Парлямэнт Францыі 2 жніўня ўхваліла ў другім чытаньні закон, які забараняе дамаганьні і агрэсіўныя сэксуальныя «падкаты» да людзей на вуліцах. У законе не прапісана, якога полу павінна быць ахвяра, аднак ён быў прыняты пасьля выпадку, які адбыўся з 22-гадовай студэнткай Мары Лягер.
Дзяўчына ішла ўвечары па вуліцы ў 19-м раёне Парыжу, калі нейкі мужчына, які праходзіў міма, пачаў рабіць непрыстойныя гукі і адпускаць сэксуальныя камэнтары на яе адрас. Дзяўчына крыкнула яму «Ta gueule!» ( «Заткніся»). У адказ на гэта ён спачатку кінуў у яе сьметніцу, а потым дагнаў і ўдарыў так моцна, што яна ўпала на зямлю. Усё гэта трапіла на камэры відэаназіраньня аднаго з кафэ і выклікала шырокі водгук у інтэрнэце.
Хоць паліцыя завяла справу аб нападзе на дзяўчыну, асобу мужчыны, які яе ўдарыў, дагэтуль не ўдалося высьветліць.
Міністарка па пытаньнях гендэрнай роўнасьці Францыі Марлен Шыапа была адным з ініцыятараў закону і прысутнічала ў парлямэнце ў час яго прыняцьця:
«Дамаганьні на вуліцах раней не караліся. Але пачынаючы зь сёньняшняга дня гэта спыніцца», — заявіла яна.
Іншы пункт закону робіць больш жорсткімі пакараньне за сэкс з непаўналетнімі і падаўжае да 10 гадоў тэрмін, на працягу якога яны могуць падаць у паліцыю заяву аб згвалтаваньні. Аўтары закону лічаць, што ў маладым узросьце ня ўсе ахвяры здольныя ўсьвядоміць, што менавіта зь імі адбылося. У будучыні яны могуць зьмяніць сваё меркаваньне пра тое, ці не аказваў дарослы партнэр на іх залішняга ціску.
Аналягічныя законы аб забароне вулічных дамаганьняў патрабуюць прыняць жанчыны і ў іншых краінах: да прыкладу, у Грузіі і Таджыкістане.