Чытач Бяласін: У мяне некалькі тысяч кніг

Яўген Бяласін

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае перакладчык і аўтар Яўген Бяласін.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

«Дзён маіх лепшыя дні» Венанцыя Бутрыма, паэта і мастака з Баранавічаў, які пайшоў ад нас (другое, больш уважлівае прачытаньне); «Ранкам мы са шкла» Андры Шварц, нямецкай паэткі, прывёз зь Нямеччыны. Ёсьць яшчэ некалькі, якія так ці іначай трапілі, сказаўшы вобразна, у мой чытацкі постформінгавы прэсава-сьвідравальна-стругарны стан.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

«Маё жыцьцё» Марцэля Райх-Раніцкага, мэмуары аднаго з найлепшых нямецкіх паваенных літаратурных крытыкаў; знаходжуся пад уражаньнем ад неверагодных клясычных вершаў Фрыдрыха Шылера, якія нагадваю-перабіраю, бы шкляныя пэрлы, і перакладаю, з розных зборнікаў, ужо каля паўгода. Паколькі ня толькі займаюся перакладамі, але і сам пішу, то мне, фактычна, удвая больш няпроста дастасавацца да гэтага іранічнага верша Шылера:

Таленты ўсе спалучаеш ты, творцу, якія кшталтуюць,
Сябра, наважся
як-небудзь нікім быць, акром чытачом.

Прабачацца за тое, што чытацкая мая змога так перанітаваная стваральнай, ня буду — як ёсьць, так ёсьць.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Прэміі не пераконваюць

Арыентуюся найперш на аўтара. Паспрыяць можа рэцэнзія, якая мяне пераканала, што гэта рэцэнзія. Натуральны чытацкі соцыюм у нас разбураны (разьняты дзяржавай на часткі пры расчляненьні цела культуры, пашкуматаны аб’ектыўнай і суб’ектыўнай групаўшчынай). Таму прэміі не пераконваюць, хіба што даюць першасны штуршок цікаўнасьці; афіцыйныя дык наадварот, служаць маркерам: асьцярожна, кастраваная літаратура!

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Не так ужо і мала зьвязаных зь Берасьцейшчынай літаратараў паводле асноўнага роду заняткаў не належаць да гуманітарна-культуралягічнай сфэры, найперш ня ёсьць філёлягамі.

Штуршок да фармуляваньня гэтай сваёй знаходкі даў Іван Арабейка, хімік паводле адукацыі, кнігу вершаў якога «Сказаць хачу» перачытваў, каб напісаць рэцэнзію. Дык выйшла, што маем трох маракоў (Павал Ляхновіч, Алесь Белы і Сяргей Цыплюк), чатырох інжынэраў (Сяргей Амяльчук, Аляксандар Рызо, Мікалай Ільючык і Валянціна Осіпава), бухгальтарку (Яніна Грыгаровіч). Як не назваць тут таксама пчаляра Міколу Папеку і ўнікальнага лекара з Баранавічаў Алеся Корнева, які пасьля выхаду на пэнсію ня толькі перайшоў на родную мову, але і напісаў ды выдаў каля 20 паэтычных кніжак. І няхай сабе выглядае самаправакацыяй — Уладзімер Пракопавіч Някляеў калісьці напраўляў берасьцейскія радыёрэлейныя лініі як сувязіст-практыкант. Ужо глыбока апасьля гэтай дзейнасьці яго тут затрымлівалі на мяжы як літаратара-палітыка. Мяне асабіста гэтае назіраньне прыводзіць да думкі, што цяперашняя відавочная замкнёнасьць беларускай літаратуры ды і ўвогуле беларушчыны ў своеасаблівым гета спрычыненая ня тым або ня столькі тым, што яе ствараюць пераважна філёлягі, а нейкімі іншымі чыньнікамі. Найперш, думаецца, адмысловай юстыроўкай перад усім сыстэмы адукацыі, выстаўленай на прызнаньне за куміраў каго заўгодна, абы не сваіх. А калі сваіх, то ў пэўных рамках паліткарэктнасьці.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Раманы апошнім часам не чытаю

Хоць паводле адукацыі я германіст і ў родзе, нібыта, былі немцы, раманы апошнім часам не чытаю. Час цяпер усё больш электронны, схільны да сьціслых формаў, я сам цягам усяго жыцьця займаюся гульнявымі відамі спорту, а там запатрабаваныя не эпічнасьць, а мінімальнасьць, рэзкая сіла; найбольш эфэкту за найменшы абсяг часу. Хіба што ў шахматах інакш, ну ды там эканомнасьць сродкаў і празрыстасьць не апошняя справа. Як аўтар сам апошнім часам вельмі руплюся пра ляпідарнасьць, найаптымальныя суадносіны ўжытых адзінак мовы і раскрытых імі сэнсаў. Таму перачытваньне раманаў… пакуль пакідаю на потым.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Як казаў, раманы няма хаценьня чытаць. Але, неяк даўнавата ўжо, зь цікаўнасьці прабег вачыма два раманы Людмілы Рублеўскай у адным томе. Паколькі прачытаньне было першасным, дзеля ўявы, то называць канкрэтна ня буду. Аўтарцы крыўдзіцца не выпадае — у яе ж нямала раманаў. Дык вось, адзін не спадабаўся — выразна «адраджэнская», мэтавая літаратура. Другі зачапіў. Жывы тэкст.

