Што замежнаму турысту рабіць у Беларусі 30 дзён

Грамадзяне 80 краінаў, якія прылятаюць праз Нацыянальны аэрапорт «Менск», могуць 30 дзён неабмежавана падарожнічаць па Беларусі. Бязь візы. Што замежніку рабіць тут цэлы месяц? Мы ведаем.

Перасадзіць нырку, павялічыць грудзі

Штогод у Беларусь прыяжджаюць больш за 50 тысяч «мэдычных турыстаў». Замежнікі з усяго сьвету едуць да нас, каб зрабіць плястычныя апэрацыі, палячыць зубы, перасадзіць органы і вылечыць анкалягічныя захворваньні.

Вылечыць зубы

Антон Дранічкін некалькі разоў на год прыяжджае ў Беларусь лячыць зубы

Стаматалёгія — самая папулярная паслуга сярод замежнікаў. У Беларусі палячыць зубы можа быць нават у 4 разы таньней, чым у Заходняй Эўропе. Раней «мэдычныя турысты» прыяжджалі часьцей за ўсё з Расеі. Цяпер лячыць зубы прыяжджаюць нават з Амэрыкі. Як казаў Свабодзе Ўладзіслаў Андросаў, толькі тамаграфія сківіцы ў ЗША каштуе 1600 даляраў. У Беларусі — 25. Стаматалягічныя клінікі абяцаюць вылечыць і пратэзаваць зубы за 7–10 дзён.

Павялічыць грудзі

У Беларусь прыяжджаюць з усёй Эўропы, каб зрабіць тут плястычную апэрацыю. Напрыклад, павелічэньне грудзей каштуе ў Менску ад 2 тысяч даляраў. У гэты кошт уваходзіць кансультацыя, анэстэзія, сама апэрацыя, два імплянтанты і пасьляапэрацыйныя кансультацыі.

Спусьціцца на 420 мэтраў у спэлеабальніцу

У калійных шахтах пад Салігорскам — унікальная спэлеабальніца. Пацыентаў, хворых на бранхіт, астму і алергію, апускаюць на глыбіню 420 мэтраў. Там яны праводзяць па паўдня. Паветра ў саляной шахце насычана гаючымі іёнамі.

Перасадзіць нырку

Што тычыцца трансплянтацыі органаў, Беларусь уваходзіць у лік 30 найбольш разьвітых краін сьвету. У справаздачы Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя па колькасьці трансплянтацый органаў на 1 мільён насельніцтва Беларусь у 2016 годзе займала 26 месца.

З 2005 году агульная колькасьць трансплянтацый органаў у Беларусі вырасла больш як у 60 разоў. Па колькасьці трансплянтацый ныркі ад памерлага донара на 1 мільён насельніцтва Беларусь на 7 месцы ў сьвеце.

Зьвярнуцца да анколягаў

Сярэдні кошт лекаваньня анкалягічных захворваньняў у Нямеччыне ці Ізраілі — 30–65 тысяч даляраў. У Беларусі комплексныя праграмы дыягнаставаньня і лекаваньня розных ракавых пухлін каштуюць у сярэднім 5–10 тысяч даляраў.

Палітычны і прыродны экстрым

У Беларусі няма гор, вульканаў, але ёсьць іншыя цяжкадаступныя месцы — гэта балоты. А таксама небясьпечныя для наведваньня сьвяты.

Пайсьці ў паход па балотах

Паход па балоце Ельня

У савецкія часы ўлады глядзелі на балоты як на перашкоду для сельскай гаспадаркі, іх масава асушалі. Цяпер да балотаў ставяцца па-іншаму. Для звычайных турыстаў праз такія балоты, як Ельня і Альманы, пракладзеныя экалягічныя сьцяжыны — драўляныя насьцілы. Але можна пайсьці ў сапраўдны пешы паход проста па балоце. Летась Свабода хадзіла ў такі паход з начлегам пасярод Ельні.

Сплавіцца па Страчы — самай небясьпечнай зь беларускіх рэк

Усе беларускія рэкі, па якіх можна сплаўляцца на байдарках, адносяцца да першай катэгорыі складанасьці — найлягчэйшай. Але Страча, вузкая рака на паўночным захадзе, увесну адпавядае другому ўзроўню. Яна хуткая, заваленая дрэвамі, мае штучныя парогі — рэшткі старых млыноў, каменныя перакаты. Пачаткоўцам без інструктара ня раяць сплаўляцца па Страчы ўвесну.

Наведаць Дзень Волі

Дзень Волі у 2017 годзе, Менск

У залежнасьці ад палітычнай сытуацыі ў Беларусі 25 сакавіка ў Менску можа быць больш чым экстрэмальным. Амаль ніколі не абыходзіцца без затрыманьняў. У 2017 годзе на Дні Волі было больш міліцыі і ўнутраных войскаў, чым пратэстоўцаў. Некалькі сотняў людзей былі брутальна затрыманыя цягам некалькіх гадзін.

