кожнага этапу ёсьць сябры, зь якімі засталіся ня проста сяброўскія дачыненьні, а з улікам пройдзенай «вады» і «полымя» гэта такія людзі, калі можна разьлічваць адзін на аднаго. Да многіх я не зьвяртаўся, але абсалютна ўпэўнены, што, калі будзе такая патрэба, дапамогуць, чым змогуць.
— Ці вы назаўсёды пакінулі грамадзка-палітычнае поле? А галоўнае — чаму так здарылася?
— Безумоўна, я адышоў ад гэтага грамадзка-палітычнага поля. Але сказаць, што зусім сышоў і назаўжды, то не — інакш трэба было б казаць пра тое, што ўсё выкрасьліў з памяці і забыўся.
Чаму адышоў? Першаснае значэньне мае страта матывацыі. Бо доўгія гады ў гэтым варысься, а ў выніку нічога не атрымліваецца (хоць гэта і філязофскае пытаньне, што нешта мусіла атрымацца). А тут што было 20 гадоў таму, тое і засталося: Лукашэнка застаўся, міліцыя засталася яшчэ і пагоршылася — можна пералічваць далей.
Чаму адышоў? Першаснае значэньне мае страта матывацыі
І калі пачынаеш пра гэта задумвацца, то матывацыя пакрысе зьнікае. Гэта ў маладыя гады юнацкі запал дапамагае працаваць без матывацыі. Альбо гэты запал і ёсьць матывацыяй, бо табе падабаецца рабіць тое, што ты робіш сёньня, цяпер і ў гэтую хвіліну.
У сталым узросьце пачынаеш па-шахматысцку да гэтага ставіцца і бачыць у сваіх дзеяньнях пэўны разьлік: а што будзе, калі яшчэ год, другі ці трэці гэтым займуся? Гэта значыць, што я буду ахвяраваць нечым іншым, а ці прынясе гэта пэўны плён? Разумееш, што, пэўна, не прынясе. Хаця, як кажуць назіральнікі за выбарамі — кожны голас будзе ўлічаны і ўсім вядома, што ад кожнага з нас нешта залежыць.
Машыну Цімафея Дранчука затрымалі за беларускі арнамэнт і нацыянальны сьцяг
З другога боку, становіцца больш «дарослых» спраў і застаецца меней часу на грамадзкую дзейнасьць. Таму апошнім часам я проста назіральнік. Заўсёды супакойваю сябе тым, што моладзь ва ўсіх арганізацыях ёсьць, бачу там шмат людзей з прыгожымі тварамі і з агнём у вачах — ёсьць каму гэтым займацца.
«І багатыя таксама плачуць, А ў нашай краіне дык усе плачуць»
— Чаму ў выніку няспраўджаных чаканьняў вы не пакінулі межы Беларусі, як многія з вашых паплечнікаў?
— Пытаньні на гэты конт, безумоўна, неаднойчы ўзьнікалі. Многія мне казалі: мы хочам зьехаць, але мы ніхто і таму ня можам, а ты мог зьехаць сотню разоў, і чаго ты тут сядзіш? І сапраўды, многія мае нават і непалітычныя сябры зьехалі ў тую ж Чэхію і выдатна там пачуваюцца.
Але ў мяне такой думкі ніколі не было, бо мне камфортна ў гэтай краіне. Нават калі цяжка, я сябе не ўяўляю ў іншай. Калі я думаю пра Літву, то ў гэтых думках яшчэ камфортна. Бо маецца на ўвазе Вільня, дзе пачуваесься, як дома, і адлегласьць у 170 кілямэтраў псыхалягічна супакойвае: можаш у кожную хвіліну сесьці і вярнуцца.
А калі я думаю пра нейкія больш далёкія краіны, то мяне гэта напружвае так, што я перастаю сабе ўяўляць падобную магчымасьць.
— Чым займаецеся ў «цывільным» жыцьці і ці маеце адчуваньне паўнаты гэтага жыцьця?
— Займаюся паліграфічным бізнэсам: вёрстка і папяровы дызайн. Гэта ўсё, што магу сказаць. Мне падабаецца гэтая справа і займацца ёю, але сказаць, што я ўсім задаволены і што гэта праца майго жыцьця і я сябе цалкам рэалізоўваю, ні ў якім разе не скажу.
У Беларусі нельга займацца ніякай справай, каб сказаць, што цалкам усім задаволены
І мне здаецца, што ў нашай краіне гэта асноўны мінус: нельга займацца ніякай справай, каб сказаць, што цалкам усім задаволены. Бо чым бы ты ні займаўся, як толькі пачнеш быць усім задаволеным, то ў цябе адбяруць тое, што дае табе задавальненьне.