Ужо гадоў пяць як мае прыглядкі да мэтаду Алеся Разанава перарасьлі ў нешта большае. Асаблівым адкрыцьцём стала кніга «Wortdichte», якую раскапаў на кніжных паліцах Міжнароднага Дома аўтарак і аўтараў у Грацы. Пераканаўчая праца са словамі не сваёй нават мовы! Сапраўдная квінтэсэнцыя паэзіі, без зануднага, у няўмелых руках, рыфмавага бу-бубубу, бу-бубу, бу-бубубу, бу-бу.

Вось жа эпічная, хоць і невялікая рэч!

З год таму глядзеў на радзіме спачылага нядаўна народнага майстра з Пружаншчыны Тарасюка п’есу Міколы Пракаповіча «Прытулак памяці». Тады ўспрыманьне было толькі таго, што слынны літаратар, як кажуць у спорце, вярнуўся на поле. Цяпер перачытаў падрыхтаваны для публікацыі тэкст — вось жа эпічная, хоць і невялікая рэч! Напісана зь веданьнем і душою, на грунце жыцьця некалькіх пакаленьняў палешукоў.

Запомніўся прыезд Насты Кудасавай у Берасьце. На сустрэчу прыйшло зь дзясятак чалавек — розгаласу мала, ды й слой аматараў паэзіі, трэба прызнаць, канчэльна вытанчыўся. Уразіла, як блага чытае аўтарка свае вершы. Канцоўку ўвогуле не чуваць! А ў ёй, як правіла, уся соль верша, акцэнт. Ёю завяршаецца твор, — калі ён ёсьць. Пераадолеў раздражненьне. Вершы на слых увогуле цяжка ўспрымаюцца, дый аўтар толькі піша, патрабаваць ад яго, каб быў яшчэ і артыстам размоўнага жанру, гэта мабыць занадта. Прыслухаўся, потым учытаўся — вельмі добрыя вершы, вытканыя пачуцьцёва з паветра, з гукаў-нотаў. І сапраўды, «Маё невымаўля» потым было прызнанае Кнігай году.

Ёсьць у нас аўтары, якія могуць «стрэліць у дзясятку» адным геніяльным вершам

Каб «давяршыць гештальт» у гэтым месцы, скажу дзьве рэчы. Па-першае, задумваюся, а што больш высока разьвітае ў лепш знаёмых мне за Кудасаву Ўладзімераў — Някляева ды Арлова: талент да прамоўленага слова ці змога ствараць літаратурныя цуды? Па-другое, усё больш упэўніваюся, што ёсьць у нас аўтары, якія могуць «стрэліць у дзясятку» адным геніяльным вершам. Як футбалісты — адны забіваюць бясконцыя галы, як японскія аўтаматы, а іншыя разава твораць такое, што запомніш назаўсёды. Нядаўна перабіраў у адным завальчыку кнігі і выпадкова знайшоў верш Ірыны Хадарэнка. У ім, як у кроплі вады, увесь акіян нашых беларускіх вэрсыфікатараў.

Бачыце, плаўна перайшоў да крытыкі. З задавальненьнем чытаю, бо робіцца прафэсійна, рэцэнзіі Леаніда Галубовіча і Ціхана Чарнякевіча. У захапленьні ад чыну, інакш ня скажаш, Усевалада Сьцебуракі, які з год таму напісаў сумленную рэцэнзію на замову. Хто цікавіцца, той ведае, пра што я. Але ня тое, што ў нас не стае такіх крытыкаў, зь якімі хочацца павітацца за руку, што б ён пра цябе ні напісаў. Ёсьць, бадай што, і гэта — камплімэнтарная крытыка заядае, адварочвае ад літаратуры чытачоў. Ды больш сыстэмных ведаў. Пераклаў і хачу давесьці да публікацыі некалькі фрагмэнтаў згаданай ужо кнігі Райх-Раніцкага. Апісвае ён, як паставіў справу літаратурнай крытыкі ў паваеннай разьбітай дазваньня фашыстоўскім рэжымам і вайною Нямеччыне. Апасьля можна было б больш прадметна казаць.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Зачапіў зь сеціва пласт, не разабраўся яшчэ дакладна чаго, аўтарства