Пабываць у некранутай прыродзе

Беларусь уваходзіць у лік найбольш лясістых і балоцістых краінаў Эўропы. Гэтым можна прывабліваць сюды замежных аматараў прыроды.

Пабачыць супэррэдкіх птушак

Беларусь становіцца ўсё больш папулярным месцам сярод замежных бёрдвочараў — людзей, чыё хобі — назіраць за птушкамі. Толькі праз «Водна-балотны цэнтар АПБ» сёлета за кароткі веснавы сэзон у Беларусь прыехалі 75 брытанцаў і немцаў.

Па словах Валерыі Сашко з «Водна-балотнага цэнтру АПБ», у Беларусі гняздуецца прынамсі чатыры віды птушак, на якіх едуць падзівіцца замежныя бёрдвочары. Гэта белая сініца, барадатая кугакаўка, дубальт, або дупель, і вяртлявая чаротаўка.

«Гэтыя віды — мара кожнага бёрдвочара, — кажа Валерыя. — Называеш іх, і замежнікі 100% зацікаўленыя».

Наведаць Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік

Гэта, бадай, самы дзікі лес Эўропы. Ён месьціцца на поўдні Беларусі. Пасьля аварыі 26 красавіка 1986 году 30-кілямэтровую зону вакол АЭС цалкам адсялілі. За 21 год у гэтай частцы прыпяцкай даліны ўтварыліся палескія джунглі — ідэальнае месца для зьвяроў і птушак. У адрозьненьне ад усіх нацыянальных паркаў, людзей тут няма зусім. Толькі абмежаваная колькасьць навукоўцаў працуе на ўскрайку запаведніка.

Але пакуль трапіць сюды можна, толькі маючы індывідуальны дазвол Дэпартамэнту па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС.

Рэпартаж з радыялягічнага запаведніку

Прыехаць увесну на разьліў Прыпяці

Паводка на Прыпяці, 2018 год

Прыпяць — апошняя буйная рака Эўропы, якая захавала натуральнае рэчышча і не была выпраставана. Пасьля сьнежнай зімы Прыпяць залівае прылеглыя тэрыторыі на кілямэтры ў шырыню. Ёсьць вэрсія, што старажытнагрэцкі гісторык Герадот пад Сармацкім морам меў на ўвазе менавіта палескія балоты абапал Прыпяці.

Як выглядае паводка на Палесьсі. Фота з дрону

Купляць беларускае

Самі беларусы на шопінг часьцей за ўсё выбіраюцца ў Літву, Польшчу, Украіну ці Расею. Але шмат чаго можна прыдбаць і тут.

Камароўка

Галоўны харчовы рынак Менску — самы вялікі крыты рынак Беларусі. Ён пабудаваны ў 1979 годзе як калгасны рынак. Адно зь месцаў паломніцтва гастратурыстаў. Як казала Свабодзе Боні Маралес, чые бацькі паходзяць зь Беларусі, уласьніца рэстарацыі «Качка» ў ЗША, «Камароўка» — адно зь ейных найлюбімейшых месцаў у Менску. Летась яна адмыслова прывозіла сваіх супрацоўнікаў у Беларусь на адукацыйны курс для кухараў. «Камароўка» была сярод абавязковых месцаў для наведваньня.

Савецкі дух унівэрсамаў ЦУМ, ГУМ, «На Нямізе», «Беларусь»

Вялікія ўнівэрсамы, якія можна сустрэць у кожным раёне Менску і ў любым райцэнтры. Гэтыя крамы — адначасова і музэі савецкага мэрчандайзінгу, і гіпэрмаркеты з таварамі беларускіх вытворцаў.

«Поле цудаў» — самая вялікая барахолка краіны

«Поле цудаў» у Ждановічах пад Менскам

Яно месьціцца за Менскай кальцавой дарогай, на паркоўцы каля вялікага рынку «Ждановічы». Проста на зямлі барахольшчыкі раскладаюць даваенныя кніжкі і часопісы, савецкія цацкі, манэты і значкі, старыя фотаапараты.

«Гэта ўжо ня „Поле цудаў“, а празаічны рынак». Чаму не пакідаюць у спакоі адзіную менскую барахолку?

Вярнуцца ў СССР

Беларусь — ідэальнае месца для тых, хто настальгуе па сацыялістычных часах. Краіну нават называюць «запаведнікам Савецкага Саюзу».