Так яно атрымліваецца ва ўсіх, бо ведаю шмат бізнэсоўцаў і доўгі час ня мог зразумець, чаму яны бываюць засмучаныя. Бачыш іхныя дарагія машыны, кватэры, крамы, якія яны адкрываюць адну за адной, але пры гэтым яны ўвесь час скардзяцца! Я іх зразумеў, калі сам з гэтым сутыкнуўся на сваёй практыцы, хоць і ў меншых маштабах. Зразумеў, што і багатыя таксама плачуць. А ў нашай краіне дык усе плачуць.
— Ваш сын нарадзіўся, калі вы сядзелі ў турме ў справе «Партнэрства», значыць, яму цяпер...
—...Дванаццаць гадоў. З сынам Платонам мы разам бегаем. Дакладней, пачыналі: я заахвочваў Платона бегаць разам і, пэўна, быў кепскім трэнэрам. Бо бегалі нароўні, а для яго гэта хутка. Але празь нейкі час сын глядзеў на мяне, глядзеў, а пасьля захацеў бегаць самастойна.
Напачатку бегаў самастойна тройчы на тыдзень, а цяпер ходзіць на трэніроўкі да маіх сяброў у клюб «Найк». Для мяне гэта вельмі яскравы пазытыўны факт, што сваім прыкладам можна дзіцяці даць больш, чым прымусамі.
«Нейкі час алькаголю не ўжываў, і ён ад мяне нічога не патрабаваў»
— Вы займаецеся бегам прафэсійна, ці гэта вашае хобі?
— Спорт гэта не прафэсія і хобі — гэта філязофія. Я спортам заўсёды крыху займаўся, дзякуючы маці і бацьку. Зь дзяцінства езьдзіў зь імі кожныя выходныя на лыжах, прабежкі рабілі, таксама ровар зь дзяцінства быў. У больш сталым узросьце дадаўся басэйн, спартыўная заля — спорт у маім жыцьці прысутнічаў.
Але тры з паловаю гады таму я — выпадкова, можна сказаць, але цалкам — адмовіўся ад алькаголю. Аднойчы заўважыў, што нейкі час алькаголю не ўжываў і ён ад мяне нічога не патрабаваў. Таму вырашыў, што больш і ня буду.
Прайшло некалькі месяцаў, і аднае раніцы прачнуўся і адчуў, што мушу бегчы, бо гэтага запатрабавала энэргія, якая зьявілася ў выніку адсутнасьці алькаголю ў крыві. Да таго ж вызвалілася шмат часу, бо алькаголь — гэта спатканьні, гэта вечары, занятыя кампаніямі. І мне пашанцавала, як і кожны раз на маім шляху: мой сябар Яўген Лянчэўскі па адукацыі трэнэр і ён параіў набыць патрэбныя красоўкі, пульсомэтар, каб сачыць за сэрцам.
Калі б ён у іншы час сказаў, што я мушу набыць пульсомэтар за 200 даляраў, я б пасьмяяўся, як мінімум. Але на тым этапе я гэтую інфармацыю ўспрыняў, узяў ад яго плян, колькі мушу прабягаць штодня, і пакрысе «ўцягнуўся». Мне спадабалася.
— Можна казаць і пра спартовыя дасягненьні?
— Ня толькі. Я ня меў на мэце пазбавіцца лішняй вагі, але ўзважыўся і пабачыў, што за пару месяцаў страціў чатыры кіляграмы. А праз паўгода, калі прабег паўмаратон, то заўважыў, што ўжо пазбавіўся 10 кіляграмаў. І вось тады я вельмі парадаваўся свайму захапленьню: па-першае, у люстэрку бачыш іншага чалавека, а па-другое, іначай сябе адчуваеш.
Чатыры гады таму мы езьдзілі ў Вільню папіць піва. А цяпер паехалі бегчы паўмаратон
Спаборніцтвы, праўда, аматарскія, але я прабег каля 10 паўмаратонаў і летась у Варшаве першы маратон. Я на гэта нават не спадзяваўся і быў сабой вельмі задаволены. З новымі кампаніямі мы бегалі ў Кіеве, Львове, Адэсе, Польшчы, Вільні і шмат яшчэ дзе.
У выніку мяняецца асяродак, мяняецца сяброўства. Чатыры гады таму мы езьдзілі ў Вільню папіць піва. А цяпер паехалі, прабеглі паўмаратон і задаволеныя вярнуліся ў Менск. Яшчэ зусім нядаўна і не ўяўляў сабе, што можна ехаць, плаціць грошы, каб табе дазволілі пабегаць, стаміцца і задаволеным вярнуцца дахаты.
— Ці ёсьць у вас яшчэ мары ці жаданьні?
— Часта такое пытаньне задаюць і мама, і сябры, калі пытаюцца, што мне падарыць на дзень нараджэньня. І я адказваю, што альбо гэта ў мяне ўжо ёсьць, альбо вы мне і падарыць яго ня зможаце, бо гэта недасяжнае. Тое ж самае і з мэтамі — больш-менш рэалістычных я дасягаю. Маратон — адна зь іх.
