У Францыі забаранілі карыстацца смартфонамі ў школах

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

У Францыі на заканадаўчым узроўні зацьвердзілі, што вучні ва ўзросьце да 15 гадоў павінны пакідаць свае мабільныя тэлефоны дома, або, прынамсі, павінны выключаць іх на працягу навучальнага дня, паведамляе The Verge.

Разам з тым, францускія школы будуць мець магчымасьць самі вырашаць, ці ўводзіць забарону ў сваіх клясах.

Да гаджэтаў, якія трапілі пад забарону, адносяць смартфоны, пляншэты, кампутары і іншых падлучаныя да інтэрнэту прылады. Выключэньні зробленыя для студэнтаў з абмежаванымі магчымасьцямі і ў выпадку выкарыстаньня прыладаў у клясе ў адукацыйных мэтах, таксама як і пазакляснай дзейнасьці.

Увядзеньне гэтай меры было адным з перадвыбарчых абяцаньняў прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона.

Гэта ня першы раз, калі Францыя спрабуе абмежаваць выкарыстаньне мабільных тэлефонаў. У 2010 годзе выкарыстаньне смартфонаў было забаронена «на працягу ўсёй пэдагагічнай дзейнасьці», паводле справаздачы ад CNN. На думку чыноўнікаў, дзеці не павінны марнаваць шмат часу на электронныя гаджэты.

У пачатку 2018 году, заканадаўцы забаранілі кіроўцам аўто пісаць і дасылаць тэкставыя паведамленьні падчас знаходжаньня ў аўтамабілі, нават калі ён стаіць на ўзбочыне дарогі.