Лідзкая абутковая фабрыка 1 жніўня адмовілася пастаўляць кеды для менскага брэнду LSTR Adzieńnie, сказаў Свабодзе дырэктар кампаніі Ільля Аксёнаў.
«Мне патэлефанаваў дырэктар Лідзкай фабрыкі і сказаў, што яны спыняюць з намі супрацу», — сказаў Аксёнаў.
Спойлер: ад 6 жніўня дырэктар Лідзкай абутковай фабрыкі Ўладзімер Чыжык будзе ў адпачынку. Кіраўнік LSTR Adzieńnie будзе спрабаваць дамовіцца пра выраб і пастаўку кедаў з намесьнікам дырэктара фабрыкі.
Што адбылося?
Сёлета ў траўні LSTR Adzieńnie сумесна зь Лідзкай абутковай фабрыкай выпусьцілі кеды з выявай герба Калюмны. Клясычную мадэль кедаў ЛМ-17 выпускаюць на фабрыцы больш за 30 гадоў. 40 параў абутку ў краме LSTR прадалі за дзень, і брэнд зрабіў буйнейшую замову.
Пазыцыя LSTR. Паводле Аксёнава, замову з 600 параў кедаў падзялілі на дзьве партыі. Першую лідзкая фабрыка мусіла паставіць праз 3 тыдні пасьля замовы, а паставіла ў канцы ліпеня. У гэты час прадстаўнікі фабрыкі не адказвалі на званкі. Ня выканала фабрыка і наклад першай пастаўкі — замест 300 параў адгрузілі толькі 160. Аплата адбывалася па факце пастаўкі.
Пазыцыя фабрыкі. Апэратыўна зьвязацца з прадстаўнікамі фабрыкі не атрымалася. У інтэрвію «Эўрарадыё» Чырык сказаў, што LSTR замаўляе дробныя партыі, ня хоча браць «вялікі аб’ём» і патрабуе «свайго тэрміну».
«Ніхто нам пра памеры партыяў не казаў. Калі б ён сказаў, што яго не задавальняе, сказаў бы 2 тысячы. Сказалі, ну ок», — камэнтуе словы Чырыка Аксёнаў.
Продажы былі, дык чаму спынілі супрацу?
Атрымаўшы зьменшаную партыю, брэнд ня змог задаволіць попыт на лідзкія кеды, ня ўсе кліенты змаглі забраць 31 ліпеня сваю перадзамову.
— Sergey Podlozny (@barmidrol) 31 июля 2018 г.
На наступны дзень, 1 жніўня, LSTR паабяцаў пакупнікам, якія не змаглі набыць кеды, зьніжку 25% на наступнае наведваньне крамы і распавёў пра невыкананьне фабрыкай папярэдніх дамоўленасьцяў.
«На лідзкую фабрыку сталі тэлефанаваць, журналісты сталі раскручваць, у выніку дырэктар пакрыўдзіўся і сказаў, што так справы ня робяцца», — кажа Аксёнаў.
Кіраўнік LSTR Adzieńnie кажа, што будзе спрабаваць дамовіцца пра выраб і пастаўку абутку з намесьнікам дырэктара лідзкай фабрыкі пасьля 6 жніўня, калі дырэктар пойдзе ў адпачынак.