Што да няпэўных мараў, то адна зь іх можа гучаць вельмі наіўна. Калі сыну будзе 16 гадоў, як некалі мне, хачу, каб ні мне, ні ягонай маці не спатрэбілася езьдзіць па яго ў РАУС. Нават калі яму ў нашай краіне ўсё будзе не падабацца і гэтую незадаволенасьць ён захоча выказаць публічна. Я хацеў бы, каб да ягонага сталеньня Беларусь зьмянілася так, каб яе можна было называць вольнай. Гэта галоўнае, пра што можна марыць.
І, улічваючы, што пра гэта марыць вялікая колькасьць людзей, я спадзяюся, што аднойчы гэтая мара зьбярэцца ў адзін энэргетычны пункт і зьдзейсьніцца.
5 пытаньняў Свабоды
— Нацыянальная ідэя — гэта...
— Нацыянальная ідэя для мяне — гэта быць самім сабой. Беларусам. Усьведамляць і адчуваць гэта часткай самаідэнтыфікацыі. Разумець за аснову, што ты ёсьць беларусам, маеш сваю мову, літаратуру, музыку.
Што твае суайчыньнікі — вядомыя на ўвесь сьвет асобы, якія праз сваю дзейнасьць натхнялі і натхняюць тысячы людзей. Што Беларусь пазнаюць у сьвеце дзякуючы гэтым слынным дзеячам, а не прозьвішчу «Лукашэнка».
Нацыянальная ідэя — гэта жыць у сваёй краіне і цешыцца тым, што ты нарадзіўся тут.
— Назавіце трох нацыянальных герояў Беларусі.
— Магчыма я буду банальным, але не саромеюся гэтай банальнасьці, калі знакавай асобай № 1 я назаву Васіля Быкава. Я вельмі ганаруся, што ведаў яго асабіста. Вельмі шкадую, што тая характарыстыка, якую напісаў мне Васіль Уладзімеравіч — разумею цяпер, якая гэта каштоўнасьць — на жаль, не захавалася.
Другім чалавекам я назваў бы Паўла Севярынца. Ён мае поўнае права знаходзіцца на гэтым пачэсным месцы, бо зрабіў вельмі шмат ня толькі для майго жыцьця, але і для жыцьця вялікай колькасьці маладых людзей. У «Маладым фронце» выгадавалася цэлае пакаленьне людзей, якія цяпер ёсьць і ў палітыцы, і ў бізнэсе, і ня толькі ў Беларусі. І менавіта таму, што ў гэтай арганізацыі быў такі чалавек, як Павал Севярынец, які ўмеў іх натхніць і накіраваць.
І трэці — гэта наступнік Севярынца Зьміцер Дашкевіч. Для мяне гэта прыклад чалавека, які праз сваю веру можа пераадолець усё. З улікам таго, што гады турмы яго ня толькі не зламалі, але наадварот — ён мае выдатную сям’ю, бізнэс і не пакідае сваёй грамадзкай актыўнасьці, сваё дзецішча «Малады фронт», дапамагае знайсьці свой шлях наступнаму пакаленьню маладых людзей, гэта робіць яго годным маральным аўтарытэтам.
— Якая кніга найбольш паўплывала на вас як на асобу?
— Зь літаратурных уражаньняў абодва адносяцца да апошняга году. Але гэта дзьве кнігі, якія, безь перабольшваньня, зрабілі вялікі ўплыў на маё ўспрыманьне жыцьця. Гэта «Сідхартаха» Германа Геса і «Якім усё зьяўляецца» Ламы Оле Нідала — еўрапейскага ламы будысцкай школы «Карма Каг’ю». І цяпер, калі бывае, што нешта сур’ёзнае і важнае трэба падумаць, але не атрымліваецца сканцэнтравацца і суцішыць думкі, пераслухоўваю некаторыя фрагмэнты аўдыёзапісу гэтых кніг — і ўсё ўсярэдзіне супакойваецца.
— Колькі грошай вам патрэбна для поўнага шчасьця?
— Заўсёды ў такіх выпадках кажу, што галоўнае, каб іх хапала на неабходнае. А самае галоўнае — не дасягаць, чаго ты хочаш, а зразумець, што сапраўды патрэбна. Магчыма, у прынцыпе грошы не патрэбны, акрамя як на хлеб, ваду і чаравікі.
— Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
— Абсалютна ўпэўнены ў тым, што зьменіцца, бо гісторыя паказвае, што інакш нельга. Як аптыміст скажу, што яна зьменіцца цягам наступных 10 гадоў. Як пэсыміст скажу: дай Бог, каб я да сваёй старасьці гэтага дачакаўся. Мне цяжка прагназаваць гэтае пытаньне, і не хачу быць безадказным папулістам.
Першы варыянт мне здаецца больш праўдзівым. Не зважаючы на тое, што мне эвалюцыйны шлях больш блізкі, я разумею, што найхутчэй яна зьменіцца рэвалюцыйным шляхам. Бо такое становішча ў краіне, што добраахвотна ніхто нічога мяняць ня хоча.