У цэнтры Гомля зноў пачаліся аўральныя працы. Камунальныя прадпрыемствы нанава фарбуюць фасады, мяняюць асфальт і плітку, пакладзеную тыдзень таму.
«Лукашэнку чакаем 7 жніўня», — кажуць рабочыя. Мінулы раз чакалі 27 ліпеня — на адкрыцьці дзіцячай бальніцы. Не прыехаў.
Цяпер усё па новай
- 2 жніўня каля старога ўнівэрмагу на Савецкай зноў разабралі плітку. Тут жа зрэзалі асфальт і кладуць новы.
- Зноў, як і тыдзень таму, фарбуюць фасады і вокны кватэр на Савецкай вуліцы — ад скрыжаваньня з Камсамольскай, паблізу якой і стаіць той новы дзіцячы шпіталь, і да плошчы Леніна.
- На пляцоўцы каля прыпынку грамадзкага транспарту «Плошча Леніна» кладуць новую плітку.
- Па нядаўна скошанай траве ў скверы Андрэя Грамыкі зноў езьдзяць газонакасілкі.
«Гэта ўсё праводзіцца ў рамках пратаколу даручэньняў старшыні Гомельскага гарвыканкаму, у тым ліку перабудова тратуарнай пліткі каля старога ўнівэрмагу. Там шмат правалаў, на новую не зьмяняем, выроўніваем старую. Толькі некаторыя пліткі замяняем. Што тычыцца ўчастку каля плошчы Леніна — там было вырашана пакласьці новую, каляровую плітку», — паведамілі ў дарожным трэсьце.
Лукашэнку чакалі ў горадзе і на мінулым тыдні — 27 ліпеня. З лужынаў адпампавалі ваду, з стыкаў плітак выскублі нажамі траву, на плошчы Леніна паклалі і пафарбавалі новую плітку. Цяпер кладуць новую. Але каля 11-й гадзіны 27 ліпеня ўзмоцненыя патрулі ДАІ, людзі ў цывільным і грузавік «БТ» зьніклі з гомельскіх вуліц — стала ясна, што Лукашэнка не прыедзе.
Пасьля папаўзьлі чуткі, што ў кіраўніка дзяржавы праблемы з здароўем.