эмігранта Ігара Губэрмана. Адна з кніг называецца, як і скразная паэтычная форма аўтара, «Гарики». Дык з гарыкамі гэтымі як з эротыкай і парнаграфіяй. Тонкая мяжа. Але часам ну вельмі сьмешныя. Пра паэтыку нават мовы няма, бо эстэтызаваць безаблічнае немагчыма, і гэта толькі сродак гумару. Але стыль мае прыкметы клясыкі, бо трапляе ў сарцавіну зьявы і вызначае без аніякіх рэвэрансаў, акі сьляпая Фэміда. Тое, чаго нам не стае. Паспрабаваў перакладаць на беларускую мову. Цяпер думаю, даводзіць да публікацыі ці не. Бо, а хто захоча выдаць.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Маці пераказвала мне, у апошнія гады жыцьця, некаторыя пакручастыя і вірлівыя гісторыі людзей ваколіцы. Потым аформіў іх як апавяданьні або перастварыў. Над некаторымі сьляза працінала. Каяцца ў эгаізьме ня буду. Гэта неад’емная рыса літаратара, асабліва калі ён аўтар, не перакладчык. Я чым больш пішу, тым менш чытаю іншых. Градус душы разьвернуты ў бок свайго. Засяроджанасьць.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Фільтры прыбралі, і паехалі

Цяпер пэрытаніт разьліўся графаманскай літаратуры. Фільтры прыбралі, і паехалі. Пісаць і выдаваць, выдаваць і пісаць, пісаць-выдаваць. «Жизьнь, отданная солдатам». Гэта што, мэмуары маркітанткі? Ды не, юбілейная кніга на замову. Любімаму камандзіру. Добрыя грошы туды аддалі, ведама мне стала як журналісту. Або «Войти в каждый дом». Гэта інструкцыя для дамушніка? Карацей, цяпер кнігі, бывае, злуюць ужо назовам. У назове ўжо памылка. Здараецца такое і са спанатранымі, здавалася б, аўтарамі. Чалавек слабы. Тыцкаць пальцам, мабыць, ня буду. І так шыла ў мяшку не схаваеш. А і сам у такой сытуацыі апынуцца магу. Хоць маю за правіла, каб у маёй кнігі абавязкова быў рэдактар.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Фактычна, не чытаю дэтэктывы. Начытаўся ў больш маладым узросьце, асабліва калі вучыў замежныя мовы. Добры сродак. Займальны. Адхіляе ад таго, што навука граніт, як гарчычнік адхіляе ад болю. А цяпер гляджу па спадарожніку. Там прымітыву менш. На нашых каналах сьметніца нейкая, не кажу пра ru. Тое самае што да фантастыкі ды містыкі. Рэальнае жыцьцё вельмі ўсур’ёз займае і перакрэсьліла канкурэнцыю. А можа, замацярэў (не ад слова «маці»)? Ці закабанеў (ад слова «каб»)? Драматургію не чытаю, бо яна ж ня мне адрасаваная, а рэжысэру ды акторам, дзеля ўвасабленьня. Прамежкавая такая, службовая ad hoc форма. Але давялося асьвяжаць пераклад дзьвюх камэдый Дурэнмата, то хоцькі-няхоцькі. І згаданая ўжо п’еса Пракаповіча.

Яўген Бяласін і вулічны гандаль кнігамі ў Берасьці

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Папера лепш. Але місіянэрская поза ні пры чым. Вочы баляць ад электронікі. Мозг кажа пра магчыма, уяўнае, а магчыма, і не, спрамяненьне. Кніг пачатых бывае зь дзясятак. Але праз год, як правіла, яны ўсё. А некаторыя, калі складзецца, глытаю за якіх пару гадзін. Ніколі не чытаю раніцой. Я сава.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

У мяне некалькі тысяч кніг. Аснова стаіць упарадкавана, даўно і трывала. Новыя паступленьні могуць валяцца там-сям хаатычна і могуць качаваць па маім кабінэце. Але знаходжу патрэбную амаль адразу, іншым разам сам сабе зьдзіўляюся, якім шостым пачуцьцем.

