Суд Партызанскага раёну Менску 30 ліпеня асудзіў мэдсястру шпіталя паліятыўнага догляду «Госьпіс» на 3 гады калёніі за крадзеж і захоўваньне наркатычных сродкаў.
Паводле сьледзтва, падсудная Б. падчас працы ў госьпісе:
- Стварала, а пасьля прысвойвала лішкі лекаў, якія ўтрымліваюць у сваім складзе наркатычныя і псыхатропныя рэчывы.
- Незаконна набыла ў госьпісе і захоўвала дома лекі, якія ўтрымліваюць наркатычныя і псыхатропныя рэчывы.
Падсудная Б. віну прызнала ў поўным аб’ёме. Гэтыя лекі яна забірала ці набывала для свайго лячэньня ад анкалягічнай хваробы. На судзе жанчына распавяла, што падчас дзяжурстваў атрымлівала наркатычныя і псыхатропныя сродкі для іньекцый пацыентам паводле прызначэньня лекара. Калі пацыент паміраў да ўвядзеньня лекаў, якія ўжо былі набраныя ў шпрыц, яна пазначала іншы час сьмерці, а набраны наркотык ці псыхатроп забірала сабе.
Суд прызнаў Б. вінаватай і прысудзіў 3 гады калёніі паводле ч. 2 арт. 327 «Крадзеж наркотыкаў і псыхатропаў» і ч.1 арт. 328 «Незаконны абарот наркотыкаў і псыхатропаў».
27 красавіка прадстаўнікі руху «Маці 328» абвясьцілі галадоўку, патрабуючы зьмякчэньня «антынаркатычнага» заканадаўства ў дачыненьні да тых, хто ўжываў забароненыя рэчывы. 2 траўня ў Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні па «наркатычным» артыкуле 328.
Сярод паправак у Крымінальны кодэкс разглядаюць і зьмены ў «наркатычных артыкулах». 29 чэрвеня гэтыя зьмены ў першым чытаньні ўхваліла Палата прадстаўнікоў.