Пракаціцца на сапраўдным танку

У 2005 годзе на месцы міжваенных дотаў каля Менску адкрыўся ваенна-гістарычны музэй пад адкрытым небам — «Лінія Сталіна». Тут зьявіўся першы ў гісторыі незалежнай Беларусі помнік Сталіну. Музэй — гэта выстава вайсковай тэхнікі, бар «ВДВ», ціры, дзе можна пастраляць са старой зброі, і нават катаньне на сапраўдных танках. Кошт такой паездкі — ад 10 даляраў з чалавека (на савецкім танку ПТ-76) да 100 даляраў (на нямецкай самаходна-артылерыйскай устаноўцы StuG III Ausf. B).

Трапіць у адзіны ў краіне музэй СССР

Музэй Уладзімера Панкрата ў Полацку

У Полацку працуе адзіны ў Беларусі музэй савецкай эпохі. Гэта прыватная калекцыя Мікалая Панкрата. На двух паверхах свайго дому палачанін выставіў сотні бюстаў Леніна, савецкія значкі, цацкі і радыёпрыёмнікі — усяго каля 50 тысяч экспанатаў.

Ленін — у музэі, на плошчы — Скарына і Эўфрасіньня. Як Полацак дэкамунізавалі ў часы Лукашэнкі

Радзіма заснавальніка савецкага НКВД

Тут нарадзіўся Фэлікс Дзяржынскі — першы кіраўнік ВЧК (Усерасійскай надзвычайнай камісіі), папярэдніцы НКВД і КДБ. Родавую сядзібу ў вайну спалілі немцы. Але на пачатку 2000-х улады аднавілі маёнтак, унесьлі яго ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Тут прымаюць прысягу выпускнікі Інстытуту нацыянальнай бясьпекі — будучыя супрацоўнікі КДБ.

Музэй Азгура — аўтара найбольшай колькасьці Ленінаў у сьвеце

У музэі Азгура

Раней тут была асабістая майстэрня Заіра Азгура — найвядомейшага беларускага савецкага скульптара. Прадстаўнік сацыялістычнага рэалізму, Азгур вядомы ня толькі як аўтар помніка Якубу Коласу ў Менску. Лічыцца, што ён стварыў ці ня больш помнікаў і бюстаў Леніна, чым хто іншы ў сьвеце.

У 1996 годзе ў былой майстэрні адкрылі музэй Азгура, дзе выстаўляюцца сотні ягоных скульптур.

Бізнэс на правадырах. Скульптар Азгур, які паставіў Леніна на канвэер

Немэйнстрымавыя забавы

Ва ўсіх турыстычных маршрутах вы знойдзеце Мір, Нясьвіж, Хатынь, Віцебск і Гародню. Але можна пазнаваць краіну праз альтэрнатыўныя славутасьці.

Вузкакалейка — туры на цягніках уздоўж балотаў

Новы для Беларусі від прамысловага турызму — катаньне на цягніках па вузкакалейках. Часьцей за ўсё арганізатары дамаўляюцца з кіраўніцтвам дзейных торфазаводаў, каб тыя дазволілі турыстам колькі гадзін пакатацца ў рабочых цягніках.

Могілкі вежавых кранаў

Тут няма афіцыйнага музэю, але турысты сюды прыяжджаюць пастаянна. У Шабанах, на ўскраіне Менску, — так званыя «могілкі вежавых кранаў». На тэрыторыю памерам у тры футбольныя палі звозяць старыя краны, перад тым як адправіць на ўтылізацыю.

Тур па мясьцінах, дзе нарадзіліся прэзыдэнты Ізраілю

Сынагога ў Горадні

Даволі папулярны, але малавядомы сярод саміх беларусаў — гістарычны турызм. Штогод на радзіму продкаў прыяжджаюць шматлікія групы з Ізраілю. Найбольш цікавыя для іх месцы — Моталь на Берасьцейшчыне, дзе нарадзіўся першы прэзыдэнт Ізраілю Хаім Вэйцман, сынагога XVII стагодзьдзя ў Слоніме, самая вялікая захаваная сынагога ў Горадні, музэй габрэйскага супраціву ў Наваградку.

Выжыць. За гісторыяй сваякоў Дональда Трампа – Беларусь, якую пакінулі габрэі

Яны вяртаюцца. Якую Беларусь шукаюць габрэйскія турысты?

Пракаціцца ў кабіне БелАЗа

Прамысловы турызм становіцца ўсё больш папулярным у Беларусі. Першымі экскурсіі па сваіх цэхах пачалі ладзіць бровары і харчовыя прадпрыемствы. Сёньня ўжо можна трапіць на шклозавод «Нёман» ці на вытворчасьць лядоўняў «Атлянт». Адны з найбольш цікавых тураў ладзіць завод «БелАЗ» у Жодзіне. Там можна ня толькі пабачыць самы вялікі грузавік у сьвеце грузапад’ёмнасьцю 450 тон, але і пакатацца ў кабіне «БелАЗа» па выпрабавальным палігоне.

Маеце што дадаць? Пішыце ў камэнтарах!