Кнігі ўпарадкаваныя паводле моў. Асобна стаіць літаратура non fiction, асобна навуковыя выданьні.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Маю нямецкія кнігі, аддрукаваныя гатычным яшчэ шрыфтам

Маю нямецкія кнігі, аддрукаваныя гатычным яшчэ шрыфтам. Ім 100–150 гадоў. Некаторыя беларускія факсымільныя выданьні ёсьць рарытэтамі. Цікавая падборка мікракніжыц, як беларускіх, так і білінгваў або нямецкага паходжаньня. Зьдзівіла б сэрыя альбомаў жывапісу «Welt der Kunst» («Сьвет мастацтва»), якую пачаў зьбіраць яшчэ студэнтам Менскага «Ін’яза». Нядаўна з прыемнасьцю прырос двума ў Львове. Амаль за так! Але нешта не знаходжу. Напэўна, сапраўды зьдзівілі каго. Дык чытаюць. Вось жа добра ім.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Папрасілі, каб пабыў два дні ў Берасьці ў якасьці гіда для родзіча з Канады. Той толькі па-англійску мог. Як падзяку атрымаў «Айчыну» Арлова з малюнкамі Татарнікава. Узорна выдадзеная кніга. Самому ўзяць у рукі прыемна, і камусьці даць пачытаць ня сорамна.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Джонатан (Рычард Бах, «Чайка па імені Джонатан Лівінгстан»); антыгероя\антыгераіню любіць не магу — маю ненавідзець, хіба (смайлік).

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Запойна. Што характэрна, праграмныя дык не запалі, збольшага. Заняпалі. Што так ці інакш запала? Казкі беларускія, расейскія і народаў, так сказаць, СССР. Але і «Калевала» (чытаў па-расейску, вядома). Сэрыя Фэнімора Купэра пра Сьледапыта, «Палескія Рабінзоны», «Сын вады», «Амок» Янкі Маўра, «Вершнік без галавы» Майн Рыда, Джэк Лондан, «Белы Клык» і іншыя апавяданьні, «Аэліта», «Гіпэрбалёід інжынэра Гарына» Аляксея Талстога, «Чалавек-амфібія» Аляксандра Бяляева, «На краі Айкумэны», «Зорныя караблі», «Лязо брытвы» Івана Яфрэмава, «Вайна сьветаў» Гербэрта Ўэлса, «Крыжакі» Сянкевіча і нават «Тысяча і адна ноч», калі закончыць, з чаго і пачаў, казкамі; зрэшты, выбар у Поразаўскай пасялковай бібліятэцы, куды нарэшце пачаў вывозіць мяне бацька, бо школьнай было замала, быў таксама невялікі.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Калі прэзыдэнта трэба змушаць чытаць кнігі, то гэта падпарогава

Лёгіка мне падказвае, што калі прэзыдэнта трэба змушаць чытаць кнігі, то гэта падпарогава. Тэрмінам сваёй галіны калі вызначыць, то аксюмароніста. Трэба, каб людзі самі ўмелі браць на сябе адказнасьць. Бо чым больш ўлады, тым больш адказнасьці. А ў нас неяк адваротная прапорцыя адсочваецца. Хачу, каб у нас на нейкім прамежкавым фінішы нашага, кажучы Максімавым штылем, «супольнага шляху да зор», пачалі зьяўляцца прэзыдэнты, якіх можна было б запрасіць у так звыклую на нямецкім тэлебачаньні літаратурную кавярню і пагаманіць там зь імі «за літаратуру» і «за кніжкі», у тым ліку і прачытаныя імі нядаўнечка. Бо калі на хакей-тэніс ёсьць і гадзіна і дзьве і паўдня, а і нават інструкцыя амаль гатовая, як беларускаму пісьменьніку напісаць «Вайну і мір», седзячы галоднаму і халоднаму, то павінен быў знайсьціся і час на кнігі.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

1.Франсуа Віён. 2. Лявон Баршчэўскі. 3. Дзеля дыялёгу: Андра Шварц і Алесь Разанаў.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Занадта сьціплы, у гэтым пункце. Хіба, чырванею? Гляджу ў люстэрка. Ды не. Нікога? А зрэшты, маю верш, адзін з «Трыпціху», запісанага, адназоўная відэома, як «Тры-птах»:

«Не хачу быць дацэнтам, // а хачу быць сабою. // Дум сваіх быць цэмэнтам, // неслабой галавою. // Я ачэрчаны кругам // і працую ў ім. // Лік жа весьці заслугам // пакідаю другім.»

То бок нехта напіша, не пераймаюся, хто. Былі б справы.

Што вы перачытваеце?

Віктар Жыбуль, «Стапеліі». Сяргей Амяльчук. «Зямля, якую бяруць з сабой». Калі йдзецца пра настольную кнігу, то трактат «Да вечнага міру» Імануэля Канта.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Кант. «Назіраньні адчуваньня прыгожага і велічнага» (другое, грунтоўнае прачытаньне і пераклад). Настасься Нарэйка, «Магдэбурскае права маёй душы» (другое прачытаньне). Кніга-жар-птушка Х.