Кіраўнік Нацыянальнай выведкі ЗША Дэн Коўтс заявіў, што амэрыканская выведная супольнасьць асьцерагаецца ўмяшаньня ў выбары ў Кангрэс, якія пройдуць у лістападзе. Паводле яго, Расея — не адзіная краіна, якая хоча ўплываць на дэмакратычныя працэсы ў ЗША.
Пры гэтым, адзначыў Коўтс, амэрыканскія спэцслужбы працягваюць назіраць намаганьні Масквы з мэтай аслабіць і падзяліць Злучаныя Штаты. Паводле дадзеных кіраўніка Нацыянальнай выведкі ЗША, для ўмяшаньня Расея выкарыстоўвае розныя інструмэнты, як зь ведама расейскіх уладаў, так і з боку прыватных асоб.
2 жніўня амэрыканскія сэнатары прадставілі законапраект пра новыя санкцыі ў дачыненьні да Расеі ў адказ на меркаванае ўмяшаньне Масквы ў амэрыканскія выбары, анэксію Крыму, а таксама расейскую палітыку ў Сырыі. У канцы ліпеня сэнатар Боб Коркер паабяцаў ўвесьці новыя меры ў дачыненьні да Расеі яшчэ да лістападу.
Вашынгтон абвінавачвае Расею ва ўмяшаньні ў выбары прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе, у тым ліку пры дапамозе хакераў, СМІ і праз сацыяльныя сеткі. Масква адпрэчвае абвінавачваньні ў спробах паўплываць на галасаваньне ў замежных дзяржавах.